Лукашэнка ўражаны прызнаньнем Саакашвілі сваёй паразы

Міхаіл Саакашвілі

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» заявіў, што ўражаны ўчынкам свайго грузінскага калегі Міхаіла Саакашвілі, які прызнаў паразу сваёй партыі на нядаўніх парлямэнцкіх выбарах.

Сказаўшы, што «не чакаў нічога падобнага ад Саакашвілі», Лукашэнка выказаў меркаваньне, што той «проста пераступіў празь сябе»: «У гэтым сэнсе хачу сказаць, што ён малайчына. Прызнаць сваю паразу, калі да апошняй хвіліны перакананы, што ўвесь народ яго стопрацэнтна падтрымае — гэта дарагога вартае», — падсумаваў Лукашэнка, зазначыўшы, што такі крок годна ўспрыняты ўсімі зьнешнімі назіральнікамі, уключна з Расеяй.