Эканаміст: Для спажыўца ўсе дыфэрэнцыяваныя тарыфы будуць дрэнныя

Урад Беларусі мяркуе ўвесьці тры віды тарыфаў на энэргарэсурсы для насельніцтва, залежна ад аб’ёмаў спажываньня. Гэта вынікае з праекту пастановы, згоднай зь якой аплата павінна стаць дыфэрэнцыяванай.

Нарматыўна-прававы акт перасьледуе мэты «сацыяльнай справядлівасьці», вызначаючы тры нормы спажытага аб’ёму электраэнэргіі — сацыяльную, падвышаную і максымальную. Кожны з «пакетаў» будзе вылічвацца паводле адпаведнага тарыфу. Сацыяльны тарыф і аб’ём спажываньня плянуецца захаваць у цяперашніх межах. Спажытае звыш гэтай плянкі будзе вылічвацца з падвойным каэфіцыентам, піша Інтэрфакс.

Начальнік упраўленьня збыту энэргіі аб’яднаньня «Белэнэрга» Сяргей Шабека прывёў папярэднія дадзеныя, ува што можа выліцца гэткая ініцыятыва ў залежнасьці ад колькасьці зарэгістраваных грамадзянаў у жылым памяшканьні і сэзоннасьці спажываньня электрычнай энэргіі:

«Для катэгорыі грамадзянаў, у якіх усталяваныя электрапліты, у міжацяпляльны пэрыяд для аднаго чалавека прапануем вызначыць аб’ём у 120 кВт/гадзін, для кожнага наступнага зарэгістраванага — па 20 кВт/г. У ацяпляльны пэрыяд ільготныя аб’ёмы пачаць з узроўню на аднаго чалавека 135 кВт/г і, адпаведна, па 20 кВт/г на кожнага дадаткова зарэгістраванага. Калі гаварыць пра жылыя памяшканьні, дзе ўсталяваныя газавыя пліты, то першы сацыяльны ўзровень электраспажываньня на чалавека ў міжацяпляльны пэрыяд — 70 кВт/г, у ацяпляльны — 80 кВт/г. Адпаведна, на кожнага дадаткова зарэгістраванага грамадзяніна — па 15 кВт/г.

Ад 1 жніўня для грамадзянаў, у якіх жылыя памяшканьні абсталяваныя электраплітамі, тарыф складае 250 рублёў за кіляват-гадзіну. З газавымі плітамі — 295 рублёў за кВт/г. Мы разглядаем магчымасьць, што калі будзе перавышаны сацыяльны аб’ём, звыш гэтага сацыяльнага аб’ёму будзе аплочвацца па 595,9 рубля за кожную кіляват-гадзіну, ужо незалежна ад газавай ці электрапліты. То бок гэта прыкладна каэфіцыент 2».

Увёўшы дыфэрэнцыяваныя тарыфы, «Белэнэрга» спадзяецца дадаткова зарабіць за год у сярэднім 50 мільярдаў рублёў.

Колішні кіраўнік жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менску, эканаміст Іван Анташкевіч мяркуе, што намер уладаў перакласьці на насельніцтва найбольшы цяжар аплаты за спажытую электраэнэргію зразумелы, але гэтыя ініцыятывы ніяк не стасуюцца зь цяперашнім матэрыяльным становішчам бальшыні жыхароў краіны:
Я ня думаю, што насьпеў час пераходзіць на вышэйшыя тарыфы

«Я ня думаю, што насьпеў час пераходзіць на вышэйшыя тарыфы, на новую ступень аплаты — прычым вось так, адразу. Увогуле, можна было б усё пакуль захаваць на цяперашнім узроўні — прынамсі, да лепшых часоў. Але калі разважаць аб’ектыўна, то робіцца ўсё правільна, тарыфы павінны быць дыфэрэнцыяваныя. Іншая справа, што ў беларусаў вельмі малыя заробкі і такія ж малыя пэнсіі. Вядома, улады хочуць выдаткі паступова перакласьці на плечы насельніцтва, таму што, апроч народа, больш плаціць няма каму. Але ў народа мізэрныя прыбыткі, таму ўсё дрэнна будзе. Перакананы, што ніхто ня будзе пляскаць у ладкі іх ідэям. З гледзішча звычайнага спажыўца ўсе яны будуць дрэнныя, гэтыя тарыфы, бо ўсё выцягваецца з кішэні насельніцтва. Нават мінімальнае падаражэньне выкліча нэгатыўную рэакцыю».

Ня так даўно Аляксандар Лукашэнка выказаў упэўненасьць, што будзе абсалютна правільным, калі грамадзяне з высокім узроўнем прыбыткаў пачнуць аплочваць жыльлёва-камунальныя паслугі на ўзроўні 100%. На яго думку, заможны чалавек не павінен плаціць 25–30% ад іх кошту, што адбываецца зараз.