Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей застаецца ў «чорным сьпісе» Эўразьвязу


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей застанецца ў сьпісе афіцыйных асобаў Беларусі, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз.

Аднак, паводле ананімнага эўрапейскага дыплямата, на якога спасылаецца польскі тыднёвік Wprost, Уладзімер Макей зможа атрымаць візу на ўезд у Эўразьвяз, калі захоча ўзяць удзел у сустрэчы ў рамках Усходняга партнэрства.

Нагадаем, што папярэдні міністар замежных справаў Беларусі, Сяргей Мартынаў, быў выключаны са сьпісу асобаў, якія падпадаюць пад візавую забарону ў Эўразьвязе.

Уладзімер Макей трапіў у чорны сьпіс Брусэлю ў студзені 2011 году, калі выконваў функцыі кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більдт запэўніў «Свабоду», што, нягледзячы на дыпляматычны канфлікт, Стакгольм і Менск знаходзяцца ў «поўным тэлефонным кантакце»:

«[Макей] знаходзіцца ў чорным сьпісе з прычыны паводзінаў на сваёй папярэдняй пасадзе, і ў гэтай справе няма ніякіх зьменаў. Але гэта не замінае нам трымаць кантакт зь ім. Мы зь ім у поўным тэлефонным кантакце, і гэтак выглядае справа таксама зь беларускага боку. Ён быў у Нью-Ёрку, дзе, дарэчы, адмовіўся сустрэцца з намесьнікам генэральнага сакратара ААН Янам Эліясанам, бо Ян Эліясан — швэд».

А міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі сказаў пра спадзяваньні Бруселю, зьвязаныя са спадаром Макеем:

«Мы разьлічваем на тое, што спадар Макей, які да нядаўняга часу быў кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі, зьяўляецца асобай больш уплывовай, чым яго папярэднік. Мы чакаем, калі ягоны ўплыў пацьвердзіцца цывілізаванымі, адпаведнымі міжнародным нормам адносінамі да дыпляматаў Эўразьвязу ў Менску. Тады мы будзем гатовыя да дыялёгу зь Менскам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG