Беларусаў хочуць перасадзіць на аўтаэкZOTYEку

Прэзэнтацыя аўтамабіля на сайце z300.zotye.com

Сумеснае прадпрыемства «Юнісон» — беларускі вытворца іранскіх легкавікоў «Саманд» — пашырае лінію аўтамабіляў сумеснай вытворчасьці, гэтым разам — кітайскіх.
Паведамляецца, што ад сьнежня на магутнасьцях кампаніі у пасёлку Абчак недалёка ад Менску, дзе прыканцы 1990-х праваліўся экспэрымэнт з «Фордам», пачне зьбірацца з кітайскіх машынакамплектаў Zotye Z300.

Здымкі інтэрнацыянальнага гібрыда, разьмешчанага на плятформе «Таёты» і абсталяванага рухавіком ад «Міцубісі», сёньня зьмешчаныя ў сеціве. Эканамісты ўжо выказалі пэсымізм з нагоды пэрспэктыўнасьці новага праекту, згадаўшы, што замест амбітных плянаў выпускаць штогод да 30 тысяч «Самандаў» «Юнісон» ледзь спраўляецца зьбіраць некалькі соцень. Дый гэтыя экзэмпляры ідуць на абслугоўваньне дзяржаўным структурам.

Тым часам экспэрт у аўтамабільнай галіне Канстанцін Крутаў нагадвае, што ў працэсе такой складанатэхнічнай вытворчасьці арыентавацца толькі на беларускі рынак нельга, паколькі пры такім раскладзе давядзецца працаваць у мінус. А ў той жа Расеі ўнутраны рынак досыць абаронены, а існая канкурэнцыя наўрад ці пакідае шанец гульцам зь іншых краінаў:

Беларусы, па-першае, не пацягнуць новы аўтамабіль, па-другое, за два дзясяткі гадоў людзі прызвычаіліся езьдзіць няхай на ўжываных, але „цывілізаваных“ аўтамабілях

«Існуюць пэўныя абмежаваньні колькасьці машынаадзінак, выпуск якіх ніжэй за канкрэтны паказьнік будзе нерэнтабэльным і, аўтаматычна, нямэтазгодным. Дык вось, ніжняя плянка ніяк не павінна быць ніжэйшай за выпуск 25 тысяч аўто штогод. Але каб пачаць працаваць на ўвесь рынак Мытнага саюзу, як на тое разьлічваюць нашы вытворцы, для пачатку трэба будзе паспрабаваць прадаць хаця б першыя 25 тысяч унутры Беларусі. А я думаю, што гэта ні фактычна, ні практычна немагчыма. Беларусы, па-першае, не пацягнуць новы аўтамабіль, па-другое, за два дзясяткі гадоў людзі прызвычаіліся езьдзіць няхай на ўжываных, але „цывілізаваных“ аўтамабілях. Да якіх, на жаль, ні кітайскія, ні іранскія прадстаўнікі не адносяцца».

Вытворца пакуль не паведамляе, па якой цане зьбіраецца прадаваць Zotye Z300 на беларускім рынку. У Кітаі аналягічная мадэль стартуе ад 12500 даляраў.