Вёска Паўлавічы дагарае

Your browser doesn’t support HTML5

<br /> <a href="http://www.svaboda.org/media/photogallery/24790335.html">Фотагалерэя вялікім памерам</a>

Вёска Паўлавічы, якая трапіла ў межы Віцебску, дзе два дні таму з ініцыятывы мясцовых уладаў пачалі зносіць дамы, уся ахутана дымам. Вяскоўцам загадалі ў два дні вывезьці ўсе рэчы, і цяпер тут не засталося ніводнай цэлай хаты. Бярвеньне і дошкі, якія патрушчыў бульдозэр, закопваюць або паляць.

Дым ад спаленых хат у вёсцы Паўлавічы добра відаць зь менскай трасы, па якой у Віцебск можа прыехаць Аляксандар Лукашэнка. Менавіта з падрыхтоўкай да ягонага візыту вяскоўцы зьвязваюць тое, што іхныя дамы адправілі тэрмінова на знос, папярэдзіўшы пра гэта ўсяго за два дні.

Людзям дагэтуль не паказалі аніякіх папер наконт зносу іхных хат, кажа мясцовая жыхарка:

Знос былой вёскі Паўлавічы перад прыездам Лукашэнкі



«Дамы ўсе „сьпіхнулі“, учора адзін спалілі дом. Яны ж дамы не вывозяць — яны іх паляць! Кусты паляць. Быў вялікі цагляны дом — і яго зруйнавалі. Тут у нас яшчэ козы засталіся. У развалінах — козы! Начальства ж нам ні дакумэнтаў, нічога не паказвала! Я пыталася, ці гарантуеце вы нейкую кампэнсацыю за пладовыя дрэвы, за гаспадарчыя пабудовы? Мне сказалі, што нічога не гарантуюць. А нам жа ніякіх актаў не выдавалі, ні вопісаў — нічога!»

Прадстаўнікі Першамайскай раённай адміністрацыі з жыхарамі Паўлавічаў кантактуюць мала. Здалёк назіраюць, як вяскоўцы спрабуюць уратаваць нейкую маёмасьць — грузяць на машыны мэталалом або рэшткі зруйнаваных дамоў на дровы.

Паводле кіраўніка раённага аддзелу камунальнай гаспадаркі Сяргея Барадзіна, замест вёскі павінна быць голая плешка. А потым — дакладны час не называецца — тут пабудуюць гарбарны камбінат.
Жыхары атрымалі кватэры за свае дамы, але кампэнсацыі за сады і гаспадарчыя пабудовы ніхто не даваў

Чыноўнікі папярэдзілі вяскоўцаў пра знос 1 сьнежня, і ўжо 3-га пачалося руйнаваньне. На месца падзеяў прыяжджалі абласны пракурор і прадстаўнікі гарвыканкаму. Усе чыноўнікі кажуць, што выконваюць рашэньне аблвыканкаму ад 1992 году. Тады на месцы Паўлавічаў рашылі будаваць ЦЭЦ і зьнесьлі частку вёскі. Жыхары атрымалі кватэры за свае дамы, але кампэнсацыі за сады і гаспадарчыя пабудовы ніхто не даваў, апавяла ўнучка аднаго з апошніх тутэйшых насельнікаў:

«20 гадоў прайшло! Ну, няхай, няхай на падставе рашэньня 1992 году, але дзеду далі толькі аднапакаёвую кватэру. І ніякай кампэнсацыі за гаражы, за садовыя дрэвы не было. Колькі ён заяваў ні пісаў!»

І зусім ужо незразумела, на якой падставе ў вёсцы, якая пайшла пад знос, пачалі былі зноў раздаваць зямлю, працягвае дзяўчына:
Нейкім чынам у 1994 годзе тут зноў пачалі раздаваць участкі


«Нейкім чынам у 1994 годзе тут зноў пачалі раздаваць участкі. Ёсьць дакумэнт, завераны Ноўкінскім сельсаветам, на 10 сотак. Цяпер кажуць, што ён несапраўдны. Як несапраўдны? Я ж не сама гэта прыдумала?»

Паводле чыноўнікаў раённай адміністрацыі, у Паўлавічах няма жыхароў, хаты стаялі пустыя, і цяпер іх нарэшце зносяць. Гэта абурае вяскоўцаў больш за ўсё:

«Плацілі за сьвятло, за газ. Тут жа нумары ў кожнага для газавай службы, бо газ прывозілі. Міліцыю выклікалі — яна ведала гэтую вёску, хуткая дапамога ведала. Як выбары — таксама прыходзілі, папярэджвалі: у нас жа выбары, не забудзьцеся прыйсьці прагаласаваць».

За каго галасавалі, ужо амаль ніхто ня памятае. Але і тых, хто быў абраны дэпутатам, у гэтай вёсцы таксама ня бачылі. Ні калі чакалі зносу, ні калі прасілі, каб аформіць афіцыйна іхныя домаўладаньні, раз столькі гадоў ня зносяць. Ні цяпер, калі на месцы хат уначы палыхаюць вогнішчы, а ўдзень тлеюць папялішчы.