Алеся Пушкіна таемна пасадзілі на 12 сутак

Алесь Пушкін наведаў Вярхоўны суд з партрэтам Расьціслава Лапіцкага, 4 сьнежня

Судзьдзя Ленінскага раёну Менску Марына Запасьнік пастанавіла зьняволіць мастака Алеся Пушкіна на 12 сутак за несанкцыянаваную вулічную акцыю.
Напярэдадні Алесь Пушкін правёў мастацкі пэрформанс, з партрэтам змагара антысавецкага супраціву Расьціслава Лапіцкага ён прайшоў у Вярхоўны суд.

Каля 13.00 5-га сьнежня Алесь Пушкін паведаміў «Свабодзе», што ён затрыманы і знаходзіцца ў РУУС Ленінскага раёну Менску. На гэтым сувязь зь ім абарвалася, тэлефон адключыўся, і больш пра мастака нічога было не вядома. У міліцыі Ленінскага раёну ўвесь дзень пасьля гэтага адказвалі, што такога затрыманага ў іх не было. Тое ж казалі ў судзе Ленінскага раёну і ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. І толькі ранкам наступнага дня ў турме на вуліцы Акрэсьціна дзяжурны паведаміў, што Алесь Пушкін знаходзіцца ў іх:

«Так, у нас ён утрымліваецца. Яго судзіў Ленінскі суд за адміністрацыйнае правапарушэньне. Вы да нас можаце прыехаць і прывезьці яму перадачу: цёплае адзеньне, цыгарэты і запалкі. Прадукты харчаваньня мы не бяром. Наш адрас — завулак Акрэсьціна, 36».

За што менавіта пакараны Алесь Пушкін, таксама застаецца невядомым: сакратар судзьдзі Марыны Запасьнік паведаміць хоць што адмовілася, у канцылярыі адміністрацыйных спраў суду Ленінскага раёну назвалі толькі нумар артыкула — 23.34, аб парадку правядзеньні вулічнай акцыі — паводле якога складзеная адміністрацыйная справа:

«Мы вось толькі распачынаем ягоную справу. Нам чытаць няма часу — мы тут працай перагружаныя».

4 лістапада Алесь Пушкін правёў мастацкі пэрформанс, а менавіта — з партрэтам змагара антысавецкага супраціву Расьціслава Лапіцкага наведаў Вярхоўны суд. Мастак падаў заяву на абскарджаньне рашэньня суду Смаргонскага раёну, паводле рашэньня якога адбываў 10-суткавы адміністрацыйны арышт за тое, што ў верасьні гэтага году прайшоў з партрэтам Расьціслава Лапіцкага па вуліцах Смаргоні. Верагодна, паход у Вярхоўны суд і стаўся падставай для пакараньня. Аднак жонка Алеся Пушкіна, Яніна, таксама ня мае падрабязнасьцяў і даведалася пра лёс Алеся зь незалежных СМІ:

«У Менску Алесь рэстаўрыруе школу Ахрэмчыка, сёньня мусіў быць апошні дзень. А што зь ім — паглядзела ў навінах, што пра яго пішуць. Алесь жа ня мітынг праводзіў, ён жа быў адзін, але, бачыце, і аднаго „павязалі“. Мы ж ведаем, якая гэта ўлада — яна непрабівальная і цынічная. А такія людзі, як Алесь, — пакутнікі, яны павінны быць. Яны, як лякмусавая папера, правяраюць моц гэтай улады на сваіх плячах. Ідэйна я, вядома, ва ўсім зь ім згодная, я яго падтрымліваю. Але перажываць усё гэта штодня, вядома ж, ня проста».

Алесь і Яніна Пушкіны, архіўнае фота



Юрыдычныя і маральныя аспэкты зьняволеньня Алеся Пушкіна праваабаронца цэнтру «Вясна» Тацяна Равяка пракамэнтавала гэтак:

Тацяна Равяка

«Згодна з законам аб масавых сходах нават адзін чалавек, калі праводзіць нейкую публічную акцыю — у гэтым выпадку, што Алесь нёс у руках партрэт Лапіцкага, — было расцэнена як масавае мерапрыемства. Іншая справа, што ў адміністрацыйна затрыманага ёсьць права паведаміць пра сваё месцазнаходжаньне. І тое, што адбылося з Алесем — вось гэтае таямнічае затрыманьне, адмова паведамляць пра яго якую-колечы інфармацыю — гэта наша рэчаіснасьць. На жаль, вось гэтае забесьпячэньне правоў затрыманых у нас толькі на паперы».

Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна Алесь Пушкін зможа пакінуць толькі 17 сьнежня.