Жыхары Гарадскога Валу: «Будуйце свой гатэль пад зямлёю!»

Праект гатэлю

Менчукі, абураныя праектам будаўніцтва шматпавярховага гатэлю ў гістарычным цэнтры гораду, выказалі свае прэтэнзіі на грамадзкіх слуханьнях у Адміністрацыі Маскоўскага раёну сталіцы.
16-павярховы гатэль Aras Palace плянуецца пабудаваць на скрыжаваньні вуліц Гарадзкі Вал і Валадарскага. У ім будзе спа-цэнтар, летняя кавярня, некалькі парковак і казыно.

Жыхары вакольных дамоў адмоўна ставяцца да праекту. Найбольш іх непакояць магчымыя зьмены аблічча гэтага раёну — меркаваны гатэль вельмі адрозьніваецца ад суседніх дамоў па стылі і значна вышэйшы.

«У нас ня будзе сьвятла ў кватэрах з-за такога высокага будынку. Дзеці будуць гуляць ля казыно, у якім п’яныя будуць мацюкацца, ня будзе дзе паставіць машыну. Няхай бы пад зямлёй будавалі свой гатэль!» — абураецца адна з тутэйшых жыхарак.

Галоўны архітэктар прадстаўленага на слуханьнях праекту Аляксандар Цэйтлін абумовіў неабходнасьць будаўніцтва такога высокага будынку фінансавымі чыньнікамі:

«Мы пралічылі, што будаваць гатэль менш чым на 180 нумароў эканамічна немэтазгодна, таму паводле праекту гатэль будзе даволі высокі».

Аляксандар Цэйтлін прэзэнтуе праект


Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч у сваім выступе адзначыў, што ня толькі будаўніцтва, але і складаньне праекту гатэлю незаконнае, бо дадзеная тэрыторыя ўяўляе сабой гісторыка-культурную каштоўнасьць. Раней на гэтым месцы стаяла жаночая гарадзкая гімназія, у якой вучылася акторка Стэфанія Станюта.

Антон Астаповіч (зьлева)


Інвэстар праекту, грамадзянін Баўгарыі Філіп Ісаеў, сказаў, што месца пад будаўніцтва яму прапанавала кіраўніцтва Менску.

Філіп Ісаеў