Берасьце. Былы кандыдат хоча прыцягнуць да адказнасьці старшыню камісіі

Экс-кандыдат у дэпутаты парлямэнту Аляксандар Мельнік патрабуе прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці старшыню ўчастковай выбарчай камісіі № 39 Берасьцейскай-Заходняй акругі № 1 Леаніда Валабуева.
Адпаведную заяву спадар Мельнік накіраваў у Берасьцейскі гарвыканкам. У ёй былы кандыдат паведамляе, што старшыня ўчастковай камісіі Леанід Валабуеў не дапусьціў яго прысутнічаць падчас падліку бюлетэняў.

Акрамя таго, піша ў заяве Аляксандар Мельнік, падлік галасоў адбываўся не на ўчастку, які знаходзіўся ў чыгуначнай лякарні Берасьця, а ў асабістым кабінэце старшыні камісіі — ён намесьнік галоўнага лекара гэтай установы.

Да таго ж, піша ў заяве спадар Мельнік, старшыня камісіі загадаў міліцыянту не пускаць у кабінэт, дзе лічылі бюлетэні, кандыдата і яго давераную асобу.

Аляксандар Мельнік кажа, што нядопускам яго на падлік галасоў парушаны Выбарчы кодэкс і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта, сьцьвярджае спадар Мельнік, павінна цягнуць за сабой адміністрацыйнае пакараньне. У дзеяньнях старшыні камісіі Леаніда Валабуева былы кандыдат бачыць стварэньне ўмоваў «для фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня».

На падставе гэтага Аляксандар Мельнік просіць прызнаць дзеяньні старшыні ўчастковай выбарчай камісіі № 39 неправамернымі і распачаць па гэтай заяве адміністрацыйны працэс.