Пасьля візыту папскага нунцыя Алеся Бяляцкага зноў пакаралі

Алесь Бяляцкі

Палітвязень паведаміў свайму калегу па праваабарончай дзейнасьці Валянціну Стэфановічу, што ў яго ўжо сем спагнаньняў.
Чаму колькасьць спагнаньняў на рахунку Алеся Бяляцкага павялічваецца? Што вядома пра прычыны апошняга спагнаньня? Пакуль зьвестак пра гэта няма, але, мяркуючы па даце ліста, сёмае спагнаньне атрыманае пасьля 20 верасьня, ужо пасьля таго, як Алеся Бяляцкага наведаў папскі нунцый.

«Разумееце, тут ужо не столькі прынцыпова, за што пакаралі, колькі відаць, што чапляюцца да любых дробязей. Абы толькі знайсьці нейкую падставу і зрабіць гэтак, каб яму не аблегчыць жыцьцё ў Бабруйскай калёніі», — пракамэнтавала сытуацыю жонка палітвязьня Натальля Пінчук.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўтойваньні вялікіх прыбыткаў. Праваабаронцы лічаць, што ён пацярпеў за дапамогу рэпрэсаваным ў Беларусі.