Не Сідорскі, не Макей, і ніхто падобны

Сяргей Навумчык

Журналіст мае права не выдаваць свае крыніцы інфармацыі, таму не пытайцеся – не адкажу. Назаву толькі месца – Нова-Агарова пад Масквой. Тое самае, дзе ў 91-м Гарбачоў безвынікова спрабаваў скласьці з новых незалежных дзяржаў нью-СССР.

Гады тры таму запрасіў Уладзімер Уладзімеравіч у Нова-Агарова аднаго з кіраўнікоў беларускага ўраду, назавем яго С. Не перамовы пра газ-малако-мытныя падаткі весьці, а па-сяброўску пасядзець, павячэраць.

Пасьля размовы пра футбол (а можа, пра мастацкую гімнастыку – крыніца не ўдакладніла), Уладзімер Уладзімеравіч сказаў прыблізна наступнае:

– Мы вельмі, вельмі паважаем Аляксандра Рыгоравіча, і высока ацэньваем ягоны ўнёсак у справу ўмацаваньня братэрскіх сувязяў паміж нашымі народамі. Але мэты, якія ставіць перад намі патрэба больш шчыльнай інтэграцыі, вышэй за магчымасьці Аляксандра Рыгоравіча. Урэшце, ён таксама чалавек, а кожны чалавек мае свой рэсурс. Аляксандар Рыгоравіч свой рэсурс вычарпаў. Калі б Вы – менавіта Вы – вырашылі на наступных прэзыдэнцкіх выбарах узяць на сябе ўвесь цяжар адказнасьці за народ, лёс якога нам неабыякавы, мы б у Крамлі паставіліся да гэтага з поўным разуменьнем.

Далейшых нарыхтаваных слоў Уладзімеру Ўладзімеравічу вымавіць не давялося, бо прыйшлося выкрыкнуць ахоўніку толькі адно: «Лекара!» – менскі госьць спачатку зьбялеў, а праз імгненьне скаціўся на паркет.

Імкліва далі ўкол, адкачалі, празь пяць хвілінаў С. ужо сядзеў на канапе. Далейшая размова была кароткай і толькі дзеля прыстойнасьці – пра футбалістаў (не пра гімнастак жа пры такім здароўі гаварыць).

Уласна, на гэтым можна было б і скончыць.

Ну, не байцы таварышы з бліжэйшага і ня вельмі блізкага атачэньня Лукашэнкі, каб рызыкнуць і замяніць яго нават і пры падтрымцы Масквы.

Дзеля «палацавага перавароту» трэба нешта іншае, акрамя як блізкасьць да цела ды вопыт інтрыг. Мелі ж блізкасьць да тыранаў фэльдмаршалы з атачэньня Гітлера ды члены сталінскага Палітбюро, ды і гуманістамі іх не назавеш – а вось жа толькі пасьля зыходу бэсьцілі (у адным выпадку – у Нюрнбэргу, у другім – у мэмуарах) таго, каму лізалі боты.

Усё гэта я да меркаваньня Юрыя Дракахруста, выкладзенага ім у тэксьце «Толькі Сідорскі!» – «Хто такія былі Юшчанка і Цімашэнка? Былыя прэм'ер і віцэ-прэм'ер Кучмы. Хто такія былі Саакашвілі і Жванія – былыя міністар юстыцыі і былы генэральны сакратар партыі Шэварднадзэ. Хто такі быў Бакіеў? Былы прэм'ер Акаева. Так і ніяк інакш».

Не, Юры, можа быць і інакш.

Ёсьць прыклады, калі на зьмену аўтарытарным лідэрам прыходзілі людзі дэмакратычных перакананьняў, часта – дысыдэнты. У Чэхіі – Вацлаў Гавал, у Польшчы – Лех Валэнса, у Баўгарыі – Жэлю Жэлеў. І там, дзе прыйшлі такія лідэры, быў абраны дэмакратычны, эўрапейскі шлях. Канечне, само па сабе гэта не гарантуе далейшай сьветлай будучыні, могуць быць і выключэньні – Тэр-Петрасяна ці Эльчыбея зьмянілі далёка не дэмакраты.

Але там, дзе дыктатара зьмяняе аўтарытарны кіраўнік (то бок чвэрць дыктатара) – альбо асоба хай і з дэмакратычнай рыторыкай, але з «вопытам кіруючай працы» пры тыране – там мы бачым перадзел уласнасьці, карупцыю, сацыяльную напружанасьць, палітычную нестабільнасьць, і вельмі часта, як вынік – чарговага дыктатара. І вось тут ужо няма выключэньняў.

У Беларусі шанец прыходу дэмакратычных лідэраў да ўлады быў (на мой погляд) страчаны ў 1992 годзе, калі не адбыўся рэфэрэндум аб датэрміновых парлямэнцкіх выбарах.

Дваццаць гадоў краіна знаходзіцца ў рэжыме паўзы. Гэта – цэлае пакаленьне, якое сьмела можна назваць пакаленьнем «паўзы». Ва ўмовах імклівага вонкавага цывілізацыйнага разьвіцьця паўза – гэта адставаньне, і чым далей, тым цяжэй будзе даганяць.

Дык ці павінны тыя, хто вызнае дэмакратычныя погляды, зьмірыцца (а фактычна менавіта гэта, калі зьняць прыгожую абалонку, прапануе Юры) – ці павінны яны «скласьці лапкі» і адтэрмінаваць дэмакратычны выбар Беларусі на яшчэ Бог ведае які працяглы час?