Някляеў: «Сьмяротная кара і палітвязьні — зьвязаныя пытаньні»

Уладзімер Някляеў

Заяву Палітычнай Рады Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы пра неабходнасьць вызваленьня ўсіх палітзьняволеных у Беларусі камэнтуе лідэр кампаніі «Гавары праўду», былы палітзьняволены Ўладзімер Някляеў.
Някляеў: «Вось у нас чамусьці мала задумваюцца пра тое, што сутнасьць сьмяротнага пакараньня (людзкой волі над лёсам чалавека) наўпрост зьвязаная з праблемай палітзьняволеных, якія сёньня ні за што сядзяць у турмах.

Бо калі існуе сьмяротнае пакараньне, то гэта іншая псыхалёгія грамадзтва ў адносінах да тых, хто пакутуе. Маўляў, „калі іх маглі забіць, то няхай проста сядзяць“. Гэта іншая псыхалёгія ў дачыненьні да тых, хто за сьценамі турмы.

Таму заяву ПАРЭ я ўспрымаю шырэй, чым проста патрабаваньне аб вызваленьні палітзьняволеных. Што б мы ні казалі, але на сёньня адзіныя, хто нам дапамагае тут выжываць і змагацца за тых, хто нявінна пакутуе, — гэта эўрапейскія гуманітарныя і палітычныя інстытуцыі. І за гэта ім вялікі дзякуй».