Лацінка ў мэтро і цемра ў галовах

Віктар Марціновіч

Адбыўся цуд.

У нашай змрочнай краіне, дзе нават за клясычны кірылічны правапіс, на якім я пішу гэты тэкст, СМІ можа атрымаць папярэджаньне, у мэтро зьявіліся надпісы на старадаўняй, прыгожай беларускай лацінцы. Болей за тое, у Менску, дзе ў палове ўстановаў аб'явы напісаныя на нейкай дурной трасянцы (згадайма «Минскую спадчину»), правапіс быў узгоднены з акадэмічным інстытутам. Можна спрачацца, ці трэба было пісаць Plošča Lienina, можа лепей Lenina, аднак – калі тлумачэньні і абгрунтаваньне даюць акадэмікі, лінгвісты – гэта цешыць вока і радуе сэрца. Менавіта лінгвісты – не чыноўнікі, ня сонныя цётачкі з кабінэтаў, не жлабы-камэрсанты зь ліку тых, што гатовыя свой чарговы рэстаран паставіць на могілках, – а лінгвісты павінны рашаць, што і як пісаць у нашым горадзе.

І раптам усё адбылося менавіта так!

Інстытут мовазнаўства прапанаваў напісаньне, яго прынялі і перанесьлі ў мэтро. Без шуму і помпы.

Зьяўленьне лацінкі – правапісу Яна Чачота, Паўлюка Багрыма, Купалы («Жалейка» цалкам надрукаваная была лацінкай!), лацінкі, на якой Багушэвіч друкаваў «Дудку беларускую», у публічнай прасторы, у паўсядзённасьці – тое самае, як калі б на «Спартовай» узялі ды й павесілі б «Пагоню», а на «Купалаўскай» – вялізарнае бел-чырвона-белае пано. І што адбылося далей?

А пра «далей» чытаем у Глеба Лабадзенкі. Анлайнэр зьняў вясёлы відэарэпорт аб тым, як лацінку спрабуе прачытаць амэрыканец. Рэпорт атрымаў 700 водгукаў і татальнае спачуваньне ў камэнтах. Большасьці беларусаў не спадабаліся «гіерогліфы», яны выказваліся за звычайную ангельскую трансьлітэрацыю.

Натуральна, у Сеціве пачалася бойка – адна з самых жорсткіх, бо хутка перайшла на асобы. Лабадзенка заклікаў спыніць «скоцтва Анлайнэра» і слушна зьвярнуў увагу на тое, што «ў свой час праз такіх мудакоў станцыю «Ракаўская» пераназвалі ў станцыю «Спартыўная». Анлайнэр, са свайго боку, паглыбіўся ў тэму, патлумачыўшы, што з мовы ня зьдзекуецца, што ён цалкам за мову ў мэтро, але пісаць трэба так, каб замежнікі маглі зразумець назвы.

Беларуская публічная прастора была б не беларускай публічнай прасторай, калі б «анлайнэраўцаў» не пачалі вінаваціць у тым, што яны ўсё зрабілі «наўмысна», што рэсурс «корміцца» з «распаленьня жарсьцяў», што яму гэта выгодна. Я даўно кажу пра тое, што абвінавачаньне ў «самапіяры» – самы распаўсюджаны (і безгустоўны) закід, які адзін разьюшаны беларус можа прад'явіць другому разьюшанаму беларусу.

Аднак паспрабуем астыць і паглядзець на сытуацыю, так бы мовіць, аналітычна. Відавочна, Анлайнэру за «славай» і «клікамі» бегаць ня мае сэнсу: гэта і так адзін з найбольш наведвальных рэсурсаў Байнэту. Відавочна (гэта бачна па танальнасьці камэнтаў), што рэсурс не імкнуўся абразіць беларускую мову ці правапіс Купалы, Чачота і Багушэвіча. Дык што ж адбылося?

Я даўно заўважыў, што пры выхадзе на пэўныя паказьнікі наведвальнасьці (у Беларусі гэта пачынаецца прыкладна з 500 тысяч штодзённых клікаў), любы партал пераўтвараецца ў амаль што ідэальнае сацыялягічнае адлюстраваньне стану беларускага грамадзтва. Ён пачынае выказвацца так, як выказалася б большасьць.

Большасьць лацінку не зразумела і не прыняла.

Пры гэтым ёсьць адна акалічнасьць. Падыходы савецкай журналісцкай школы («СМІ павінна адукоўваць, выхоўваць, інфармаваць») ужо даўно не працуюць нават зь дзяржаўнымі мэдыямі. Ніхто болей не «выхоўвае» і не «адукоўвае», усе болей-меней спрабуюць адпавядаць чаканьням чытача. Бо ва ўмовах не-савецкай канкурэнцыі, як толькі ты спыняеш тупа адлюстроўваць стан масавай сьвядомасьці і пачынаеш займацца місіянэрствам, масавы чытач зьбягае да тых, хто не адукоўвае, а забаўляе.

У гэтым сэнсе савецкая журналістыка, зь яе пісанымі этычнымі нормамі (якія, вядома, не працавалі, бо гэтая журналістыка дэ-факта была зброяй тупой прапаганды), была прыдатная выключна для савецкай сыстэмы СМІ, зь яе дзяржаўнай манаполіяй.

Сёньня мэдыі адлюстроўваюць і тыражуюць міты. І чым буйней мэдыі, тым заўважней чаканьні чытача, якім трэба адпавядаць. Гэта тым болей актуальна для Інтэрнэту, дзе ёсьць інстытут зваротнай сувязі.

І трэба не з Анлайнэраўцаў кпіць, а камэнты чытаць, робячы высновы аб краіне і аб чытачах. І спрабаваць зразумець, як і што рабіць з мазгамі тых, хто гэтыя камэнты піша.

Ня так даўно ў водгуках на іншым вельмі папулярным беларускім рэсурсе зь мільёнам клікаў, камэнтатары вельмі дасьціпна пляжылі мяккія знакі ў маім клясычным правапісу. Адзін зь іх нават запытаўся: «Менск это где? В Белоруссии?» І, што цікава, яго адразу пачалі цкаваць – і наконт «Белоруссіі», і наконт недапушчальнасьці кпінаў зь «Менску». Натоўп не прыняў тарашкевіцы, аднак не прыняў і «Белоруссіі». Беларусы ў сваёй арытмэтычнай большасьці не маюць нічога супраць «Менску» – ці не добрая гэта навіна?

Давайце пагодзімся з адной простай рэччу.

Фрыкі – не яны.

Бо іх – большасьць. Фрыкі – мы. Тыя, хто піша на тарашкевіцы. Тыя, хто задаволена вохае ад лацініцы ў мэтро. Для нармальнага беларускага Васі, які зайшоў на сайт выбраць сабе новую мабілу, лацініца – гэта сапраўды вычварэньне.

Відавочна, што трэба скарачаць адукацыйную дыстанцыю паміж «намі» і «імі». Але мэдыі да скарачэньня гэтай дыстанцыі не прыдатныя.

Паўтаруся: ленінская тэорыя журналістыкі болей не працуе. Калі пачаць пісаць пра Багушэвіча на парталах-мільёньніках, натоўп сыдзе шукаць навіны пра і Максіма Галкіна і Аліну Кабаеву некуды яшчэ. Мне здаецца, нешта можа зьмяніцца, калі пра культуру, яе мовы і сучасных ідалаў пачне штодзённа казаць тэлебачаньне, бо гэта тая крыніца, якая мае наўпроставы выхад на масавыя мазгі.

Але да тае пары (бо цяпер на тэлебачаньні іншая калода герояў) адукаваньнем павінна займацца школа. У тым ліку расповедам пра лацінскі правапіс і мову, на якой створана Купалава «Жалейка».