«Новаму жыцьцю» загадалі за тыдзень пакінуць будынак

Набажэнства ў «Новым жыцьці»

Менскія ўлады не адмовіліся ад ідэі пазбавіць будынка пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё».
Юрыст царквы Сяргей Луканін апавёў «Свабодзе», што 27 лістапада атрымаў прадпісаньне на тэрміновае «высяленьне»:

«Сёньня мы атрымалі пастанову Вышэйшага гаспадарчага суду, у якой напісана, што мы павінны да 5 сьнежня пакінуць свой будынак. Аб 11-й гадзіне таго ж дня мы мусім перадаць ключы ад будынка прадстаўнікам ЖРЭА Маскоўскага раёну сталіцы».

Спадар Луканін кажа, што за свой будынак вернікі змагаюцца ўжо сем гадоў. Але цяпер небясьпека высяленьня найбольш рэальная:

«Менавіта тады, у 2005-м, было прынятае рашэньне Менгарвыканкаму, у якім нас пазбавілі зямлі. Там было таксама адзначана, што наш будынак будзе прымусова выкуплены. Потым мы прайшлі праз больш чым 30 судовых працэсаў, адстойваючы сваё права на маёмасьць. На жаль, усе яны былі прайграныя».

Вонкавы выгляд царквы


Як нагадвае Сяргей Лукагнін, у 2006-м вернікі распачалі змаганьне за царкву ў іншым фармаце — праз галадоўку пратэсту:

Сяргей Луканін

«Была такая буйная акцыя „пост-галадоўка“: больш за 200 вернікаў нічога ня елі, толькі пілі ваду на працягу 23 дзён. Тады пастара царквы запрасілі ў адміністрацыю прэзыдэнта. Зь ім размаўляў Алег Праляскоўскі, які тады ўзначальваў ідэалягічнае ўпраўленьне прэзыдэнцкай адміністрацыі. Ён сказаў, што Аляксандар Лукашэнка нібыта ў курсе гэтай справы і папрасіў нас прыпыніць акцыю, каб даць магчымасьць уладам усё вырашыць у „прававым полі“, як было падкрэсьлена. Мы прыпынілі „пост-галадоўку“, але нашу справу перадалі ў Вышэйшы гаспадарчы суд на новы разгляд».

Цягам трох гадоў суд разглядаў справу, і толькі ў 2009 годзе прыйшоў да высновы: царква «Новае жыцьцё» ўсё ж мусіць пакінуць будынак:

«Некалькі разоў да нас прыходзілі міліцыянты, мы іх не пускалі ў наш будынак. На працягу прыкладна паўтара гадоў нас ніхто не турбаваў, ніхто не зьяўляўся. І вось толькі сёньня мы атрымалі такую „цікавую“ позву: тыдзень нам застаўся, каб пакінуць будынак. Заўтра мы маем правесьці сход, на якім будзем вырашаць канкрэтныя нашы дзеяньні, што будзем рабіць. Але, ж канечне, пакідаць будынак мы не зьбіраемся».