У Курапатах скрадзены крыж у памяць афіцэраў польскага войска, загінулых на тэрыторыі Беларусі. Ён быў усталяваны 29 лістапада актывістамі беларускай філіі міжнароднага таварыства «Мэмарыял» супольна зь сябрамі ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў». Акт вандалізму яны называюць мэтанакіраванай маральна-палітычнай акцыяй.
Старшыня беларускай філіі міжнароднага таварыства «Мэмарыял» Уладзімер Раманоўскі кажа, што яшчэ ў суботу, 1 сьнежня, крыж быў на месцы. А ўжо ў нядзелю ўвечары знаёмыя пабачылі і паведамілі, што крыжа няма.
Уладзімер Раманоўскі: «На пачатку дванаццатай ночы мне патэлефанавалі з РУУС і прапанавалі сюды ехаць, але вырашылі зрабіць гэта ранкам. Я прыехаў сюды ў 10:00, ізноў тэлефанавалі зь міліцыі, мяне адвозілі ў РУУС і там склалі пратакол. На ўзроўні малодшага складу міліцыі было спачуваньне і разуменьне гэтай сытуацыі. Але фармальных дзеяньняў, у тым ліку і паводле ранейшых заяваў, ніякіх не было, а таму асаблівых спадзяваньняў няма. А галоўная віна ў тым, што дзяржава ўхілілася ад Курапатаў: не выконвае пастановы Савету Міністраў і не надае належнага значэньня гэтаму трагічнаму месцу».
Памятны крыж афіцэрам польскага войска, якія загінулі ў Беларусі, скрадзены паўторна: першы зьнік неўзабаве пасьля адзначэньня «Дзядоў». Уладзімер Раманоўскі мяркуе, што штуршком да новага акту вандалізму сталіся выказваньні старшыні КХП БНФ Зянона Пазьняка на адрас ініцыятараў усталяваньня мэмарыяльнага знаку.
Намесьнік старшыні КХП БНФ Валеры Буйвал гэтак пракамэнтаваў новае разьвіцьцё падзей:
«Па-першае, калі адбываліся акты вандалізму і блюзьнерства ў Курапатах, мы — абаронцы Курапатаў — выклікалі міліцыю, прыяжджалі патрулі. Але яны хіхікалі, ставіліся несур’ёзна, легкаважна і справы не распачыналі. А тут усё наадварот: Раманоўскага выклікае сама міліцыя, і ён дае там паказаньні. Атрымліваецца цікавая тэндэнцыя: міліцыя, якая не цікавілася руйнаваньнем дзясяткаў крыжоў, раптам сама пачала цікавіцца крыжаўзьвіжаньнем. Па-другое, я мяркую і параіўся зь іншымі людзьмі — нічога новага ў гэтай справе няма: такое ўражаньне, што той, хто ставіў там нешта, той усё гэта і робіць. Ну, і па-трэцяе, — крыжы, знакі памяці, трэба ставіць на магілах, дзе ёсьць польскія ахвяры, дзе адбываліся баі паміж Войскам Польскім і Чырвонай Арміяй. Такія месцы ёсьць на нашай зямлі, і іх вельмі шмат. Ну, а мы бачым, што гэтыя людзі ставяць крыжы там, дзе не адкрыта польскіх пахаваньняў. Навошта яны гэта робяць?»
Адзін з ініцыятараў ушанаваньня памяці забітых у Беларусі афіцэраў польскага войска, гісторык Ігар Кузьняцоў перакананы, што Курапаты — адно з такіх месцаў ушанаваньня памяці, а выкраданьне крыжоў пракамэнтаваў гэтак:
«Развагі пра тое, што Кузьняцоў арганізаваў ці сам скраў крыж — з галіны фантастыкі. Я ў Маскве знаходзіўся на канфэрэнцыі „Мэмарыялу“, гэта па-першае. Па-другое, пра ўсталяваньне помніка ў гэтым месцы: беларускі „Катынскі сьпіс“ аб расстрэле афіцэраў польскага войска налічвае ня менш за 1800 ураджэнцаў Беларусі. Там няма пазнакі — беларус, паляк, габрэй ці рускі — ураджэнцы Заходняй Беларусі, і ўсё. Верагодна, што мы ніколі ўжо не даведаемся дакладныя месцы іх расстрэлаў. Ніколі. Усе меркаваньні будуць толькі прыблізныя. Таму мы і кажам, што памяць афіцэраў польскага войска павінна быць ушанаваная хаця б сымбалічна ў адзіным у Беларусі афіцыйна прызнаным месцы масавых забойстваў — Курапатах. І нікога ня трэба ўводзіць у зман і блытаць зь месцамі баёў — гэта само сабой. Хто хоча ставіць там памятныя знакі — стаўце, і правільна зробіце. Але сёньня мы кажам, што памяць вайскоўцаў польскага войска, верагодна, ніколі ня будзе ўшанаваная. Дык чаму мы памяць павінны дзяліць па костках? Беларусам мы паставім помнік, а палякам не? Але ж мы гаворым пра сваіх ураджэнцаў, і сёньня супрацьдзейнічаць гэтаму — у мяне няма камэнтароў. І чым тады адрозьніваецца пазыцыя гэтых таварышаў ад нашай сёньняшняй улады? Нічым абсалютна».
Як паведаміў Ігар Кузьняцоў, актывісты «Мэмарыялу» з удзелам іншых ініцыятыў намерваюцца аднавіць у Курапатах памятны знак, над якім новыя акты вандалізму будзе ўжо ўчыняць ня так лёгка.
Сам крыж быў усталяваны за тры дні да гэтага Ўладзімерам Раманоўскім, былым савецкім палітвязьнем Сяргеем Ханжанковым і грамадзкай актывісткай Ганнай Шапуцькай.
29 лістапада прадстаўнікі беларускай філіі міжнароднага таварыства «Мэмарыял», дэмакратычныя актывісты і прадстаўнікі грамадзкасьці правялі акцыю памяці на месцы масавых расстрэлаў ва ўрочышчы Курапаты ў 1920-40-я гады.
У рамках жалобнай імпрэзы быў усталяваны крыж у памяць афіцэраў Войска Польскага, якія былі закатаваныя ў Беларусі падчас сталінскіх рэпрэсіяў. Зрэшты, крыж усталяваны паўторна: у Дзень памяці ахвяраў рэпрэсій 29 кастрычніка ў Курапатах зьявіўся мэмарыяльны знак у памяць пра расстраляных польскіх афіцэраў зь беларускага катынскага сьпісу. Але літаральна на наступны дзень гэты знак зьнік.
Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.
У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».
У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах.
У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.
Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, зь якіх шляхам эксгумацыі было праверана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінулых.
Каб ушанаваць памяць ахвяраў, пастаўленыя крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.
У Курапатах ня раз чыніліся акты вандалізму.
Курапаты

Другая спроба ўсталяваць помны крыж