Пакуль беларусаў толькі кормяць казкамі пра «чароўную будучыню», азэрбайджанцы ўжо там.
Праз 12 гадоў пасьля першага наведваньня Баку ў 2000-м было ўражаньне, што трапіў у іншы горад. Вядома, значная частка ўбачанага — з катэгорыі «пыл у вочы», але гэтага дастаткова для высновы: ня ўсе нафтабаксы асядаюць у кішэнях тых, хто дапушчаны да ўладнай кармушкі. Пры тым, што ў Індэксе карупцыі і Беларусь, і Азэрбайджан займаюць аднолькава непрывабнае 143 месца са 182 сьпісавых.
Пазнавальнай воку засталася хіба што алея Шахідаў з манумэнтам «Вечны агонь» у цэнтры, дый то пасьля рэканструкцыі 2007 году цяпер тут усё ва ўніфікаваным, мэмарыяльным выглядзе. У братэрскай магіле — сотні ахвяраў барацьбы за незалежнасьць: 20 студзеня 1990 году савецкія войскі расстралялі ўдзельнікаў мірнага мітынгу, не шкадавалі нават дзяцей. Тут жа і многія з тых, хто загінуў у армяна-азэрбайджанскім канфлікце ў Нагорным Карабаху — увогуле забітымі з абодвух бакоў лічацца 50 тысяч чалавек. Ўзаемныя фобіі на гэтай глебе дагэтуль надзвычай моцныя. З алеі адкрываецца цудоўны від на гарадзкую панараму: з вышыні прыморскі Баку нагадвае Дубай.
Дамінанта Баку — «паламаныя» вежы комплексу хмарачосаў, стылізаваныя пад языкі полымя. Па-ангельску яны так і завуцца — Flame Towers. Аналёгіі зьвязаныя, як і шмат што на Касьпіі, з вуглевадароднай тэмай — языкі сымбалізуюць гарэньне газу. Новыя будынкі на месцы гатэля «Масква» яшчэ даводзяць да ладу, але ўначы яны на ўсе кіляваты зіхацяць ілюмінацыяй — то пераліваюцца лічбавым полымем, то расквечваюцца колерамі нацыянальнага сьцяга. У гэткім жа стылі па ўсім горадзе паўсталі дзясяткі гмахаў прэстыжных гатэляў. З Flame Towers суседнічае традыцыйны мусульманскі мячэт.
Прыемна ўражвае сучасная архітэктура ў жыльлёвым сэктары. Адрозна ад беларускіх панэльных штамповак, новыя дамы ў Баку будуюцца з улікам нацыянальнай адметнасьці, зь яскравым мясцовым калярытам і аднолькава пяшчанага колеру. Да непазнавальнасьці перабудаваная набярэжная: зьніклі нафтавыя вышкі, якія стаялі ўздоўж усяго ўмоўнага пляжу, іх месцы занялі яхтавыя паркоўкі і пірсы. Зрэшты, характэрныя каляровыя кругі на вадзе разыходзяцца дагэтуль. Важна адзначыць: горад забудоўваецца такім чынам, што гістарычная частка Баку (дарэчы, у асноўным пешаходная) застаецца не кранутая «бульдозэрнай рэстаўрацыяй» — зноў жа, адрозна ад шматпакутнага Менску.
Сучаснасьць у Баку практычна паўсюль перакрыжоўваецца са спадчынай усіх аўтарытарных краінаў. Бяз культу асобы тут — нікуды. Прычым памерлы прэзыдэнт Гейдар Аліеў шануецца нават больш, чым ягоны сын, цяперашні лідэр Азэрбайджану Ільхам Аліеў. Імем Гейдара названыя зь дзясятак культурных і спартовых комплексаў, аэрапорт, нафтаправод, горная вяршыня, заснаваны адмысловы ордэн. У грамадзтве актыўна культывуецца ўяўленьне пра богаабранасьць сваіх вышэйшых кіраўнікоў — маўляў, каб не дынастыя Аліевых, нічога вартага не атрымалася б. А тое, што падчас прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці Аліевы, іх сваякі ды набліжаныя сябе не пакрыўдзілі (перадусім — нафтавымі актывамі) старанна замоўчваецца.
«Урваць» ад нафтавых радовішчаў тут намагаліся ва ўсе часы. Тэма чорнага золата ў Баку шчыльна ўвязаная з адной вядомай сям’ёй. Ад канца ХІХ стагодзьдзя на Каўказе асела «Таварыства нафтавай вытворчасьці братоў Нобэляў» — першы ўчастак для нафтаздабычы Людвіг, Робэрт і Альфрэд Нобэлі набылі ў Баку ў 1873 годзе. Менавіта тут Альфрэд вынаходзіць спосаб бесьперапынна транспартаваць нафту праз нафтаправод. Неўзабаве вырас цэлы гарадок для службоўцаў з будынкамі ў бізантыйскім стылі, які назвалі «Віла Пэтролеа». Але бізнэс скончыўся разам з нацыяналізацыяй маёмасьці ў 1917-м. Цяпер на віле ладзяць прыёмы сучасныя азэрбайджанскія нафтавікі. Пра колішні размах справы нагадвае багатае ўбранства нобэлеўскіх пакояў.
«Нафтавая падушка» Азэрбайджану ў грашовым эквіваленце набліжаецца да 35 мільярдаў даляраў. Так стратэгічны запас ацэньвае Дзяржаўны нафтавы фонд краіны. Яшчэ больш за 10 мільярдаў даляраў золатавалютных рэзэрваў акумулявана ў Цэнтральным банку. Беларуская «падушка» ў разы сьціплейшая — 8 мільярдаў даляраў у пераліку Нацбанку. Манапольнае права распараджацца ўсімі нафтавымі запасамі краіны належыць дзяржаўнай карпарацыі Socar — яна пад асабістым кантролем Ільхама Аліева. Нафта і газ за апошнія гады прынесьлі азэрбайджанскай казьне блізу 60 мільярдаў даляраў. Пры такой тэндэнцыі да 2020-га актывы павялічацца да 100 мільярдаў.
Азэрбайджану ўсё часьцей давяраюць імпрэзы самага высокага рангу. У траўні тут з размахам прайшоў сьпеўны конкурс «Эўрабачаньне-2012», дзеля якога, праўда, са скандалам давялося зьнесьці цэлы пасёлак. На яго месцы паўстаў сучасны канцэртны комплекс, тэрыторыю вакол якога парадкуюць дагэтуль. Нядаўна тут завяршыўся футбольны чэмпіянат сьвету па футболе сярод юніёрак, а таксама адгрымеў міжнародны джаз-фэстываль. Дзеля абслугоўваньня шматлікіх турыстаў на гарадзкіх маршрутах працуюць паўтысячы легендарных ангельскіх таксі-кэбаў, спэцыяльна набытых да «Эўрабачаньня».
У той жа час Азэрбайджан ніяк ня можа быць узорам у справе гарантаваньня сваім грамадзянам элемэнтарных правоў на свабоду слова і выказваньня. У турмах знаходзяцца палітычныя апанэнты рэжыму, квітнее цэнзура ў СМІ. Падчас таго ж «Эўрабачаньня» заклапочанасьць такім становішчам на ўвесь сьвет выказала пераможца конкурсу, швэдзкая сьпявачка Ларын. Паказальна, што празь некалькі месяцаў тое ж яна заявіла і ў Менску. Але ўдзел заходніх кампаній у распрацоўцы нафтавых радовішчаў дае афіцыйнаму Баку карт-блянш на маніпуляваньне канстытуцыйнымі патрэбамі. Дарэчы, паводле некаторых паказьнікаў «несвабоды» сытуацыя ў Азэрбайджане нават лепшая за беларускую: калі ў рэйтынгу свабоды слова Азэрбайджан займае 172 месца са 197 краінаў, то Беларусь — у самым хвасьце, 193-я.
Хоць афіцыйныя Менск і Баку маюць збольшага ідэнтычныя пазыцыі што да асноўных геапалітычных працэсаў, бездань паміж прыбыткамі ад прыроднай рэнты імкліва пашыраецца. Адрозна ад нафты і прыроднага газу, аналягічнымі тэмпамі багацець на продажы калійных угнаеньняў немагчыма. Да таго ж гэта дзьве зусім розныя рэчы — мець нафтавы афшор, дывідэнды ў які плывуць наўпрост з багатых радовішчаў, ці той, які грунтуецца на перапрацоўцы расейскай сыравіны і далейшым перапродажы нафтапрадуктаў. За 20 апошніх гадоў шляхі дзьвюх постсавецкіх краінаў заўважна разышліся.