Амаль

Уступ Аляксандра Лукашука да кнігі «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча».
У беларускай літаратуры, як і ў кожнага беларуса, дзьве душы. Адна жывая, а другая вечная. Усё астатняе — не літаратура.

Арыстоцель так тлумачыў розьніцу паміж гісторыкам і паэтам: першы апісвае тое, што адбылося, другі — што магло адбыцца. Насамрэч розьніцы амаль няма.

Бахарэвіча цікавіць тое амаль, што паміж імі. Тое, што Купала называў — «сьляды магчымасьці магчымай».

Нобэлеўскую прэмію ў год, калі Беларусь стала незалежнай, атрымала паўднёваафрыканская раманістка Надзін Гордымэр, якая лічыла, што пісаць варта толькі пасьмяротна. Так, быццам абмежаваньні інтэлектуальнай моды, грамадзкай думкі, самацэнзуры не існуюць.

Героі гэтай кнігі, якія нарадзіліся і жылі ў Беларусі ў апошнія паўтара стагодзьдзя, так не пісалі амаль ніколі. Суцяшэньнем можа служыць хіба тое, што так амаль ніколі не пісаў ніхто ў сьвеце.

Але чытаюць літаратуру толькі так. Літаратура і ёсьць гэтае амаль.

Пытаньне, што лягчэй — пісаць ці чытаць, гучыць недарэчна. Амаль недарэчна, бо, канечне, чытачы, як і пісьменьнікі, бываюць таленавітыя і не. І каб толькі гэта...

У «Гамбурскім рахунку» аўтар ператвараецца ў чытача і зноў у пісьменьніка і сам становіцца адным са сваіх герояў. І ад яго не залежыць ужо нічога. Амаль нічога.

Жыцьцё занадта кароткае, каб чытаць добрыя кнігі, чытаць варта толькі выдатныя. Агрэсіўнасьць гэтага труізму выкупляецца ягонай упэўненасьцю ў патрэбе чытаньня, якая, на шчасьце, амаль ні на чым не грунтуецца.

На шчасьце — бо нароўні з цэнзурай, абезгалоўліваньнем аўтараў і паленьнем кніг стаіць прымус да іх чытаньня. Амаль нароўні, бо адбіць жаданьне чытаць — амаль такое ж злачынства, як беспадстаўнае пазбаўленьне волі. І хоць некаторыя шэдэўры зьявіліся на сьвет у турме, колькі не змагло зьявіцца!

Творы свабодных аўтараў прыходзяць да ўсіх, але застаюцца толькі з тымі, хто шукае свабоды. І тады тэксты раптам пачынаюць адкрываць свае трэція і наступныя вымярэньні, жывыя становяцца яшчэ больш жывымі, а вечныя — вечнымі, што магло быць і што было, мяняюцца месцамі, каб так застацца назаўсёды, г.зн. да наступнага чытача і да наступнага разу.

Так, як у гэтай кнізе, пра белліт яшчэ не пісалі.

Амаль ніхто.

Амаль нідзе.

Амаль ніколі.

А больш амаль і ня трэба.

Аляксандар Лукашук,
Радыё Свабода


«Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» — суб’ектыўны погляд пісьменьніка на беларускую літаратурную клясыку. У кнігу ўвайшло больш за паўсотні эсэ, прысьвечаных яе самым вядомым постацям: ад Гусоўскага і Багушэвіча да Шамякіна і Быкава.





Кніга «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды».

«Бібліятэку Свабоды» складаць выбраныя перадачы Беларускай службы Радыё Свабода.

Уся бібліятэка тут.