Польская пракуратура: Cьлядоў выбухоўкі не знайшлі

Польская пракуратура сьцьвярджае, што экспэрты не знайшлі на абломках прэзыдэнцкага самалёту, які разьбіўся 10 красавіка 2010 году пад Смаленскам, ніякіх выбуховых рэчываў.
Пра гэтую знаходку напісала сёньня Rzeczpospolita, адзначаючы, што польскія адмыслоўцы, які вярнуліся з Расеі два тыдні таму, выявілі на абломках і 30 крэслах прэзыдэнцкага ТУ-154 сьляды тратылу і нітрагліцэрыну.

Сёньня на адмысловай прэс-канфэрэнцыі выступіў палкоўнік Ірэнэуш Шэлянг, кіраўнік вайсковай пракуратуры ў Варшаве.

«Толькі экспэртыза ў лябараторыі дасьць канчатковы адказ адносна выбуховых рэчываў» – сказаў Шэлянг, дадаючы, што пакуль няма падставы, каб рабіць высновы аб наяўнасьці тратылу ў абломках прэзыдэнцкага самалёту. Шэлянг таксама адзначыў, што прыборы, якімі выкрываюць прысутнасьць тратылу, падобным чынам рэагуюць на глебу або на парфумы.

Шэлянг аднак выразна падкрэсьліў, што пракуратура не адкідае магчымасьці, што ў абломках самалёта можа быць тратыл. Паводле вайсковага пракурора, сёньняшні стан досьледаў гэтых абломкаў не дазваляе зрабіць такой высновы, пра якую напісала Rzeczpospolita.