«Атрымаць ШЫЗА можна за што заўгодна»

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца Алесь Бяляцкі зьмешчаны ў карцэр Бабруйскай калёніі. Прычыны пакараньня невядомыя. За што можна трапіць у турэмны ізалятар і якія там умовы ўтрыманьня?
У Бабруйскай калёніі карэспандэнту «Свабоды» адмовіліся паведаміць, за што і на колькі дзён трапіў Алесь Бяляцкі ў карцэр. У прыёмнай сказалі, што начальнік калёніі Аляксандар Какунін у ад’езьдзе, і ўвогуле тут не даюць інфармацыі праз тэлефон, а толькі на пісьмовы запыт.

Зьвесткі пра тое, што Бяляцкі трапіў у ШЫЗА (штрафны ізалятар — гэтак называюць карцэр у калёніях) праваабаронцы «Вясны» атрымалі ад аднаго з былых вязьняў Бабруйскай калёніі. Валянцін Стэфановіч, намесьнік Алеся Бяляцкага ў «Вясьне», гэтым зьвесткам верыць. Згадвае, што два тыдні таму Алесь у лісьце ў схаванай форме папярэджваў, што яго чакае:

Валянцін Стэфановіч

«У адным месцы ліста ёсьць фраза па-за кантэкстам усяго ліста. Што ён прысьніў шэрага папугая, якога зьняў з дрэва, і таго папугая завуць Кіча. Што б гэта значыла? Сам пытаецца і адказвае на сваё пытаньне: «Відаць, хутка мяне адправяць на кічу. ШЫЗА па-лягернаму — гэта кіча».

Паводле неназванай крыніцы, Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў карцэры з 24 верасьня. «Гэта можа быць і недакладна, бо мы атрымалі ад яго ліст, датаваны 25-м верасьня», — кажа Валянцін Стэфановіч.

У якіх умовах зараз Алесь Бяляцкі? У 2010–2011 гадах у Бабруйскай калёніі адбываў пакараньне былы бізнэсовец, зараз праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Некалькі разоў Бандарэнку, які адмаўляўся падпісваць абавязаньне стаць на шлях выпраўленьня, давялося пасядзець і ў мясцовым ШЫЗА. Кажа, што гэта вельмі тыпова для адміністрацыі калёніі — караць вязьня карцэрам, каб дамагчыся ад яго падпісаньня нейкай паперы. У выпадку з Алесем Бяляцкім, мяркуе Андрэй Бандарэнка, хутчэй за ўсё гэта прашэньне аб памілаваньні. Паводле праваабаронцы, падставай для зьмяшчэньня ў карцэр можа быць што заўгодна: недакладна назваўся, недакладна павітаўся, ня той гузік зашпіліў. Адносна ўмоваў у бабруйскім ШЫЗА ў гэтыя дні былы палітвязень мяркуе наступнае:

Андрэй Бандарэнка

«Само ШЫЗА — гэта аднапавярховы будынак, прычым частка памяшканьняў знаходзяцца ў сутарэньні. У гэты пэрыяд году там досыць холадна, бо ацяпленьне яшчэ не ўключылі і доўга ня ўключаць. У камэрах вялікая вільгаць, бракуе сьвятла. Санітарныя нормы там груба парушаюцца. Пэрыядычна там нешта фарбуюць і беляць, прычым гэта робіцца ў прысутнасьці вязьняў. І без таго не хапае сьвежага паветра, а калі ідзе рамонт, то дыхаць там фактычна няма чым».

Паводле Андрэя Бандарэнкі, харчаваньне ў ШЫЗА нічым не адрозьніваецца ад таго, якое даюць па ўсёй калёніі, але вязьні карцэраў пазбаўленыя магчымасьці сілкавацца за кошт пасылак з дому і таго, што можна набыць у краме. Калі Андрэй Бандарэнка сядзеў у карцэры Бабруйскай калёніі, адміністрацыя, разумеючы гэта, нават крыху павялічвала памер «пайкі» для штрафнікоў. Як там цяпер, спадар Бандарэнка ня ведае. Але, паводле ягоных зьвестак, апошнім часам вязьні калёніі скардзяцца на пагаршэньне ўмоваў:

«Сытуацыя там з кожным днём робіцца ўсё горшай і горшай. Вязьням цягам дня ўжо нават забараняюць сядаць на нары, водзяць строем зь песьнямі ў сталовую, гаворачы шчыра — маразм павялічваецца. І гэта ўсё зьвязана з тым, што начальства дэманструе, што яно выканае любы загад. Разьлічваць на ягоную адэкватнасьць адносна Бяляцкага, дый любога вязьня, не выпадае».