Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
СУХА, МЕСЦАМІ ТУМАН...
Уначы ад мінус 3°С да плюс 3°С, удзень 1–7°С цяпла.
ПАДЗЕІ Ў БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:
17 лістапада
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама мае прыбыць у Тайлянд, тым самым распачынаючы паездку па Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Да 20 лістапада Абама наведае таксама М’янму і Камбоджу.
У Стамбуле стартуе Міжнародны кніжны кірмаш (будзе доўжыцца да 25 лістапада).
У рамках праекту «Музэйныя лябірынты» – інтэрактыўная імпрэза ў Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі (Менск, вул. К. Маркса, 12). Гасьцей чакаюць вядомыя пэрсанажы з гісторыі Беларусі, рыцары Вялікага Княства Літоўскага і Тэўтонскага ордэну, сярэднявечныя танцы і гульні. Пачатак а 12.00.
Фэстываль нямецкамоўнай музыкі – у менскім клюбе “Re:Public” (вул. Прытыцкага, 62). Пачатак а 18.00.
На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру опэры і балету (Менск, пл. Парыскай камуны, 1) праект Андрыса Ліепы «Расейскія сэзоны XXI стагодзьдзя» прадстаўляе сусьветную прэм’еру балету «Клеапатра – Іда Рубінштэйн». Пачатак а 19.00.
Гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» дае вялікі сольны канцэрт у Палацы культуры вэтэранаў (Менск, вул. Я. Купалы, 21). Пачатак а 19.00.
18 лістапада
У Горадні пройдзе зьезд не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі. На зьезьдзе маюць абраць кіраўніцтва саюзу, а таксама абмеркаваць праблемныя пытаньні, зьвязаныя зь немагчымасьцю зарэгістраваць саюз і скарачэньнем вывучэньня польскай мовы ў школах.
У Тэгеране адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў уладаў Сырыі і апазыцыі ў рамках «нацыянальнага дыялёгу».
Гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» дае дадатковы сольны канцэрт у менскім Палацы культуры вэтэранаў. Пачатак а 19.00.
ЁСЬЦЬ НАГОДА:
17 лістапада
Міжнародны дзень студэнтаў.
Дзень змаганьня за свабоду і дэмакратыю ў Чэхіі.
Дзень абароны чорных катоў у Італіі.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫЯ ДНІ:
17 лістапада
1574 – у Вільні пачала дзейнічаць друкарня Мамонічаў.
1654 – пасьля 14 тыдняў аблогі войска маскоўскага князя Шарамецьева і казакі Залатарэнкі занялі Віцебск.
1828 – нарадзіўся беларускі калекцыянэр і мэцэнат Эмэрык Чапскі. У 1879 – 1894 г. жыў у Станькаве, дзе заснаваў музэй, сабраўшы нумізматычную, археалягічную, іканаграфічную калекцыі, а таксама калекцыі малюнкаў і зброі.
1906 – у Менску выйшаў першы нумар газэты «Минское слово» (выдавалася да 28 чэрвеня 1912 г.).
1989 – у Празе адбыліся студэнцкія дэманстрацыі, што далі пачатак «аксамітнай рэвалюцыі».
18 лістапада
1870 – першая лінія галубінай пошты адкрылася паміж Турам і Парыжам.
1912 – нарадзіўся беларускі пісьменьнік Павел Кавалёў, у 1955 – 1967 г. – рэдактар часопісу «Вожык», у 1967 – 1972 г. – галоўны рэдактар часопісу «Полымя».
1918 – абвяшчэньне незалежнасьці Латвійскай Рэспублікі.
1931 – нарадзіўся беларускі паэт, грамадзкі і палітычны дзяяч Анатоль Вярцінскі. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету XII скліканьня, у 1986 – 1990 г. займаў пасаду галоўнага рэдактара газэты «Літаратура і мастацтва».
1965 – заснаваньне Дзяржаўных прэміяў БССР у літаратуры, музыцы і мастацтве.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
Жыцьцё даецца, каб жыцьцё тварыць.
Не марнаваць, ня нішчыць, не бурыць, –
Тварыць!
Анатоль Вярцінскі
ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ СВАБОДЫ:
Анатоль Вярцінскі: «Поўны дзяржаўны сувэрэнітэт Беларускай ССР» – гэта мая фармулёўка»
Алесь Пушкін: «Тата мой у вайну служыў у паліцыі»
Невыносная зычнасьць шыпячых