«Адкуль будуць заробкі, калі на аднаго рабацягу — тры начальнікі?..»

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111».
У праграме «Паштовая скрынка 111» — агляд лістоў нашых слухачоў.

Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, сярэдні заробак у Беларусі набліжаецца да абяцаных уладай пяцісот даляраў. Аднак многія нашы слухачы зь недаверам ставяцца да гэтага сьцьвярджэньня, бо пра ўзровень дабрабыту мяркуюць не па афіцыйных лічбах, а найперш па ўласнай кішэні.

Сёньняшнюю размову пачну з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Аляксандар Лешык з Баранавічаў наступным чынам апісвае рэальны стан шараговых працаўнікоў аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў свайго гораду:

«Я жыву побач з авіярамонтным заводам, часта размаўляю з рабочымі: са многімі знаёмы, — піша Аляксандар Лешык. — Нараканьняў апошнім часам вельмі шмат. У простых працаўнікоў вельмі нізкія заробкі. А адкуль яны могуць быць высокімі, калі на аднаго рабацягу — тры начальнікі? Кіраўніцтва стала так шмат, што ўжо не зьмяшчаецца ў канторы: частка разьмясьцілася ў гасьцініцы заводу. А чым яны кіруюць, калі ў рабочых працы няма? Заняцца няма чым, але на працу мусіш зьявіцца строга без спазьненьняў. Прыйшоў — і сядзі склаўшы рукі. Калі пашанцуе — даручаць падмятаць цэх. Пасьля абеду — дахаты. І так амаль кожны дзень. Прыйдзеш атрымліваць заробак — за месяц заплацяць 600 тысяч. Не падабаецца — звальняйся: на тваё месца поўна ахвотных. І так ужо два гады цягнецца.

Лукашэнка аддаў нашых людзей на прыніжэньне і зьніштажэньне Расеі

Многія пабралі крэдыты — а аддаваць няма чым. Бягуць на працу ў Расею. Камусьці шанцуе, а хто і ў труне назад вяртаецца.

Увогуле, Лукашэнка аддаў нашых людзей на прыніжэньне і зьніштажэньне Расеі. І заробкі, і пэнсіі там значна вышэйшыя, чым у нас. Расейскі рубель, адрозна ад беларускага — устойлівы, высока цэніцца. Вось таму расейцы акупавалі нашы санаторыі і дамы адпачынку, паляўнічыя ўгодзьдзі, аграсядзібы. І толькі нахвальваюць: „Ах, як у вас усё танна!“ Ды вывозяць усё ў сваю Расею — сала, мяса, масла.

А Лукашэнка толькі цэны падвышае — нібы і ня бачыць, што нам, жабракам, стала зусім цяжка. Цяпер вось даведаліся, што нават нябожчыку на могілках месца трэба выкупіць. Тое, што адной рукой даюць на пахаваньне — другой рукой адразу забіраюць. А асабліва ўразіла і абурыла нядаўняя прапанова аднаго міністра ўвесьці плату за наведваньне паліклінік. Каму ён гэта прапануе? Жабракам? Ды такога міністра і аднаго дня нельга трымаць пры ўладзе», — напісаў у сваім лісьце на «Свабоду» Аляксандар Лешык з Баранавічаў.

Назіраньне пра тое, што расейцы запоўнілі ўсе беларускія санаторыі і дамы адпачынку, адносіцца хутчэй да мінулага году. Тады ў выніку трохразовай дэвальвацыі, сапраўды, кошты на адпачынак у Беларусі для расейцаў сталі вельмі нізкімі. Сёлета ўсё кардынальна зьмянілася. Пасьля таго як пуцёўкі падаражэлі ў два-тры разы, расейцы сталі масава адмаўляцца ад адпачынку і лекаваньня ў Беларусі: таньней стала зьлётаць у Турцыю ці Баўгарыю. Дарэчы, гэта ж датычыць і так званых «танных» беларускіх прадуктаў: розьніца ў коштах калі і захавалася, дык вельмі нязначная і далёка не на ўсе харчы. Адпаведна, ехаць са Смаленску ў Воршу па малако, каб зэканоміць 10 цэнтаў, ніхто ня будзе... А ўсё іншае ў Беларусі ўжо зусім не таньнейшае, чым у Расеі.

Апошнія заявы гаспадара нашай вобласьці пра пакінуты пад сьнегам лён, пра неабходнасьць убіраць яго рукамі з-пад сьнегу лічу дзяржаўнай здрадай

Новы ліст ад даўняга і пасьлядоўнага змагара зь нядбайнымі віцебскімі чыноўнікамі — дзіцячага доктара Ігара Паснова. Гэтым разам слухач акцэнтуе ўвагу на тым, як на Віцебшчыне змагаліся з наступствамі нядаўніх восеньскіх сьнегападаў:

«Апошнія заявы гаспадара нашай вобласьці пра пакінуты пад сьнегам лён, пра неабходнасьць убіраць яго (а таксама моркву і кукурузу) рукамі з-пад сьнегу лічу проста дзяржаўнай здрадай. Сям-там дзеля гэтага нават дзяцей з тэхнікумаў накіроўвалі. Дый дарослым лён з-пад сьнегу цягаць — гэта проста нейкі зьдзек зь людзей. Да такога нават фашысты не дадумаліся на акупаваных землях. Дзеля чаго гэта робіцца? Каб потым чалавек, атрымаўшы ў выніку пнэўманію, лячыўся ў нашай інфэкцыйнай бальніцы, умовы ў якой падобныя да катаваньняў?

...І яшчэ хачу зьвярнуцца наўпрост да нашых спэцслужбаў, КДБ, Дзяржкантролю. Замест таго каб наладжваць супраць мяне ў інтэрнэце правакацыі, пісаць хлусьлівыя тэксты на маіх калегаў ад майго імя, лепш бы заняліся патрэбнай справай. Напрыклад — знайшлі тых, хто пад сьнегам на вуліцы захоўвае каштоўнае абсталяваньне, купленае на дзяржаўныя грошы; хто не дабудоўвае амаль гатовыя мэдустановы, у выніку чаго марнуецца праца соцень людзей», —

— напісаў у сваім лісьце на «Свабоду» Ігар Пасноў, дзіцячы доктар зь Віцебску.

Мабілізоўваць студэнтаў ды іншых гараджанаў на выратаваньне напаўзьмерзлай калгаснай бульбы ды іншай гародніны — даўняя савецкая завядзёнка. Калі б зямля належала прыватнаму ўласьніку, такое наўрад ці было б магчыма. Гаспадар, па-першае, не зацягваў бы ўборку да сьнегу і маразоў. А па-другое, нават калі б і надарылася надзвычайная сытуацыя, то пяць разоў палічыў бы, ці выгадна яму наймаць людзей дзеля выратаваньня змарнаванай марозам гародніны, якая ў лепшым выпадку пойдзе на корм скаціне. За такую працу яму давялося б заплаціць немалыя грошы — інакш хто на яе пагодзіцца? Іншая справа — прымусовая праца змабілізаваных студэнтаў у калгасе. Аплата яе — мізэрная, а згоды ў людзей ніхто не пытаецца.

Прызнацца, ужо ад каго-каго, а ад Лябедзькі я такой наіўнай заявы не чакаў

Меркаваньне лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, што Лукашэнка, магчыма, ня будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году, прымусіла чарговы раз узяцца за пяро нашага даўняга слухача і аўтара Кастуся Сырэля з Ушачаў. Нагадаю, спадар Лябедзька зрабіў сваю выснову на падставе выказваньняў Лукашэнкі падчас паседжаньня з нагоды прызначэньня новага спартовага начальства: кіраўнік дзяржавы тады выказаўся наконт неабходнасьці прытоку ва ўладу «сьвежай крыві» — маладых палітыкаў. Кастусь Сырэль з гэтай нагоды піша:

«Прызнацца, ужо ад каго-каго, а ад Лябедзькі я такой наіўнай заявы не чакаў. Я наагул ня думаў, што хто-небудзь з палітыкаў можа зрабіць такую выснову са сказанага прэзыдэнтам. Праўда, тут я ўспомніў, што нешта падобнае сказаў ня так даўно спадар Рымашэўскі — «За выбары без Лукашэнкі». Я яшчэ падумаў тады — цікава, як зьбіраецца Рымашэўскі ажыцьцявіць сваю «сьмелую» і «сьвежую» ідэю?

І таму я вырашыў напісаць.

Канечне, ніхто з нашых палітыкаў не прыслухаецца да словаў звычайнага пэнсіянэра з глыбінкі. Многія зь іх нават могуць спытаць: а дзе гэта такія Ўшачы? Гэта вёска ці мястэчка? І хто ён такі, гэты пэнсіянэр, каб вучыць нас, вядомых палітыкаў, розуму? Хай лепш павучыць Ярмошыну боршч варыць.

Я выдатна гэта разумею. Так, я — ніхто, і, ведаеце, можа гэта падасца каму дзіўным, але мяне такі сацыяльны статус цалкам задавальняе. Тым ня менш напішу тое, што думаю, без аніякай надзеі дапяць да вачэй і вушэй названых і не названых палітыкаў. Пішуць жа дзеці Дзеду Марозу і Санта Клаўсу, каб прэзэнтаваў ім на Новы год або Раство ролікі, айфон ці нават ровар. Ну, і я напішу, тым больш што на мяне не патрэбна выдаткоўваць ні капейкі — я ня маю патрэбы ні ў айфоне, ні ў роліках, а ровар у мяне ўжо ёсьць.

Дык вось што я хачу сказаць вам, шаноўныя гросмайстры ад палітыкі. Ня дзеля таго грамадзянін Лукашэнка ўзяў уладу, каб яе вось так проста аддаць. Наадварот — ён будзе трымацца за яе да апошняга ўздыху, ён на ўсё пойдзе, каб яе захаваць. Разумееце — НА ЎСЁ! Тое, што ён сказаў на той нарадзе — гэта чыстай вады папулізм, словы на публіку, прымітыўны піяр. Ня варта ўспрымаць гэта ўсур’ёз, спадар Анатоль, а тым больш — публічна рабіць такія сьмелыя высновы, якую зрабілі вы. Многія вам вераць, гатовыя за вамі ісьці, а што яны чуюць ад вас? Вы расхалоджваеце гэтых людзей: маўляў, навошта нам змагацца, ламаць дзіды, калі Лукашэнка і сам сыдзе — чулі, што сказаў? Трэба саступаць дарогу маладым!

Ня сыдзе, на што заўгодна паб’юся аб заклад. Прызначыць маладога на другарадную пасаду ў другараднай галіне — у спорце, турызьме, мясцовым гандлі ці яшчэ недзе накшталт таго — так, і то пасьля пільнай праверкі. А каб вышэй... Нізавошта!"

З павагай — Кастусь Сырэль з мала каму вядомага мястэчка Ўшачы, што згубілася «паміж пустак, балот беларускай зямлі», на ўзьбярэжжы рачулкі Ўшачкі..."

Так, спадар Кастусь, з вашымі аргумэнтамі цяжка спрачацца. Досьвед усіх больш як васямнаццаці год прэзыдэнцтва Лукашэнкі схіляе да высновы, што добраахвотна адыходзіць з гэтай пасады ён ня будзе. Зусім не выпадкова, што сярод высокапастаўленых чыноўнікаў няма ніводнага яркага, харызматычнага лідэра, які б вылучаўся на агульным шэрым, безаблічным фоне і патэнцыйна мог скласьці канкурэнцыю Лукашэнку. Такія асобы ёсьць, але іх і блізка не дапускаюць да намэнклятуры, не даюць магчымасьці для кар’ернага росту. Лукашэнка ў вачах беларускіх грамадзянаў павінен выглядаць адзіным, унікальным і незаменным: найперш на гэта накіраваная дзейнасьць усёй дзяржаўнай прапаганды.

І на заканчэньне — некалькі кароткіх лістоў з падзякамі і просьбамі на адрас «Свабоды». Вось што піша Алесь Сувораў са Смаргоні:

«Вялікі розгалас выклікала ў нас у горадзе акцыя Алеся Пушкіна ды іншых незалежных мастакоў з партрэтам беларускага патрыёта Расьціслава Лапіцкага. Такое запамінаецца надоўга. Выдатна, што Радыё Свабода падрабязна асьвятляла гэтыя падзеі. Хачу таксама падзякаваць вам, спадар Жданко, за цікавыя камэнтары да лістоў на „Свабоду“.

Маю і просьбу. Можа, дашляце новыя кнігі зь Бібліятэкі Свабоды? Некаторыя я маю, але ведаю, што выходзяць і новыя. Гэтыя кнігі чытаю ня толькі я, але і мае сябры», —

— напісаў у сваім лісьце на «Свабоду» Алесь Сувораў са Смаргоні.

Так, спадар Алесь, вам, як і многім іншым аўтарам цікавых лістоў на «Свабоду», мы па-ранейшаму будзем дасылаць новыя кнігі сваёй бібліятэчнай сэрыі ў якасьці падарункаў.

І яшчэ адзін ліст — ад Тамары Сялюн зь Вілейкі.

«Зь вялізным задавальненьнем ужо доўгія гады слухаем вашы перадачы, — піша слухачка. — Усе яны па-свойму цікавыя. Вельмі хочацца, каб усе мы нарэшце дачакаліся сапраўднай свабоды. І тады перадачы вашай рэдакцыі зьменяць накіраванасьць. Веру, што гэта абавязкова адбудзецца», —

— напісала ў сваім лісьце Тамара Сялюн зь Вілейкі.

Дзякуй, спадарыня Тамара, вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by