Рэдактар «Агентура.ру» пра шпіёнскі скандал: Зацікаўлены асабіста Лукашэнка

Андрэй Салдатаў

«Вельмі сумнеўна, каб дваццацідвухгадовы сьлесар мог сабраць зьвесткі стратэгічнага характару, цікавыя замежнай выведцы», — лічыць Андрэй Саладаў, рэдактар сайту «Агентура.ру» і аглядальнік «Новай газеты».

Андрэй Салдатаў адказвае Радыё Свабода на пытаньні з нагоды чарговага шпіёнскага скандалу ў Беларусі.

— Андрэй, што можна сказаць пра затрыманьне 22-гадовага сьлесара з Наваполацку, зыходзячы з той інфармацыі, якую цяпер маюць СМІ?

— Мне здаецца, што гэты скандал не падобны на шпіёнскі. Калі контравыведка ня важна якой краіны вынаходзіць, што ў нейкім горадзе ёсьць агент, яна зацікаўленая ня ў тым, каб яго злавіць. Гэта задача другой важнасьці. Яна вызначае, з кім ён кантактаваў, і спрабуе яго перавэрбаваць ці сачыць за ім доўгі час. Контравыведкі ня надта ахвота прыходзяць да арышту. Бо гэта зрывае ўсю гульню.

Калі б гэта быў сапраўды шпіёнскі скандал, то я не разумею, навошта было КДБ гэта дэманстраваць. Звычайна рашэньні пра арышты на палітычным узроўні альбо на ўзроўні кіраўніцтва спэцслужбаў прымаюцца, калі патрэбная нейкая дэманстрацыя.

Як мне падаецца, пытаньне ў тым, хто зацікаўлены ў гэтай дэманстрацыі. Ці ў ёй быў зацікаўлены асабіста Лукашэнка, ці гэта было жаданьне генэралаў КДБ, якія, магчыма, спрабуюць нешта прадэманстраваць пасьля адстаўкі старшыні КДБ. Тут можа быць шмат вэрсіяў.

— Ці той факт, што затрыманы працуе на «Нафтане», можа праліць сьвятло на абставіны ягонай магчымай дзейнасьці? Ці сапраўды беларускія нафта­пераапрацоўчыя прадпрыемствы могуць быць цікавыя замежнай выведцы?

Зыходзячы з заявы КДБ, тут не абавязкова размова ідзе пра інфармацыю пра гэты завод. Інфармацыя палітычнага і эканамічнага кшталту — гэта надта шырока сфармулявана. Вельмі сумнеўна, што дваццацідвухгадовы сьлесар мог сабраць такія зьвесткі стратэгічнага характару, як гэта звычайна называецца ў Расеі, каб яны былі цікавыя замежнай выведцы. Звычайна для атрыманьня такіх зьвестак трэба мець пэўны ўзровень доступу — быць кіраўніком прадпрыемства ці знаходзіцца на адной зь нешматлікіх пасадаў, дзе ёсьць доступ да «дзяржаўнай тайны».
Калі прынята рашэньне, што гэтага «здрадніка» будуць «браць», то звычайна спрабуюць захапіць яшчэ і агента ці супрацоўніка іншай спэцслужбы. Калі гэтага не адбылося, то гэта правал контравыведніцкай апэрацыі.


А зьвесткі палітычнага характару — гэта ўсё што заўгодна. Структура адміністрацыі, напрыклад, ці палітычная актыўнасьць у гэтым рэгіёне. Гэта такі надта шырокі тэрмін, які ня надта выкарыстоўваецца за межамі краінаў былога Савецкага Саюзу менавіта таму, што ён надта расплывісты. У панятак «шпіянажу» ва ўсім сьвеце ўваходзіць перадача вельмі пэўных зьвестак: вайсковых, прамысловых, эканамічных.

— Шмат пытаньняў выклікае тое, што хлопца затрымалі падчас «закладкі зьвестак у тайнік». Ці насамрэч яшчэ шпіёны ў эпоху інтэрнэту карыстаюцца такімі тайнікамі?

— Сама інфармацыя пра тайнік мяне прыводзіць да думкі, што скандал не зусім шпіёнскі.

Тайнікі насамрэч дагэтуль выкарыстоўваюцца, бо можна перадаваць інфармацыю ў інтэрнэце, але застаюцца сьляды, зь якімі пасьля можна працаваць. А ў оф-лайне ўсё можна часам арганізаваць больш бясьпечна. Праблема ў іншым.

Калі контравыведка сапраўды вядзе «здрадніка» і прыходзіць да тайніка, і нават калі прынята рашэньне, што гэтага «здрадніка» будуць «браць», то звычайна спрабуюць захапіць яшчэ і агента ці супрацоўніка іншай спэцслужбы. Калі гэтага не адбылося, то гэта правал контравыведніцкай апэрацыі.

Якім чынам цяпер давесьці, што гэты тайнік мае дачыненьне да пэўнай спэцслужбы? Можна спрабаваць давесьці, што ён падышоў да яго, але прасачыць сувязь, каму менавіта ён перадае зьвесткі, праблематычна. Але спэцслужба на гэтае пайшла.

Паколькі нічога на дадзены момант не вядома пра тое, што быў захоплены, арыштаваны ці хаця б задакумэнтаванае зьяўленьне агента замежнай выведкі, то гэта вельмі дзіўна.