Андрэй Расінскі. Шэрыя выбары савецкага ўчора

Андрэй Расінскі

І ўяўляць ня варта: на падрапанай забытай плёнцы рухаліся сьцені. Шкандыбаў цыбаты, даўгарукі, з ашалелымі вачыма «народны акадэмік» Трафім Лысенка, які здратуе «буржуазную» генэтыку. Добрапрыстойны, таўставаты Вячаслаў Молатаў, якога аднапартыйцы любоўна называлі «каменная дупа», трымаў у рукох пакамечаную паперчыну. Ля скрыні сьвецяцца радасьцю калгасьнікі й сялянкі. «Жыць усё лепей, жыць весялей!»

Мілы курдупель у пацешным капелюшы глядзіць з экрана: «На 35-м выбарчым участку галасаваў Лаўрэнцій Палыч Берыя».

Я ніколі ня бачыў жыўцом савецкіх выбараў. Але я памятаю, якімі насупленымі й сур’ёзнымі станавіліся раптам настаўніцы й сакратаркі, калі ў школе абсталёўваліся закуткі, аддзеленыя чырвонымі заслонамі. Гуляць у хованкі ў гэтых кутках нам катэгарычна забаранялася — а дзеля чаго яны яшчэ? «Хлопчык, ідзі адсюль! І не набліжайся да скрыні! Ізноў у пятым доме запрашэньне не ўзялі, і што рабіць?» — уздыхала заклапочаная сакратарка.

На стэндах зьяўляліся шэрыя, як дэфіцытная туалетная папера, аркушыкі зь няўцямнымі заклікамі: «Галасуйце за непахісны блёк камуністаў і беспартыйных!» (ёсьцека іншыя?). У нядзелю ў чырвонай спартовай залі грала вісклівая музыка, з буфэта цягнулі каўбасу, якую нельга было набыць у краме. «Гэта савецкія выбары, дзетка!»

Леанід Ільіч Брэжнеў (неўзабаве памрэ) абвяшчаецца загадкавым «кандыдатам» у некуды. Мой любімы, зь нядаўняга часу, палітычны дзяяч Канстанцін Усьцінавіч Чарненка (кіраваў краінай, не прыходзячы ў прытомнасьць, і амаль адразу сканаў) — задыхаецца ля скрыні, якую яму прыцягнулі ў шпіталь, замаскаваны дзеля такога сьвята пад поўную жыцьця школу.

На вачох рэанімаванага пад «грамадзянскі абавязак» Канстанціна Ўсьцінавіча сьлёзы.

Аўтарытарнае кіраваньне — гэта хлеб і відовішчы.

І на арэне павінны зьяўляцца ня толькі лядашчыя ўладары, але, хай сабе зрэдку, і падуладныя. Яны мусяць прыйсьці і — не ўзапраўды «прагаласаваць», кульнуўшы ў буфэце — але засьведчыць ляяльнасьць. Засьведчыць, што яны падпарадкоўваюцца, што б яны сабе там ні думалі й ні плявузгалі на вузкіх кухнях. А раз ужо зьявіліся — не наракайце.

У гэтым — крыніца ўлады.
Студэнты пнуцца статкам бараноў на датэрміновае галасаваньне зусім не таму, што ім загадалі: ім таму якраз і загадваюць, што яны згадзіліся быць баранамі

Настаўніцы фальшуюць выбары не таму, што іх неяк прымусілі: наадварот, іх прымушаюць, таму што яны добра сфальшуюць выбары. Студэнты пнуцца статкам бараноў на датэрміновае галасаваньне зусім не таму, што ім загадалі: ім таму якраз і загадваюць, што яны згадзіліся быць баранамі. І танканогія сакратаркі камісій хлусяць не таму, што над імі аўтакрат Лукашэнка: яны й ёсьць Лукашэнка, ягоныя падабенства й вобраз, начэплены добраахвотна.

Ідзе шэры панылы дождж. На Кастрычніцкай плошчы — пуста. Палітычныя забаўляльнікі чамусьці адмянілі канцэрт, прысьвечаны шчасьцю выбараў. З хлебам ужо год як праблемы, відовішчы пакрысе гніюць і распаўзаюцца.

Але шэры выбар савецкага ўчора здольны скасаваць заўтрашнія надзеі і ўяўленьні.