Даган вярнуўся ў Ізраіль

Мэір Даган и прэм'ер Ізраілю Бэньямін Нэтан'ягу

Былы кіраўнік ізраільскай зьнешняй разьведкі «Масад» Мэір Даган вярнуўся на радзіму пасьля лячэньня ў Беларусі, паведаміла сёньня газэта «Гаарэц».
Паводле выданьня, пасьля прыбыцьця ў Ізраіль 67-гадовы Даган быў зьмешчаны ў клініку. Яго стан ацэньваецца як стабільны.

У сярэдзіне кастрычніка прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі паведаміў аб тым, што ў беларускай клініцы праведзена пасьпяховая перасадка пячонкі экс-кіраўніку «Масада». Лукашэнка тады падкрэсьліў, што ад апэрацыі адмовіліся амэрыканскія і швэдзкія спэцыялісты.

Ізраільскія СМІ паведамлялі, што клінікі Ізраіля адмаўляюцца рабіць перасадку пячонкі, калі пацыенту больш за 65 гадоў. Арганізаваць Дагану такую апэрацыю ў Беларусі дапамагло асабістае хадайніцтва ізраільскага кіраўніцтва. На мінулым тыдні прэзыдэнт Ізраіля Шымон Пэрэс тэлефанаваў Лукашэнку, каб падзякаваць яму за дапамогу ў лячэньні Дагана.

Заявы прэзыдэнта Беларусі выклікалі крытыку з боку кіраўніка апазыцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Ён заявіў, што «пахвальба Лукашэнкі» паставіла пад пагрозу бясьпеку простых беларусаў у сувязі з магчымым намерам арабскіх радыкалаў паквітацца з экс-шэфам ізраільскай выведкі, адзначае агенцтва РИА Новости.