«Апазыцыянэры адмовіліся ад улётак і канчаткова сышлі ў інтэрнэт…»

Валянцін Жданко

7 лістапада ў Беларусі — дзяржаўнае сьвята. Гадавіну бальшавіцкага перавароту 1917-га году сёньня не сьвяткуюць на дзяржаўным узроўні нават там, дзе ён быў задуманы і ажыцьцёўлены — у Расеі. Даўно адмовіліся ад гэтай даты як ад сьвяточнай усе суседзі Беларусі. Хоць яшчэ два дзесяцігодзьдзі таму 7 лістапада адзначалі як дзяржаўную ўрачыстасьць дзясяткі краінаў на розных кантынэнтах.

Чаму беларуская ўлада так трымаецца за састарэлы камуністычны сымбаль? Гэта пытаньне даўно турбуе нашага слухача Мікалая Корзуна з Горадні, зь ліста якога пачну сёньняшнюю гаворку. Спадар Мікалай піша:

«Дзіўна, што Лукашэнка не адмяніў гэтае сьвята, захаваў яго пасьля распаду СССР. Бо што, па сутнасьці, ушаноўваць у гэты дзень? Тое, што самазванцы-бальшавікі пад кіраўніцтвам Леніна са зброяй у руках напалі на сядзібу законнага ўраду, зрынулі яго і захапілі ўладу ў краіне, каб потым больш як 70 год нікому яе не аддаваць? Цікава, як бы паставіўся Лукашэнка, каб гэтак жа, як бальшавікі Керанскага, зрынулі і яго, а потым абвясьцілі гэты дзень у краіне сьвятам антыдыктатарскай рэвалюцыі? Тут жа празрыстыя аналёгіі. Дзіўна, што афіцыйныя ідэолягі не падкажуць гэта Лукашэнку, не пераканаюць яго ў тым, што народ трэба натхняць зусім іншымі прыкладамі — ня тым, як натоўп разганяе абрыдлых міністраў, а чым-небудзь патрыярхальным, вернападданьніцкім… Ну, напрыклад, няхай бы замяніў гэта сьвяткаваньнем дня свайго прыходу да ўлады — як-ніяк, хутка 20-годзьдзе».

Ня ўсе памятаюць, што на пачатку 90-х гадоў гэты дзень з календара дзяржаўных сьвятаў быў выкрасьлены. А вярнуў яго менавіта Лукашэнка — прыйшоўшы да ўлады і актыўна выкарыстоўваючы ва ўласных палітычных мэтах настальгію значнай часткі тагачаснага насельніцтва. Дэмаралізаваны Вярхоўны Савет тады гэтую ініцыятыву дружна падтрымаў.

Аднак тыя ж развагі наконт сутнасьці кастрычніцкага сьвята, якімі падзяліліся ў сваім лісьце Вы, спадар Мікалай, напэўна, наведвалі і Лукашэнку. Бо за апошнія паўтара дзясятка гадоў ад савецкіх кастрычніцкіх традыцый у Беларусі не засталося практычна нічога — ні шматтысячных дэманстрацый, ні пампэзных урачыстых сходаў з удзелам кіраўніка дзяржавы, ні зацьверджаных галоўнымі ідэолягамі афіцыйных заклікаў… Здаецца, нават урачысты прыём у акцябраты ня вытрымаў выпрабаваньня часам.

✉ ✉ ✉

Ліст ад Івана Кузьняцова з Полацку — з развагамі пра сёньняшнюю крызісную эканамічную сытуацыю ў Беларусі, а таксама пра дзеяньні апазыцыі ў гэтых умовах. Слухач піша:

«Апошнія мітусьлівыя крокі Лукашэнкі ў пошуках грошай, а таксама ягоныя выказваньні пра варожае атачэньне сьведчаць пра тое, што створаная ім сыстэма набліжаецца да фазы паступовага згасаньня. Вядома, яе могуць часова ўратаваць новыя буйныя крэдыты ад МВФ ці Расеі, але спадзяваньняў на іх ня надта шмат. Вельмі верагодна, што Расея спыніла маштабную эканамічную падтрымку Лукашэнкі з тае прычыны, што сваю чорную справу ён ужо зрабіў, ператварыўшы Беларусь у паўкалёнію. А Расея ж хоча, каб гэтая калёнія была паўнавартасная, а не палавіністая…

Цікава, а як паводзяць сябе ў гэтай сытуацыі нашы змагары-апазыцыянэры? Мяркуючы па ўсім, яны поўнасьцю адмовіліся ад налепак ды ўлётак і канчаткова сышлі ў віртуальную прастору. Яно і зразумела: грошай няма, а навокал — мянты…Затое як прыемна сядзець ля кампутара ў мяккім крэсьле, пацягваць каву і змагацца з дапамогай мышы і клявіятуры…

Такое, так бы мовіць, „змаганьне“, лічу, недапушчальнае. Спытаеце: „Як жа ў такім разе змагацца?“ А хоць бы так, як змагаліся ў свой час эстонцы: памятаеце пра „сьпеўную рэвалюцыю“? Вось і нам трэба сьпяваць народныя песьні. Вывучыце „Спадчыну“ і „Малітву“ на вершы Янкі Купалы, „Беларускую песьню“ на вершы Караткевіча, багдановічаўскую „Пагоню“… Сьпявайце спачатку ў сваім коле, таемна, а потым — на мітынгах 25 сакавіка ды іншых… На крычалцы „Жыве Беларусь!“ далёка не заедзеш, усе гэта цудоўна разумеюць».

Эстонцы (як і латышы, і літоўцы), змагаючыся за незалежнасьць, былі аб’яднаныя нацыянальнай ідэяй. Таму і выходзілі на сьпеўныя сьвяты альбо на «Балтыйскі шлях» сотні тысяч людзей. І эканамічную блякаду яны гатовыя былі цярпець, і супраць узброеных спробаў аганізуючай камуністычнай сыстэмы, якая намагалася задушыць незалежніцкі рух, бясстрашна выходзілі на вуліцы — з голымі рукамі супраць танкаў… У большай часткі беларусаў — іншае стаўленьне да сваёй дзяржаўнай незалежнасьці, нацыянальнай культуры і мовы. І гэтую сытуацыю наўрад ці здольнае выправіць масавае развучваньне і выкананьне нават самых прыгожых беларускіх песень.

✉ ✉ ✉

Новы ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Мікалая Бусела зь вёскі Пружынішчы Акцябрскага раёну — як заўсёды, з крытычнымі заўвагамі, вострымі пытаньнямі і небясспрэчнымі высновамі. Спадар Мікалай піша:

«Сёньня ўраньні мне пашэнціла: пасьля сутаргавага націсканьня на кнопкі я ўсё ж здолеў злавіць „Свабоду“. Акурат пад канец рэпартажу Віталя Сямашкі, дзе ён разграбаў кучу гною ў пошуках 500-даляравага шчасьця. У Віталя дарма што язык падвешаны, але мова не зусім чыстая. Адкуль ён узяў тэрмін „угарны газ“? Ня ведаю такога. Ёсьць „чад“ і „чадны газ“. Па-другое, ён казаў: „За імі (цялятамі, значыцца) нехта там даглядае“. Тады як дзеяслоў „даглядаць“ пераходны, патрабуе вінавальнага склону. Трэба казаць „Іх даглядае“. Прашу зьвярнуць увагу карэспандэнта на высокія моўныя стандарты вашае станцыі і прапанаваць больш дбайна рыхтавацца да рэпартажаў: пасьціцца, чытаць адмысловыя слоўнікі (у каго яны ёсьць), устрымацца ад праслухоўваньня шапялявак зь іншых радыёстанцый…

Таксама я, пане Валянціне, быў моцна ўзрушаны і абураны пастаноўкай вашай станцыяй агіднага, недарэчнага і бессэнсоўнага пытаньня: чаму гэта беларуская апазыцыя не абараняе правоў сэксуальных меншасьцяў?..»

Далей, спадар Мікола, я прапушчу выказваньні на адрас геяў і лесьбіянак з прычыны поўнай адсутнасьці паліткарэктнасьці — перайду адразу да Вашых высноў адносна наступстваў для апазыцыі. (Яшчэ адна цытата зь ліста):

«Правакацыйнасьць пастаноўкі такога пытаньня ў тым, што наш народ адразу ж пачне плявацца і пляваць на апазыцыю (у нас любяць расстрэлы і „жэстачайшыя меры“). Да гэтага далучацца шматлікія ідэалягічныя аддзелы — і гэтаму прывіду нашай апазыцыі настануць апошнія капцы.

Дый што наогул можа абараніць здань апазыцыі? Яны ж маўчаць як рыбы — зь любой нагоды. З усёй дзейнасьці ў іх у галаве толькі выбары: выбары ў Азэрбайджане, выбары ў Грузіі, выбары ва Ўкраіне, выбары ў Расеі… Нічога не праміне гэты гурт, усюды прылабуніцца, усюды пашчыруе…Усюды, акрамя Беларусі. Ведаюць, шэльмы, чыё тут кананічнае поле!

Адзін Віталь Сямашка гэную кучу не разграбе. (Мой сябар абураўся акурат тым, пра што казаў спадар Віталь: „Пачаму малчыт апазіцыя? Неужэлі ана не відзіт?“) Бачыць яна ўсё, але ж баіцца».
Жадаю Вам, пане Валянціне, начальскай ласкі, божай прыязнасьці, жончынай і дзяцінай любові! Мая спагада ў Вас у кішэні«.
Подпіс: Мікалай Бусел, спарадычны слухач. Непэрспэктыўная безынтэрнэтавая вёска Пружынішчы, Акцябрскі раён.

За добрыя словы і за слушныя заўвагі дзякуй, спадар Мікалай. Ладную частку Вашага ліста я не працытаваў, паколькі перадачы «Свабоды» не павінны ўтрымліваць выказваньняў, якія могуць зьневажаць прадстаўнікоў любых грамадзкіх групаў.

Так, лідэры апазыцыйных партый (у тым ліку і лібэральнай празаходняй накіраванасьці) стараюцца пазьбягаць адкрытай падтрымкі правоў сэксуальных меншасьцяў альбо ўдзелу ў імпрэзах, якія ладзяць актывісты адпаведных арганізацый. Прычына найперш — у кансэрватыўных поглядах большасьці беларускага грамадзтва на гэтую праблему. Зь іншага боку, і сама апазыцыя, ейны прыгнечаны стан, пра які Вы, спадар Мікалай, так зьедліва выказваецеся — гэта таксама адбітак стану сёньняшняга беларускага грамадзтва, ягоных настрояў, чаканьняў, гатовасьці (ці НЕгатовасьці) да зьменаў у дзяржаве і ва ўласным жыцьці.

✉ ✉ ✉

З шэрагам заўваг і прапаноў зьвяртаецца да нас Эдуард Тобін са Смалявічаў. Ён, у прыватнасьці, лічыць, што «Свабода» недастаткова ўвагі аддае асьвятленьню тэмаў нацыянальнай гісторыі. Слухач піша:

«Пастаянна, штодня вам трэба агучваць гістарычную праблематыку. Ці вы ня ведаеце, што наша грамадзтва, на жаль, застаецца абсалютна недасьведчаным у сваёй гісторыі? І гэтая праблема для Беларусі — звышактуальная. Гістарычная неадукаванасьць — вельмі кепска, паколькі скрайне нэгатыўна адбіваецца на сацыяльна-культурным становішчы грамадзтва і краіны, якая з такім „інтэлектам“ населеная, па сутнасьці, статкам, а не народам.

Яшчэ адна заўвага. У вас часта можна пачуць: арыштавалі „за несанкцыянаваны пікет“ і да т.п. А што на гэты конт гаворыць Канстытуцыя? Чаму пра гэта ні гу-гу?

Таксама часта вы тыражуеце, пардон, лухту, калі кажаце: „Рэспубліка Беларусь“, „Палата прадстаўнікоў“… Беларусь — не рэспубліка, а правінцыя імпэрыі Расейскай. Ці для вас гэта сакрэт? Ах, у Канстытуцыі так запісана? Дык хто ж яе паважае і прытрымліваецца? Чаму, згадваючы нелегітымную „палатку“, вы не дадаяце „гэтак званая палата“? Аналягічна: „гэтак званая канстытуцыя“? Непаліткарэктна? Ці боязна?».

Журналісцкія рэпартажы ды інфармацыйныя заметкі — гэта не паліталягічныя дасьледаваньні і не вэрдыкты трыбуналу, спадар Эдуард. Калі падыходзіць да іх з тымі крытэрамі, на якіх Вы настойваеце, дык можна дайсьці да абсурду. Вось, напрыклад, як, згодна з Вашымі інструкцыямі, павінен гучаць сказ: «Лукашэнка наведаў Палату прадстаўнікоў, дзе гаварыў пра Канстытуцыю». Прыкладна гэтак: «Так званы прэзыдэнт правінцыі Расейскай імпэрыі наведаў нелегітымную „палатку“, дзе гаварыў пра так званую канстытуцыю»? Немагчыма, спадар Эдуард, у кожнай заметцы, дзе проста згадваюцца Лукашэнка альбо Палата прадстаўнікоў, пераказваць усю гісторыю Беларусі, пачынаючы ад ’94-га году, ды даваць палітычныя ацэнкі ўсім дзяржаўным інстытуцыям.


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by