Віктар Жыбуль: «Калі чытаеш эсэ Бахарэвіча пра Жылку, то нават сьлёзы наварочваюцца»

Іранічныя і правакацыйныя, цынічныя і лірычныя, вясёлыя і сур’ёзныя эсэ Альгерда Бахарэвіча пра беларускіх літаратараў склалі новую кнігу «Бібліятэкі Свабоды». Гэтыя суб’ектыўныя тэксты сёлета гучалі ў эфіры і друкаваліся на сайце нашага радыё і выклікалі самую ажыўленую дыскусію слухачоў і чытачоў. Да яе можна далучыцца 15 лістапада ўвечары ў менскім офісе Інстытуту Гётэ, дзе будзе прэзэнтавацца «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча».
Сваімі ўражаньнямі пра новую кнігу дзеліцца паэт і дасьледчык беларускай літаратуры Віктар Жыбуль.

«Альгерд Бахарэвіч паставіў даволі цікавы экспэрымэнт — прачытаць творы школьнай праграмы, і ня толькі школьнай праграмы, а ўвогуле творы знакавых постацяў беларускай літаратуры, перачытаць ужо ў сталым узросьце, маючы такі даволі вялікі інтэлектуальны багаж самых розных твораў сусьветнай літаратуры, засвоеных як чытачом. Вынікам сталі ўласныя эсэ, якія ня ёсьць навуковымі тэкстамі, а грунтуюцца менавіта на чытацкіх уражаньнях Альгерда Бахарэвіча. Адны яго эсэ адзначаюцца нейкім такім іранізмам, можа нават з элемэнтамі цынізму, калі так можна сказаць. А іншыя наадварот — вельмі кранаюць. Калі чытаеш, напрыклад, эсэ пра Ўладзімера Жылку, то нават сьлёзы наварочваюцца».


Вокладка кнігі



Кніга «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды».
«Бібліятэку Свабоды» складаць выбраныя перадачы Беларускай службы Радыё Свабода.
Уся бібліятэка — тут.

Прэзэнтацыя кнігі "Гамбурскі рахунак Бахарэвіча"адбудзецца 15 лістапада а 19.00 у памяшканьні менскага Інстытуту Гётэ (вул. Веры Харужай, 25/3, трэці паверх).