Дзёньнік пісьменьніка: кніжкі сярод ксёнжак

1.

Апынуўшыся ў Варшаве, праглядаеш доўгі сьпіс культурных падзеяў. Любімы калісьці Lady Pank выступае ў «салі кангрэсовай» — гэта ў сталінскім Палацы культуры. Зьм. Вайцюшкевіч тым часам — у маладзёвым клюбе «Склад бутэлек», гэта за Віслай, на Празе.

У каралеўскім замку — прэзэнтацыя Беларускага гістарычнага таварыства: у рамках ХХІ кірмашу гістарычных кніг. Што ж, на гэтым і спынімся.

Кірмаш — быццам вялізная труба зь людзкім вульлем. Даўжэзны хол-калідор з высокай скляпеністай стольлю. Абапал дзясяткі выдавецтваў прапануюць свой тавар. Адчуваеш сябе амаль як на чыгуначным вакзале. Як рухацца скрозь такую гамэрню?! Збочваеш налева і — нечакана — Павал Мажэйка пры стэндзе «Гарадзенскай бібліятэкі». Далей выданьні часопісу Arche і цяперашні рэдактар Алесь Пашкевіч. За чатырма сталамі прадстаўляюцца дзесяць недзяржаўных выдавецтваў зь Беларусі! «Першы салён беларускай кнігі» ў рамках польскага кірмашу. Кніжкі сярод мора ксёнжак.

2.

У залі за сьцяною — беларуская сустрэча. Гутарка шырэйшая, зусім не пра БГТ. Алег Латышонак, яго прадстаўнік, апавядае, адкуль пайшла назва Беларусь. Слухаць яго заўсёды цікава, ніякай «вады». Абвестка: ахвотныя могуць карыстацца навушнікамі, у залі ажыцьцяўляецца пераклад на польскую і на беларускую мовы.

Па якіх сьцежках пайшла гістарычная проза Караткевіча? Хто працуе паводле ягоных лякалаў, а хто шукае сваёй дзялкі? Пра гэта — дасьледчыца літаратуры Натальля Русецкая, якая выкладае ў Інстытуце славянскай філялёгіі Люблінскага унівэрсытэту. Яна заканчвае зьвесткамі аб нядаўняй публікацыі польскага перакладу рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», які зрабіла Малгажата Бухалік.

3.

Колькі і чаго друкуецца ў Польшчы? Слухаеш быццам усходнюю казку зь перасычаным зьместам. Выдавецкі рынак суседзяў для нас якісьці Эвэрэст, недасягальная вяршыня. Летась выйшла 31500 кніг. Большая частка — 25000 трапілі ў кнігарні. (Калісьці ў ПНР самай лепшай была лічба 10000 назваў за год). Аднак самая вялікая сетка кнігарняў Empik, якая існуе ў Польшчы, сёньня «бароніцца» ад кніг. Няцяжка ўявіць чаму: ці магчыма разьмясьціць у адной кнігарні 25000 тытулаў?

Што датычыць астатніх леташніх выданьняў, якіх 6500, гэта паэзія, прыватныя ўспаміны, аўтары раздаюць іх сябрам і знаёмым, не разьлічваючы, што змогуць прадаць. У Польшчы ёсьць тыя, хто зарабляе на кнігах, і хто на іх траціць, кажуць выдаўцы.

А што робіцца цяпер на беларускай выдавецкай кухні? Аб «цернях» гаварыў Віктар Хурсік: нават пра «вялікую айчынную» небясьпечна друкаваць, калі разыходзяцца зьмест і ацэнкі з «генэральнай лініяй»... За тры гады лічба выдадзеных у Беларусі кніг зьменшылася на дзьве тысячы — да адзінаццаці тысяч летась. Але арытмэтыка прыблізная: вядома, што мноства літаратуры друкуецца для расейскага рынку, і колькасьць уласна беларускіх кніг займае ў агульнай лічбе менш за дзесяць адсоткаў. Тым часам як польская кніга разьлічаная пераважна на ўнутраны рынак: з 38 мільёнаў жыхароў чытаюць, па розных зьвестках, ад трыццаці да сарака адсоткаў. «Белкніга» мае 103 кнігарні, у сталіцы 17, а ў 1993-м было 47! Усяго па Беларусі колькасьць кнігарняў скарацілася ў шэсьць (!) разоў. У маёй Горадні на прамэнаднай вуліцы былі раней тры кнігарні, засталася адна. Даўжыня вуліцы паўкілямэтру. У Варшаве на пяцьсот мэтраў, дзе вуліца Кракаўскае прадмесьце пераходзіць у Новы сьвет, іх сёньня шэсьць ці сем.

5.

Кніжны кірмаш у каралеўскім замку — гэта тысячы тамоў. Уражаньне: палякі надрукавалі мноства кніг па кожнай больш-менш значнай падзеі ў сваёй гісторыі, і ня толькі сваёй. Перагледзець усё немагчыма.

Распродаж. Што ўзяць? Таміну пра 17 верасьня 1939? Успаміны дачкі пакаранага сьмерцю ўдзельніка замаху на Гітлера? Анэкдоты часоў сярэднявечча з усяе Эўропы? Вазьму лепей перакладную біяграфію жонкі Джойса Норы. Цагліна ўсяго за дзесяць злотых: усё аб тым, як сам пісьменьнік працаваў над сваім вялізным нечытабэльным раманам.

Галоўны рэдактар Arche Алесь Пашкевіч


Эльжбета Смулкова на сустрэчы, прысьвечанай беларускаму кнігадруку


Перакладчык Чэслаў Сэнюх