Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ: Шпега затрымалі падчас закладкі тайніка

абноўлена

Па справе збору агентурных зьвестак пакуль затрыманы адзін чалавек — Андрэй Гайдукоў. Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміў прэсавы сакратар КДБ Аляксандар Антановіч.

Гайдукоў цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Супраць яго ўсчалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 356 «Здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці». Пакараньне па гэтым артыкуле — ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня.

Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце Камітэту дзяржбясьпекі, затрыманы грамадзянін займаўся па заданьні замежнай выведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару.

Яго затрымалі ў момант закладкі тайніка са зьвесткамі, якія цікавілі замежныя спэцслужбы.

Паводле слоў Аляксандра Антановіча, КДБ пакуль ня будзе распаўсюджваць інфармацыю, на карысьць якой дзяржавы зьбіраліся зьвесткі.

На пытаньне, ці зьвязаная магчымая агентурная дзейнасьць Гайдукова зь месцам ягонай працы, прэсавы сакратар КДБ адказаў, што самы важны аспэкт гэтай справы — збор і перадача інфармацыі па заданьні замежнай выведкі: «Гэта можа быць зьвязанае ці не зьвязанае зь месцам ягонай працы».

Радыё Свабода: «Некаторыя медыі наўпрост кажуць, што ў шпіянажы падазраюць апазыцыянэра. Ці зьвязаная дзейнасьць Андрэя Гайдукова зь ягонай грамадзкай і палітычнай актыўнасьцю?»

Аляксандр Антановіч: «Давайце ня будзем зьвязваць адно з другім. Ёсьць канкрэтны артыкул, зьвязваць яго з чым-небудзь іншым будзе няправільна».

РС: «Пакуль па гэтай справе затрыманы адзін чалавек? Ёсьць у гэтай справе іншыя падазраваныя ці ўдзельнікі?»

АА: «Затрыманы адзін. Іншую інфармацыю мы пакуль ня будзем распаўсюджваць».

РС: «Ці Гайдукоў падазраецца ў зборы зьвестак толькі ў Наваполацку? Ці ягоная дзейнасьць адбывалася на тэрыторыі ўсёй рэспублікі?

АА: «Мы хутчэй у цэлым кажам, а не па канкрэтным горадзе. Але яшчэ раз кажу, канкрэтную віну — хто і што рабіў — усталюе суд».

Намесьнік кіраўніка моладзевага аб’яднаньня «Саюз маладых інтэлектуалаў» Андрэй Гайдукоў быў затрыманы ў Віцебску. У ягонай кватэры правялі ператрус, забралі кампутар ды іншыя носьбіты інфармацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG