Кошты на лекі папаўзьлі ўверх

Дырэктар Дэпартамэнту фармацэўтычнай прамысловасьці, ён жа намесьнік міністра аховы здароўя Генадзь Гадавальнікаў паведаміў, што неўзабаве вырастуць цэны на 33 найменьні айчынных лекаў. На асобныя — у 2,3 раза, іншыя падскочаць у цане на 1, 5, 7, 15 адсоткаў.

Наш карэспандэнт сёньня хадзіў па гомельскіх аптэках і размаўляў пра цэны з аптэкарамі і мясцовымі жыхарамі.

Прадстаўніца гандлёва-вытворчага прадпрыемства «Фармацыі» апавяла:

«Апошні раз „Белмэдпрэпараты“ павышалі кошты, давалі новыя: глібэнкламід — гэта лекавы сродак у выпадку цукровага дыябэту, вэрапамін, гепарын; ампіцылін, гідраміцын — гэта антыбіётыкі, мэтранідазол, рыфампіцын — ад тубэркулёзу».

У 70-гадовай пэнсіянэркі Людмілы хворыя суставы, цукровы дыябэт. Таму яна часта наведвае аптэкі. Спадарыня Людміла апавяла пра кошты на лекі:

«Растуць жахліва, непад’ёмныя часам. Калі выпісвае лекар рэцэпт, то прашу таньнейшае ўсё. А што яно таннае? Імпартныя рэдка купляю, купляю нашыя беларускія, бо яны таньнейшыя. На месяц прыкладна 300 тысяч на мяне на адну трэба, ды яшчэ дзед у мяне такі, як я. Дзесьці паўмільёна на дваіх — гэта як мінімум — трачу на лекі».
Калі выпісвае лекар рэцэпт, то прашу таньнейшае ўсё

Беларускія лекі супраць грыпу, вядома, менш каштуюць, чымсьці імпартныя. Калі, напрыклад, за айчынны «Антыгрыпін» трэба аддаць 36 з паловай тысяч рублёў, то за імпартны «Фэрвэкс» — 58 тысяч. Барысаўскі прэпарат ад ціску «Лізінапрыл» каштуе 35 тысяч рублёў, вугорскі «Дыратон» — 112 тысяч рублёў, хоць у мінулым годзе 28 таблетак яго каштавалі ўсяго 65 тысяч.

Карыстацца толькі айчыннымі лекамі не заўсёды выпадае, бо ў многіх выпадках яны дапамагаюць слаба. І людзі мусяць купляць імпартныя лекі:

«Ад печані купляю „Карсіл“ — ён дарагі. Апошні раз, калі купляла, каштаваў, здаецца, 80 тысяч. Купляю „Тэрафлекс“ ад суставаў — ён мне крыху дапамагае, але на курс лекаваньня трэба адразу каля 300 тысяч. А прымаць трэба кожныя паўгода. Гэта значыць: 2 месяцы прымаеш, 4 месяцы перапынак — і зноў прымай».

Бабуля Надзея толькі што выйшла з аптэкі № 1 на вуліцы Савецкай:

«Я беларускія не купляла — мне ад запаленьня мачавога пухіра. Мне лекар сказала, што толькі імпартныя — яны мацнейшыя. За 10 таблетак — 35 тысяч».

Кошты на замежныя лекі ў гомельскіх аптэках растуць яшчэ шпарчэйшымі тэмпамі, чым на айчынныя. Тая ж «Но-шпа» каштавала нядаўна 31 тысячу рублёў, зараз — звыш 52 тысяч, «Мезім фортэ» — адпаведна 23 і 36 тысяч рублёў. Пушачка «Хафітолу» дасягнула 160 тысяч рублёў.

Часьцяком гараджане мусяць купляць замежныя лекі, як і спадарыня Валянціна:

«Сёньня патрапіла на імпартнае — беларускага ад вальляка не было. Спыталася, беларускага не было, узяла замежнае — „Тыраксін“».