Чыноўнікі апраўдваюць спаленьне вёскі

Для журналістаў дзяржаўных СМІ быў арганізаваны адмысловы брыфінг, і зь вечара 6 сьнежня ў афіцыйных мэдыях пачалі зьяўляцца выказваньні віцебскіх чыноўнікаў наконт спаленай вёскі Паўлавічы на ўскраіне Віцебску.
Маўляў, усё рабілася паводле закону, а зьвесткі пра гвалт над мясцовымі жыхарамі ў Інтэрнэце — паклёпніцкія.

Старшыня Віцебскага гарвыканкаму Віктар Нікалайкін абвясціў апошніх жыхароў вёскі Паўлавічы сквотэрамі — інакш кажучы, самасёламі, якія без дазволу захапілі пабудовы ў сваё ўладаньне. Ён падкрэсьліў, што ў 1992 годзе было прынята рашэньне пра знос Паўлавічаў, і высяленьне тых, хто застаўся ў дзевяці дагэтуль ня зьнесеных хатах, праводзілася ў адпаведнасьці з рашэньнем Віцебскага аблвыканкаму 20-гадовай даўніны.

Праваабаронцы лічаць гэтыя тлумачэньні звычайным маніпуляваньнем грамадзкай думкай. Бо нават калі абвясьціць апошніх жыхароў Паўлавіч «самасёламі», то высяленьне павінна было праходзіць у адпаведнасьці з арт. 41 Жыльлёвага кодэксу. Гэта значыць, пасьля суду і з вызначэньнем тэрміну для добраахвотнага выкананьня судовага рашэньня — а гэта ня тыя 2 дні, якія далі людзям на зборы. Кіраваць высяленьнем павінны былі судовыя выканаўцы, а не прадстаўнікі Першамайскай раённай адміністрацыі. Такім чынам, парушэньні заканадаўства чыноўнікамі даюць падставу для звароту ў суд і ў пракуратуру.

Старшыня гарвыканкаму аніяк не патлумачыў, чаму ў вёсцы, якая фармальна не існуе, не была адключаная электраэнэргія, за якую, як і за газ, людзі спраўна плацілі. «Праз дабрыню „Віцебскэнэрга“ жорсткіх мер не прымалася», — так акрэсьліў сытуацыю Віктар Нікалайкін. На думку праваабаронцаў, «дабрыня» ў такім разуменьні кваліфікуецца як «халатнасьць», і тады гарвыканкам мусіць ініцыяваць праверкі дзейнасьці асобных службаў ды пакараць вінаватых.

На сайце Віцебскага гарвыканкаму таксама зьявілася тлумачэньне сытуацыі са спаленай вёскай. Але відавочнае скажэньне фактаў спараджае недавер да афіцыйных аргумэнтаў. Прыкладам, сьцьвярджаецца, што Паўлавічы ўвайшлі ў гарадзкія межы ў 2011 годзе. Хоць адбылося гэта, у адпаведнасьці з Указам № 382, яшчэ ў 2004 годзе. Насельнікі Паўлавічаў абвяргаюць і тое, што ў вёсцы заставалася 9 «струхлелых і непрывабных хацін».

«Хіба так можна сказаць пра зруйнаваны цагляны двухпавярховы дом? Або дом, пабудаваны з газасылікатных блёкаў? Дый драўляныя хаты ўсе былі дагледжаныя. Апрача хіба адной, дзе сапраўды не было электрычнасьці, бо чалавек за яе не плаціў. І зусім несправядліва казаць, што мы „захапілі“ гэтыя дамы: наадварот, мы ўвесь час перапытвалі, ці ня будзе зносу, і спрабавалі афіцыйна аформіць свае ўладаньні. Але нам не казалі ні „так“, ні „не“, і мы не выключалі, што хаты ўсё ж зьнясуць.Толькі ж ніхто ня думаў, што такім чынам: 1 сьнежня пра гэта скажуць, а 3-га прыгоняць экскаватары і пачнуць паліць зруйнаваныя дамы», — кажа Алена Каравіна.

Знос былой вёскі Паўлавічы перад прыездам Лукашэнкі



Паводле суразмоўцы, жыхары спаленых Паўлавіч рыхтуюць сама меней 3 звароты ў суд. Наконт таго, што кампэнсацыі за гаспадарчыя пабудовы і зьнесеныя сады не былі налічаныя ні ў 1992 годзе, ні зараз — як ні патрабавалі людзі, вопісу і ацэнкі зьнішчанай маёмасьці ніхто не зрабіў. Таксама — супраць чыноўнікаў, якія ня выканалі нормы жыльлёвага заканадаўства, з патрабаваньнем кампэнсацыі за страчаную маёмасьць — бо зруйнаваныя дамы людзі не пасьпелі вывезьці нават на дровы. А таксама кампэнсацыі маральных пакутаў і шкоды здароўю: падчас прымусовага высяленьня старым людзям рабілася кепска, і ў вёску двойчы выклікалі хуткую дапамогу.

Верагодна, будзе скарга і на парушэньне прыродаахоўнага заканадаўства, таму што была нанесена шкода прыроднаму асяродзьдзю.Некалькі сутак запар у Паўлавічах і вакол вёскі гарэлі вогнішчы, а апошнія рэшткі дамоў увогуле сьпіхнулі ў бліжэйшую сажалку.


View Larger Map