Чаму яны кажуць няпраўду?

Цяжкія нафтавыя перамовы паміж Беларусьсю і Расеяй можна было б лічыць драмай, асабліва з улікам той вагі, якую мае нафтаперапрацоўка ў эканоміцы Беларусі. Але высілкамі высокіх чыноўнікаў яны паступова ператвараюцца ў нейкі фарс. Глядзіце самі.

2 лістапада першы віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка пасьля чарговага раўнду перамоваў у Маскве выступае на паседжаньні Савету міністраў і ўпэўнена заяўляе: «Учора ва ўрадзе Расейскай Фэдэрацыі праблема паставак неабходных аб’ёмаў нафты на ІV квартал была вырашана. Бакі выйшлі на дамоўленасьць аб тым, што... у ІV квартале будзе пастаўлена 5,3 мільёна тон замест 4 мільёнаў тон».

5 лістапада намесьнік міністра энэргетыкі РФ Павал Фёдараў абвяргае беларускага віцэ-прэм’ера і заяўляе: «Дасягнутыя на высокім узроўні дамоўленасьці дазваляюць нам гаварыць пра пастаўкі прыкладна 4,8 мільёна тон нафты ў Беларусь у цэлым за квартал». Таму што больш не дазваляюць тэхнічныя магчымасьці трубаправодаў.

16 лістапада Ўладзімер Сямашка апавядае журналістам: «Беларусь дамовілася з Расеяй аб імпарце 23 мільёнаў тон нафты ў 2013 годзе».

19 лістапада намесьнік старшыні ўраду Расеі Аркадзь Дварковіч заявіў журналістам: «На дадзены момант мы не ўзгаднілі зь беларускім бокам аб’ём паставак нафты ў 2013 годзе да 23 мільёнаў тон. Перамовы па гэтым пытаньні працягваюцца».

Чаму высокія чыноўнікі на ўвесь сьвет кажуць няпраўду? Ёсьць некалькі вэрсіяў адказу на гэтае пытаньне.

Па-першае, на перамовах паміж афіцыйнымі дэлегацыямі Беларусі і Расеі адбываецца нешта дзівоснае. Даволі часта бывала, калі нават пасьля сустрэч прэзыдэнтаў абодва бакі процілеглым чынам інтэрпрэтавалі тое, аб чым яны дамовіліся. А на ніжэйшым узроўні такое адбываецца значна часьцей. Гэта можна патлумачыць толькі тым, што падчас перамоваў адбываецца нейкі балаган, бакі перакрыкваюць адзін аднаго, вынікі перамоваў ніяк не фіксуюцца ў нейкім пратаколе. І гэта дае вялікую прастору для інтэрпрэтацый.

Вэрсія другая. Высокія беларускія чыноўнікі баяцца сказаць Лукашэнку праўду. Ён увесь час патрабуе ад іх пазытыву, падштурхоўвае даваць абяцаньні выканаць і перавыканаць усе пляны. І яны робяць тое, чаго ад іх чакаюць. Каб захаваць пасаду. Вось падчас спартовых разборак Лукашэнка папікаў былога міністра спорту — маўляў вы ж абяцалі мне прывесьці з Алімпіяды 25 мэдалёў. Абяцаў, ведаючы, што гэта невыканальна, бо так хацеў кіраўнік дзяржавы.

Тое ж самае і ў эканоміцы. Кіраўніцтва ўраду разумее, што дасягнуць гэтым годам росту валавога ўнутранага прадукту на 5,5% немагчыма. Але ўпэўнена абяцае гэта зрабіць. Можна ўзгадаць, як два гады таму беларускія афіцыйныя асобы казалі пра 15–16 мільярдаў даляраў кітайскіх крэдытаў для Беларусі, якія так і не зьявіліся тут.

Тым больш што прыклад дае сам Лукашэнка. Як паказвае досьвед, усе заявы беларускага кіраўніка, дзе прыводзяцца нейкія лічбы, трэба правяраць. Можна ўзгадаць, напрыклад, як мінулым годам ён паведаміў беларускаму народу, што Расея выдзяляе Беларусі 6 мільярдаў даляраў. Як потым выявілася, усё было зусім ня так. Ці апошняя заява Лукашэнкі, што ў ЗША 25 альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты пасадзілі ў турму.

І самае галоўнае. Беларускія чыноўнікі даўно ўжо не адказваюць за свае словы. Яны добра ведаюць, што ніхто не спытае зь іх за няпраўду. Выпраменьваць казённы аптымізм даўно стала для іх ня проста звычкай, а другой натурай.