«Назвы ў нас беларускія, толькі пішуцца па-расейску»

Крамы «Камунаркі» і «Спартака»

Менская кандытарская фабрыка «Камунарка» перавяла на расейскую мову каля 500 назваў цукерак і шакаляду. Гомельская кандытарская фабрыка «Спартак» мае чатыры беларускамоўныя назвы з 800 найменьняў сваёй прадукцыі.
У вітрынах фірменных крамаў кандытарскай фабрыкі «Спартак» і «Камунарка» — каробкі з цукеркамі, упакоўкі шакаляду і абгорткі цукерак — падпісаныя спрэс па-расейску. Загадчыца крамы «Спартак» не пажадала пракамэнтаваць такую сытуацыю, але паведаміла, што беларускіх назваў гомельская кандытарская фабрыка мае ня больш як чатыры з 800 найменьняў. Загадчыца крамы «Камунарка» Натальля Сьнягір апавяла, што беларускіх назваў больш, але пішуцца яны па-расейску:

«Асартымэнт беларускіх назваў у нас вялікі: „Беловежская пуща“, „Папараць-кветка“ — мы безь яе нікуды, „Белая Русь“, „Храмы Белой Руси“ — цудоўны асартымэнт цукерак. У кожным разе, брэндавая прадукцыя — няхай нават „Любимая Алёнка“ ці „Красная Шапочка“ — гэта ўжо фірмовыя маркі „Камунаркі“, якія спакон веку. Адзінае, што яны пішуць па-расейску назвы, а беларускай і ангельскай мовай пішуць там, дзе зьвесткі пра вытворцу. Але ж вы самі разумееце, што да нас у краму прыходзяць і расейцы, і з Украіны, і з Прыбалтыкі — яны па-расейску чытаць умеюць, а таму гэтай мовы пададзена больш. Але калі ім трэба, то мы перакладаем і тлумачым, што такое „Папараць-кветка“. Ну, ня ведаю, мне падаецца, што тут улічана ўсё для ўсіх: і хто любіць беларускую мову, і расейскую, і ангельскую».

Назвы некаторых прысмакаў «Камунаркі» і «Спартака»


Знаўцы моўнай палітыкі на менскай «Камунарцы», аднак, сьцьвярджаюць, што яшчэ нядаўна па-беларуску падпісваліся больш за 500 найменьняў цукерак і шакаляду. Цяпер засталося каля 20. Журналіст і грамадзкі актывіст Глеб Лабадзенка быў адным з тых, хто дапамагаў кіраўніцтву «Камунаркі» падаваць спажыўцам сваю прадукцыю па-беларуску:

Глеб Лабадзенка: «Я парадаваўся, што гэтага антыбеларускага чалавека, рукамі якога зьнішчалася беларуская мова, на „Камунарцы“ больш няма».

«Яшчэ ў 2006 годзе я пабачыў цукеркі, падпісаныя па-беларуску, але налічыў там ажно дзевяць памылак. Я напісаў ліст, падзякаваў за беларускую мову і выказаў свае заўвагі. Таксама прапанаваў сваю дапамогу па перакладзе назваў на беларускую мову. На дзіва, празь некаторы час я атрымаў ліст, мяне запрасілі на фабрыку, там было кіраўніцтва, якому я прачытаў уводную лекцыю, што кожная краіна карыстаецца сваёй мовай. І яны пагадзіліся, што разам з расейскай будуць пісаць назвы таксама па-беларуску і па-ангельску. І тады разам зь іншымі мовазнаўцамі мы пераклалі больш за 500 назваў на беларускую мову. І неўзабаве на ўсіх цукерках і шакалядках „Камунаркі“ зьявіліся беларускія назвы. Але пасьля, калі зьявілася гэтая дырэктарка, якую зараз выгналі, то я заўважыў, што з абгортак пачала зьнікаць беларуская мова. У выніку засталося каля 20 назваў з 500. Я напісаў ліст з запытам, чаму так адбываецца, але мне ўжо не адказалі. Зараз я парадаваўся, што гэтага антыбеларускага чалавека, рукамі якога зьнішчалася беларуская мова, на „Камунарцы“ больш няма».

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны таксама прымала актыўны ўдзел у змаганьні за родную мову на «Камунарцы». Яе зьнішчэньне камэнтуе намесьніца старшыні ТБМ Алена Анісім:

Алена Анісім: «Зусім ня многія разумеюць, што беларуская мова, яна — прыцягальная, яна — брэнд»

«Я думаю, што так адбываецца таму, што людзі, якія гэта робяць, не адчуваюць адказнасьці за лёс Радзімы. Па-другое, яны ня здольныя пралічыць на некалькі крокаў наперад, разважаюць старымі катэгорыямі і выяўляюць коснасьць мысьленьня. Маўляў, раней у Савецкім Саюзе была адзіная расейская мова, зараз Адзіная эканамічная прастора і г. д. Зусім ня многія разумеюць, што беларуская мова, яна — прыцягальная, яна — брэнд, калі прысутнічае ў назвах і на ўпакоўках. Таму я лічу, што менавіта коснасьць мысьленьня абумоўлівае гэты адкат. Але заўсёды варта кожнаму спрабаваць нешта рабіць, працаваць на беларускасьць, і тады яна будзе».