«Замарожанасьць у беларуска-эўрапейскіх адносінах застанецца»

Андрэй Казакевіч

Рада Эўразьвязу сёньня падоўжыла візавыя і маёмасныя санкцыі супраць беларускіх уладаў яшчэ на адзін год. Ці можна назваць гэтае рашэньне аптымальным на дадзены момант, ці ў Эўразьвязу былі іншыя прымальныя варыянты? Пры якіх умовах стасункі афіцыйнага Менску і Брусэлю могуць палепшыцца? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

— Як бы вы ацанілі гэтае рашэньне Эўразвязу? Ці былі ў Брусэлю іншыя палітычныя магчымасьці альбо на сёньняшні момант гэта адзіны рэалістычны падыход?

— Я бы пагадзіўся з вашым меркаваньнем, што гэта самае аптымальнае рашэньне. Бо яно, з аднаго боку, пацьвярджае асноўныя пазыцыі і прынцыпы Эўропы, якія былі агучаныя да гэтага, а зь іншага — дэманструе нейкую гатоўнасьць да зьмены ў стаўленьні, калі беларускія ўлады будуць рухацца ў правільным кірунку праз канкрэтныя дзеяньні, а ня толькі праз дэклярацыі.

— Ці магчымыя ўвогуле нейкія пазытыўныя зьмены ў беларуска-эўрапейскіх дачыненьнях пры нязьменных паводзінах цяперашняга палітычнага рэжыму ў Беларусі? Ці можа ўтварыцца зноў такая сытуацыя, як у 2009-10 годзе, калі нейкія прычыны сталі рухавіком такіх зьменаў?

— Беларусь пасьля сьнежня 2010 году трапіла ў значную залежнасьць ад Расеі — фінансавую, палітычную. Напэўна, пакуль гэтыя стасункі будуць разьвівацца ў тым кірунку, як яны разьвіваюцца, то паляпшэньня ў адносінах паміж Менскам і Брусэлем не адбудзецца. Бо, як паказвае гісторыя, нейкія паляпшэньні, нейкія саступкі зь беларускага боку пачынаюцца толькі ў тым выпадку, калі ёсьць неабходнасьць пераарыентавацца, знайсьці новыя геапалітычныя кропкі апірышча і гэтак далей. У сувязі з тым, што зараз у кароткатэрміновай пэрспэктыве такія рэзкія рухі беларускія ўлады прымаць ня будуць, то, напэўна, нейкая замарожанасьць у адносінах застанецца. Калі і будзе нейкае паляпшэньне, то яно будзе мець вельмі нязначны, сымбалічны, падрыхтоўчы характар.