Будаўніцтва «Бульбашъ-холу» прыпыненае

Прадстаўнікі Міністэрства культуры і Генпракуратуры выяжджалі на месца будаўніцтва забаўляльнага комплексу ў Курапатах і выявілі парушэньні.
Пра гэта паведамляе Эўрарадыё.

Адказ на заяву ўдзельнікаў круглага стала «Абаронім Курапаты» пра недапушчальнасьць будаўніцтва «Бульбашъ-холу» каля крыжоў ва ўрочышчы Курапаты атрымала арганізатарка мерапрыемства Ганна Шапуцька. У адказе за подпісам намесьніка міністра культуры Віктара Кураша паведамляецца:

«Падчас выезду на месца выяўлена, што работы праводзяцца часткова ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Пры гэтым іх выкананьне ажыцьцяўляецца без дазволу Міністэрства культуры […]. Міністэрствам культуры выдадзена прадпісаньне заказчыку работ СТОО «Белрэстінвэст» і Менаблвыканкаму аб спыненьні работ у зоне аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці […]. Аднаўленьне работ будзе магчыма пасьля забесьпячэньня адпаведнасьці праектнай дакумэнтацыі і яе рэалізуючым прававым нормам».

Тым часам, у адказе – ні слова пра прыпыненьне прац на самім будынку «Бульбашъ-холу», толькі пра ахоўную зону Курапатаў. Бо некалі дазвол на пабудову «Бульбашъ-холу» давала само ж Міністэрства культуры.

Ганна Шапуцька ў інтэрвію Эўрарадыё адзначыла, што падпісанты звароту, сярод якіх былі такія людзі як Ігар Кузьняцоў, Сяргей Ханжанкоў, Зьміцер Дрозд ды іншыя, таксама прасілі Мінкульт пра асабістую сустрэчу. Гэтую просьбу чыноўнікі праігнаравалі.