Настаўнікі за два гады зьбяднелі на чвэрць заробку

Сяргей Маскевіч на прэсавай канфэрэнцыі

Міністэрства адукацыі разглядае магчымасьць увядзеньня агульнанацыянальнага незалежнага іспыту за базавую школу. Пра гэта паведаміў кіраўнік міністэрства Сяргей Маскевіч на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай Дню настаўніка.

Практыку адзінага іспыту за ўсе школьныя гады беларускія чыноўнікі ад адукацыі, напэўна, перанялі ад расейскіх калегаў. У Расеі сэртыфікат па выніках такога іспыту падаюць адразу і ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Так робіцца ўжо чатыры гады. Але ці заменіць базавы іспыт за школу цэнтралізаванае тэставаньне, міністар Маскевіч не казаў.

Хоць ён і спасылаўся на загад Аляксандра Лукашэнкі «не праводзіць рэформы адукацыі, а шліфаваць ужо дзейную сыстэму», выглядае, што навучальны працэс у Беларусі — гэта шлях спробаў і памылак.

Так, Сяргей Маскевіч загаварыў пра тое, што ў школы напэўна вернецца профільнае навучаньне, адмененае дэкрэтам прэзыдэнта ў 2008 годзе. Тады паглыбленае вывучэньне прадметаў замянілі факультатывамі. Праз чатыры гады прыйшлі да высновы, што такое рашэньне было памылковым:

Сяргей Маскевіч: «Ужо зразумела, што рэальная эфэктыўнасьць факультатыўных заняткаў невысокая. Узьнікае пытаньне, як падвысіць іхную эфэктыўнасьць. Магчыма, варта вярнуцца да профільнага навучаньня на трэцяй ступені, раскідаць гэтыя факультатывы ў адной школе — на матэматыку і фізыку, у іншай школе — на хімію і біялёгію, недзе ў іншым месцы яшчэ неяк. Вось мы, дарэчы, з учорашняга дня ўвялі абавязковы факультатыў па фізкультуры».

Міністар Сяргей Маскевіч і другі ўдзельнік прэсавай канфэрэнцыі, старшыня прафсаюзу работнікаў адукацыі Аляксандар Бойка, не змаглі дакладна адказаць на пытаньні пра цякучку кадраў у сфэры адукацыі (прыблізна 7–8%, паводле Маскевіча), пра колькасьць беларускамоўных навучальных установаў, пра колькасьць работнікаў сыстэмы адукацыі, якія былі задзейнічаныя ў забесьпячэньні мінулых парлямэнцкіх выбараў. Спасылаліся на тое, што ў іх няма пры сабе лічбаў.

Сяргей Маскевіч, у прыватнасьці, паведаміў, што каля 30 працэнтаў маладых спэцыялістаў пакідаюць працоўныя месцы, адпрацаваўшы абавязковае разьмеркаваньне. Але гэтая лічба не дакладная.

Старшыня прафсаюзу работнікаў адукацыі Аляксандар Бойка паведаміў, што сярэдні заробак па ўсёй галіне цяпер складае 332 даляры. Гэта на 95 даляраў меней, чым атрымлівалі настаўнікі пры канцы 2010 году. А агулам настаўнікі атрымліваюць амаль на 160 даляраў меней, чым сярэдні заробак па краіне.

Аляксандар Бойка


Вядома, шмат якія настаўнікі пагаджаюцца працаваць больш як на стаўку, бяруцца весьці дадатковыя заняткі і ўсяляк падвышаюць сваю нагрузку, каб зарабіць болей. У верасьні настаўнікі прымалі актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі.

«Так склалася з савецкіх часоў, што настаўнікі прымаюць удзел. А наконт выбараў, я ня думаю, што яны перапрацавалі. З аднаго боку, гэта па традыцыі. А з другога боку, настаўнік заўсёды выканае любую працу больш адказна за іншага. Мы падбіралі такіх людзей, якія былі свабаднейшыя».

Дадатковай аплаты за працу на выбарах настаўнікі не атрымліваюць.