«55 працэнтаў жыве фактычна на мяжы рысы беднасьці»

Леанід Злотнікаў

Сёньня Міжнародны дзень барацьбы супраць галечы. Наколькі пасьпяхова беларуская дзяржава змагаецца зь беднасьцю? Ці расьце розьніца паміж беднымі і багатымі? Які працэнт беларусаў жыве за рысай беднасьці і як мяняецца гэтая лічба за апошнія гады? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

— Як мяняецца ўзровень беднасьці ў Беларусі, якая тут дынаміка?

— Хаця Беларусь і называецца «сацыяльна арыентаванай дзяржавай», але грашовыя даходы на аднаго члена сям’і ў 2,8 разу меншыя, чым у Расеі. Яны таксама меншыя, чым у Казахстане. Сям’я ў нас лічыцца беднай, калі грашовыя даходы на аднаго члена сям’і не перавышаюць 840 тысячаў рублёў. Слухачы Свабоды самі могуць вырашыць, ці магчыма пражыць на гэтыя грошы.

Што да дынамікі, то колькасьць бедных крыху вырасла ў параўнаньні з пачаткам 2011 году. Яна вырасла прыблізна на 4 працэнты і зараз складае 7-8 працэнтаў. Вельмі важны паказьнік — колькі сям’я траціць сваіх даходаў на ежу. Беларускія сем’і ў 2011 трацілі на ежу каля 40 працэнтаў сваіх даходаў, але сёлета выдаткі сем’яў на харчаваньне павялічыліся прыкладна на 4 працэнты.

— Якія суадносіны паміж беднымі і багатымі ў Беларусі?

— Гэты паказьнік — каэфіцыент Джыні — у Беларусі даволі невысокі. Расслаеньне даходаў ня вельмі высокае, паводле афіцыйнай статыстыкі. Аднак калі паглядзець статыстыку па заробках, то мы ўбачым, што 55 працэнтаў насельніцтва атрымлівае заробкі меншыя за тры мільёны рублёў у месяц. Тая меншасьць, якая атрымлівае больш, і забясьпечвае сярэдні заробак па краіне, які за жнівень складае 4 мільёны 85 тысяч. То бок 55 працэнтаў жыве фактычна на мяжы рысы беднасьці, і можа апынуцца ніжэй гэтай рысы, калі будзе нейкі крызіс.