Беларускія мільярдэры — хто яны?

Міжнародная кансалтынгавая кампанія Wealth-X апублікавала дасьледаваньне World Ultra Wealth Report 2012–2013, у якім падлічыла колькасьць мультымільянэраў у розных краінах сьвету. Паводле ацэнак аналітыкаў, у Беларусі цяпер 115 мультымільянэраў, а іх маёмасьць ацэньваецца ў 13 мільярдаў даляраў. Ці ёсьць у Беларусі сапраўдныя мільярдэры?

Паводле колькасьці мультымільянэраў Беларусь заняла 27-е месца сярод 45 краінаў Эўропы. У параўнаньні з рэйтынгам 2011–2012 гадоў колькасьць беларускіх мультымільянэраў павялічылася на 5 чалавек (на 4%), а вось іхні капітал скараціўся на 3,3%.

16 кастрычніка на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў Аляксандар Лукашэнка заявіў: «У нас мільярдэраў няма, але багатыя ёсьць. Але напаказ яны сваё багацьце выстаўляць ня любяць».

Начальнік аддзелу інфармацыйна-тлумачальнай працы, прэсавы сакратар Міністэрства падаткаў і збораў Сяргей Шкут камэнтаваць інфармацыю пра існаваньне 115 беларускіх мільярдэраў ня стаў, але расказаў Радыё Свабода пра самы вялікі падатак, сплачаны за мінулы год:

«У нас сапраўды была самая высокая сума падаходнага падатку — 2,2 мільярда рублёў (прыкладна 270 тысяч даляраў). Сума сплачаная фізычнай асобай, што пражывае ў горадзе Менску, ад продажу акцыяў».

Карэспандэнтка: «А не ўдакладніце, акцыяў чаго?»

«Не, калі я вам скажу, што гэта за акцыі, парушу падатковую таямніцу».

Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка, што да існаваньня беларускіх мультымільянэраў, перакананы:

Леанід Заіка

«Вядома, ёсьць. Любы добры, разумны дырэктар вялікага прадпрыемства і будзе мільянэрам. Найбольш вялікія абароты, зьдзелкі ў нас магчымыя, найперш, на рынку нафтапрадуктаў, ён абсалютна прыкрыты чыноўнікамі. Рынак жытла і будаўніцтва, рынак аўтамабіляў, рынак мясапрадуктаў таксама даюць мільярдны абарот у год у краіне».

Інтэрнэт-партал «Ежедневник» з 2007 году публікуе рэйтынгі 200 самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі. Ачольваюць сьпіс Уладзімер Пефціеў («Белтэхэкспарт»), Юры Чыж («Трайпл»), Аляксандар Машэнскі («Санта Імпэкс Берасьце»). Ёсьць у гэтым рэйтынгу і дырэктары прадпрыемстваў — «Амкадора», «Атлянта», «Кераміна», банкіры, уладальнікі супэрмаркетаў, страхавых кампаніяў…

Былы генэральны дырэктар «Амкадора» Васіль Шлындзікаў кажа:

«Я слаба веру, што такая колькасьць. Думаю, дзясяткі тры дакладна ёсьць».

Карэспандэнтка: «Інтэрнэт-выданьне рабіла дасьледаваньне, і ў іх рэйтынгу на першым месцы Пефціеў, на другім Чыж, а на пятым — ваш пераемнік, цяперашні генэральны дырэктар „Амкадора“ Аляксандар Шакуцін. Ён можа валодаць такім багацьцем?»

«Напэўна, так. Ну, не мільярды ў яго, вядома. Сотню-другую мільёнаў даляраў мае. Калі акцыі не лічыць, бо акцыі „Амкадора“ — справа такая: сёньня — ягоныя, а заўтра будуць не ягоныя».

Андрэй Клімаў

А вось Андрэй Клімаў, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў быў адным з самых пасьпяховых бізнэсоўцаў, валодаў банкам, будаўнічай кампаніяй, газэтай, перакананы:

«Няма ў нас ніякіх мільярдэраў. У нас бедная краіна».

Карэспандэнтка: «І нават гэтыя гучныя прозьвішчы…»

«Якія гучныя прозьвішчы? Гэта чыстай вады піяр. Гэта ўсяго толькі VIP-старшыні. Няўжо цяперашняя ўлада дапусьціць, каб хтосьці быў настолькі самастойным? Мільярдэр — гэта вельмі-вельмі заможны чалавек. Вось адзін мільярдэр зьмяніў уладу ў Грузіі… Каб быў буйны капітал, ён бы кіраваў краінай. А пакуль у нас толькі адзін мільярдэр».
Каб быў буйны капітал, ён бы кіраваў краінай. А пакуль у нас толькі адзін мільярдэр

Леанід Заіка кажа, што ў краіне, акрамя заможнай намэнклятуры, чыноўнікаў, ёсьць пэўная колькасьць самых звычайных абывацеляў, якія валодаюць даволі сур’ёзнай уласнасьцю — у грашах, акцыях, нерухомасьці:

«Ёсьць „абыдзенныя“ мільянэры. Гэта можа быць дзяўчынка, якой у спадчыну дасталася ад дзядулі — партыйнага намэнклятуршчыка добрая двухузроўневая кватэра ў цэнтры гораду (дарэчы, у мяне ёсьць такая знаёмая). Раней катэдж каштаваў 400 тысяч даляраў максымум. Зараз ёсьць абвесткі аб продажы катэджаў за 1 мільён 350 тысяч даляраў — нейкі Коля альбо Вася пабудаваў і прадае. То бок ёсьць такая бытавая мільянэрыя».

Карэспандэнтка: «А вось усе „кашалькі“ — Пефціеў, Чыж?»

«Дык гэта ж намэнклятурныя грошы, чыноўнікаў, намэнклятуры».

Датэлефанавацца каму-небудзь, хто ўваходзіць у рэйтынг інтэрнэт-парталу «Ежедневник», не ўдалося — хто ў камандзіроўцы, хто на важных перамовах, хто на аб’екце… А некаторыя ўжо пад сьледзтвам — да прыкладу, некалі вельмі пасьпяховы і ўплывовы старшыня «Трастбанку» і «Белзамежбуду» Віктар Шаўцоў, старшыня назіральнай рады «Тэхнабанку» Ўладзіслаў Кацарэнка. Як кажуць, ад сумы ды ад турмы не заракайся…