«Улады трымаюць уласных грамадзянаў у закладніках»

Алесь Лагвінец

Беларусь не гатовая да лібэралізацыі памежнага руху з Польшчай у сувязі з палітыкай польскага боку адносна афіцыйнага Менску, — заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.
Чаму з-за напружанасьці ў міждзяржаўных дачыненьнях Менску і Варшавы церпяць інтарэсы звычайных людзей? Ці можа польскі бок у аднабаковым парадку лібэралізаваць памежны рэжым? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: «Беларускія ўлады любяць казаць, што іхнія кепскія дачыненьні з эўрапейскімі палітыкамі — не перашкода для добрых дачыненьняў паміж народамі. Але вось у заяве пра тое, што Беларусь ня хоча лібэралізаваць памежны рух з Польшчай, МЗС якраз спасылаецца на палітычныя стасункі. Дык ці можна сказаць, што практычныя праблемы становяцца ахвярай палітычных адносінаў?»

Лагвінец: «Я лічу, што такая глупота з вуснаў прэсавага сакратара МЗС вельмі сымптаматычная. Яна паказвае лад мысьленьня ўладаў, паказвае, што, па сутнасьці, яны трымаюць уласных грамадзянаў у закладніках. Яны шантажуюць іншыя дзяржавы, пагражаючы не даваць свабоды ўласным грамадзянам. Паводле Канстытуцыі і паводле здаровага сэнсу акурат улады і павінны ствараць умовы для рэалізацыі правоў і свабодаў грамадзянаў.

Ёсьць думка зьвярнуцца да ўраду Польшчы і Эўрапейскай камісіі, каб Польшча ў аднабаковым парадку ўвяла гэтае пагадненьне і спрасьціла ўезд у Польшчу грамадзянам Беларусі, якія падпадаюць пад гэтую дамоўленасьць. І гэта, па сутнасьці, ня будзе замінаць наяўным пагадненьням».

Цыганкоў: «А якую рэакцыю Менску можа выклікаць такі неардынарны крок?»

Лагвінец: «Ведаеце, улады Беларусі часам дзейнічаюць паводле прынцыпу „гарыць плот — гары і хата“. Яны сапраўды маглі б давесьці сытуацыю да абсурду і пачаць ствараць праблемы беларускім грамадзянам у выезьдзе ў Польшчу. Але такі крок выклікаў бы далейшую дэлегітымізацыю рэжыму і паспрыяў бы абурэньню людзей супраць уладаў».