Нібыта хтось нябачны зьдзейсьніў нялюдзкі экспэрымэнт – надзяліў чалавека талентам, здароўем, удачаю, каханьнем, добрай і моцнай сям'ёй, разумнымі і прыгожымі дзецьмі... а калі гэта ўсё дасягнула росквіту, раптоўна, жорстка і груба ўсё зьнішчыў...
Сяржук Цімохаў быў нетыповым мастаком. У ім не было ні грама багемнай расхрыстанасьці, ён не дапускаў у сваім жыцьці ніякага беспарадку, вэрхалу, – ні творчага, ні бытавога, ні тым больш маральнага. У яго быў рэдкі і шчасьлівы – і для яго самога, і для блізкіх людзей, – дар: прымаць у любой сытуацыі найбольш рацыянальнае рашэньне. Глядзець у сутнасьць рэчаў, а не спакушацца зьнешнім эфэктам, ці агульнапрынятай «ісьцінай».
Так яго ў свой час ня зьбіла з панталыку звонкая фраза – «Правінцыя – гэта не геаграфічнае паняцьце, а якасьць характару». Яно так, ды ўсё ж ў рэчаіснасьці мастак можа напоўніцу раскрыцца толькі ў буйным культурным цэнтры, у асяродзьдзі іншых, таленавітых і неардынарных асобаў. «Няма мастака ў вёсцы», – адзначыў яшчэ Маціс. Адсюль рашэньне пакінуць утульны, слаўны горад Полацак і перабрацца ў Менск. А перад гэтым быў яшчэ варыянт – атабарыцца ў Вільні, у той час многія спакусіліся ідэяй «беларусізацыі» гэтага гораду. Ужо была прыгледжаная кватэра, але Цімохаў беспамылкова адчуў тое, што іншыя зразумелі толькі празь дзесяцігодзьдзі – пры ўсім пры тым гэта эміграцыя, у якой беларускі творца асуджаны на маргінальнае існаваньне. А мастак-беларус павінен застацца на сваёй Бацькаўшчыне, якой няўтульнай яна б ні была. Цімохаў жа быў беларусам з натуры, па сутнасьці, не напаказ і не «для ідэі». Як, зрэшты, у ім увогуле не было нічога «паказнога», «на публіку».
Час пацьвердзіў, што ён не памыліўся – менавіта ў Менску яго мастацтва расквітнела, знайшло прызнаньне як на радзіме, так і за яе межамі, – і калегамі, і звыклымі аматарамі. Жывапіс Сержука Цімохава пры ўсёй ягонай «мадэрновасьці» нельга адносіць да т. зв. «сучаснага мастацтва». Нельга таму, што ў ім прысутнічаюць катэгорыі, якія гэтае мастацтва адмаўляе – майстэрства, укаранёнасьць у традыцыю, высокі ўзровень малюнка, кампазыцыі, гармонія калярыту.
Цімохаў тварыў з моцартаўскай лёгкасьцю, «творчыя мукі», калі яны й былі, заставаліся невядомымі для гледачоў. Ім былі бачныя толькі радасьць, палёт, нечаканыя і дасьціпныя кампазыцыйныя «хады». Таму ягоныя творы так ахвотна набываліся.
Цімохаў ня меў так горкага для іншых мастакоў пэрыяду непрызнаньня. Зь ім ахвотна мелі справу аматары жывапісу з самых розных краін – Расеі, Польшчы, Літвы, Нямеччыны. Безумоўна, у гэтым найбольшая ягоная асабістая заслуга – Цімохаў быў адказны за дадзенае слова, акуратны і сумленны ў дачыненьнях. Чым і выклікаў да сябе павагу. Так адна з найбольш вядомых галерыстак Варшавы, якая напачатку спрабавала глядзець на невядомага «бялорусіна» паблажліва, зьверху ўніз, хутка зразумела, з кім мае справу, – і творы Цімохава занялі ў яе галерэях пачэснае месца.
Цімохаў меў яшчэ адзін шчасьлівы дар – абжываць, рабіць утульным любое месца, дзе яму і ягонай сям'і даводзілася жыць. Раз наведаўшы ягоны дом, цяжка было яго пакідаць, хацелася як найхутчэй туды вярнуцца. Кожная рэч там была на сваім месцы, – бязь лішняга пэдантызму, але спарадкавана. Гэтаксама зь любасьцю ён абсталяваў сваю менскую майстэрню – думалася, што на шмат гадоў...
Пра тых, хто адышоў у нібыта лепшы сьвет, прынята ўспамінаць толькі добрае. Але ў выпадку Цімохава пры ўсім жаданьні немагчыма прыпомніць штось благое, што б рыпела, як пясок на зубах. Яго было немагчыма не любіць, не магу сабе ўявіць чалавека, які б ставіўся варожа да Сержука. Усім сваім існаваньнем, істотай, творчасьцю ён нёс навакольным, – і блізкім, і сябрам, і калегам, – толькі радасьць і дабро.
Памятаю, як ён апекаваўся тады яшчэ малым сынам Глебам – без усялякага сюсюканьня, па-мужчынску, але зь невымернай пяшчотай...
Страшна падумаць, як ягоная сям'я перанясе такую страту, дзе знойдзе сілы не зламацца, жыць далей, – а трэба, трэба! Як гэта заўсёды бывае, асэнсаваньне асобы і творчасьці такога нештодзённага таленту – справа будучыні. Хоць ужо цяпер зразумела, што Сяржук Цімохаў назаўсёды заняў адметнае месца ў гісторыі беларускага мастацтва. Менавіта дзякуючы такім творцам, яно і існуе, разьвіваецца і мацнее.
...Адно за адным, на працягу кароткага часу нас пакінулі самыя сьветлыя асобы – у росквіце свайго таленту, – Тацяна Сапач, Сяргей Вітушка, Сяржук Цімохаў... Зьмірыцца з такімі стратамі цяжка, немагчыма... і ўсё ж варта нагадаць мудрыя словы паэта: Не гавары з тугою – «Іх няма», А лепш скажы з удзячнасьцю – «Былі!».