Пасьля выбараў і байкоту. Жывы рэпартаж

А 20-й гадзіне ў Беларусі зачыніліся выбарчыя участкі. ЦВК заявіў, што яўка на выбарах склала 74,3%.
Усе падзеі ў дзень асноўнага галасаваньня — 23 верасьня — «Свабода» асьвятляе ў рэжыме рэальнага часу.
Вынікі галасаваньня па рэгіёнах:

Берасьцейская вобласьць — 64,2%
Віцебская вобласьць — 73,1%
Гомельская вобласьць — 68.9%
Гарадзенская вобласьць — 67,1%
Менская вобласьць — 67,2%
Магілеўская вобласьць — 53,6%
Менск — 53,6%


Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік назваў просьвішчы тых, хто перамог па выбарчых акругах у Менску.

№ акругі Новаабараны дэпутат
91 Аксана Няхайчык
92 Сяргей Дудкін
93 Валеры Барадзеня
94 Леанід Мажэйка
95 Велянціна Лявоненка
96 Натальля Клімовіч
97 Уладзімер Чаравач
98 Васіль Алексеенка
99 Сьвятлана Шылава
100 Генадзь Пальчык
101 Аляксей Кузьміч
102 Людміла Курбакова
103 Валянціна Жураўская
104 Міхаіл Салановіч
105 Мікалай Самасейка
106 Дзьмітры Шаўцоў
107 Віталь Бусько
108 Марат Дылінскі
109 Зыгмунд Валевач
110 Аляксандар Ваўчанкоў



00:25—0:40 Выніковая прэсавая канфэрэнцыя ЦВК. Яўка на выбарах — 74,3%, заявіў Лазавік.

Ярмошына: абарана 109 дэпутатаў. Не абраны дэпутат толькі ў Гомельскай-Навабеліцкай акрузе. Выбары ў гэтай акрузе адбудуцца разам з выбарамі ў мясцовыя саветы.

Ярмошына сказала, што выбары ў гэтай акрузе адбудуцца разам з выбарамі у мясцовыя саветы. На пытаньне Ўладзімера Глода кіраўніцтва ЦВК удакладніла, што выбары не адбыліся ў акрузе № 36.

Кіраўніцтва ЦВК не змагло назваць, ці прайшлі ў дэпутаты прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў.

За 18—23 верасьня паступіла 110 скаргаў, зь іх 36 — канфлікты назіральніаў з камісіямі.

Ярмошына паведаміла, што ЦВК мае некалькі скаргаў ад назіральнікаў на тое, што колькасьць тых, хто прагаласаваў, не адпавядае таму, што зафіксавалі назіральнікі. Усе гэтыя скаргі зь Менску. Аднак яна заявіла, што адзіная падстава для расьсьледаваньня сытуацыі — гэта пратаколы камісіяў, якія падпісаныя ўсімі сябрамі камісіі.


23:40 Лунінец, Берасьцейская вобласьць. Незалежны беларускамоўны кандыдат па Лунінецкай акрузе № 13 Віталь Каратыш набраў у родным Кажан-Гарадку 58% галасоў. Каратыш кажа, што там перамога была настолькі відавочная, «што яе ня здолелі скрасьці». Аднак, заўважае Каратыш, на тых участках, дзе не было назіральнікаў зь яго каманды, дадзеныя значна адрозьніваюцца. Кандыдат кажа, што нягледзячы на гэта, ён перамагаў на многіх участках у дзень галасаваньня.

23:20 На выбарчым участку № 66 у мястэчку Малеч Івацэвіцкай выбарчай акругі № 11 ніводны з трох кандыдатаў не набраў 50% галасоў. Пра гэта паведаміў назіральнік Анатоль Сахаруша. Сахаруша заявіў, што былі агучаныя наступныя вынікі галасаваньня: выбарцаў — 1446, за дэпутата парлямэнту мінулага скліканьня Леаніда Кавалевіча прагаласавала 668, за кандыдата ад БСДП(Г) і «Гавары праўду» Валянціна Лазарэнкава — 160, за сябра ЛДПБ Валерыя Папеку — 53. Супраць усіх у Малечы прагаласавалі 264 чалавекі.

23:15 На Віцебскай-Чыгуначнай акрузе № 19 на ўчастку № 4 камісія абвясціла пра надзвычайныя лічбы галасаваньня па месцы знаходжаньня выбарцаў. Паводле лічбаў выніковага пратаколу, на даму прагаласавалі 226 чалавек.

Назіральнік праекту «Назіраньне за выбарамі: тэорыя і практыка» паведамляе, што прадстаўнікі выбарчай камісіі адправіліся да выбарцаў, якія пажадалі ўдзельнічаць у галасаванні па месцы знаходжаньня, а 18:00. Менш чым праз 2 гадзіны яны вярнуліся з скрыняй, у якой было 226 бюлетэняў.

Такім чынам, на гэтым участку за хвіліну ў сярэднім паспелі галасаваць 2 чалавекі.

На Аўтазаводзкай акрузе ў Менску, 43 участак, галасаваньне на даму — 515 чалавек.

23:10 Слуцак. 67-я акруга, участак № 5. Паводле Алеся Чахольскага, адказнага сакратара КХП-БНФ, на ўчастку было зарэгістравана 2440 выбарцаў. Але ў дзень асноўнага галасаваньня гэтая лічба зьменшылася да 2428.

23:09 Назіральнік Сяргей Чарнавокі піша ў Фэйсбуку: на 121-м участку 94-й Сьвіслацкай акругі, паводле ягоных падлікаў, прагаласавала 374 чалавекі, а па дадзеных камісіі — 809.

23:08 Інфамрацыя ад адказнага сакратара КХП-БНФ Алеся Чахольскага. Ліда. 54-я акруга, участак № 5. На ўчастку зарэгістравана 2482 выбарцы. Назіральнікі налічылі 405 чалавек, што прагаласавалі датэрмінова, і 616 чалавек, якія галасавалі ў асноўны дзень выбараў.

Чахольскі: «Ёсьць усе падставы сьцьвярджаць, што выбары на гэтым участку не адбыліся, — заявіў Чахольскі. — Да таго ж нашыя назіральнікі пабачылі, як старшыня выбарчай камісіі Павал Макуцэвіч, які ёсьць дырэктарам СШ № 15, дзе ўчастак і знаходзіцца, разам зь невядомымі людзьмі ўсыпалі ў дзьве прызначаныя для выязнога галасаваньня скрыні 400 бюлетэняў».

23:05 Незалежныя назіральнікі на 88-м участку для галасаваньня Магілёўска-Сельскай акругі вымушаныя былі выклікаць прадстаўнікоў АБСЭ на падлік галасоў. Паводле назіральніка Васіля Ліпскага, за пяць дзён папярэдняга галасаваньня на іх участку прагаласавала 157 чалавек. Калі ж з скрыні высыпалі бюлетэні, заяўляе Ліпскі, іх было непараўнальна больш. Тады й выклікалі міжнародных назіральнікаў, баючыся масавых фальшаваньняў. Усе бюлетэні ўчастковая камісія павезла падлічваць у акруговую камісію пад наглядам назіральнікаў АБСЭ. Паводле Ліпскага, на суседнім, 87-м, участку, дзе не было незалежных назіральнікаў, датэрмінова прагаласавала 875 выбарцаў. У шэсьць разоў болей, чым на іхным«.

22:00 Вадзім Мажэйка ў Фэйсбуку: «Кароткія вынікі назіраньня на 635-м участку 108-й акругі Менску: кіраўнік камісіі а) ігнараваў Выбарчы кодэкс; б) лічыў галасы абсалютна непразрыста (выніковы падлік ён рабіў адзін у асобным пакоі); в) ў 2,5 разe павялічыў лічбы яўкі выбаршчыкаў; г) не правёў выніковы сход — не разгледзеў заўвагі і не зацьвердзіў пратакол; д) сфальсыфікаваў вынікі выбараў».

22:50 Віцебск. На ўчастку № 4, што ў 19-й акрузе, сябры камісіі перанесьлі выбары на хаты да выбарцаў, піша ў сваім фэйсбуку актывіст Аляксандар Галаван. У выніку, паводле афіцыйнага пратаколу, па хатах прагаласавала 229 выбарцаў, а на выбарчым участку — 226. А незалежны назіральнік налічыў толькі 169 чалавек, якія прагаласавалі на ўчастку ў дзень выбараў.

22:50 Фотакарэспандэнт Сяргей Балай паведаміў праз свой фэйсбук, што яго выпусьцілі зь міліцэйскага пастарунку прыкладна а 21-й гадзіне. Балая затрымалі на Кастрычніцкай плошчы вечарам 23-га.

Your browser doesn’t support HTML5

Кастрычнікая плошча ў Менску. 23 верасьня, каля 21-00

22:25 Магілёў. З участку для галасаваньня № 45 Магілёўскай-Цэнтральнай акругі выставілі незалежнага назіральніка Мікалая Расюка. Сам ён кажа, што яго першы раз выдалілі, калі ён спрабаваў падысьці і паглядзець, як падлічваюцца бюлетэні, а другі раз старшыня камісіі зьвінаваціў яго ў тым, што ён здымае падлік на камэру ў тэлефоне.

Аксана Закрэўская, якая балятавалася ў Магілёўскай-Прамысловай акрузе пры падтрымцы кампаніі «Гавары праўду», паводле падлікаў з чатырох участкаў для галасаваньня, займае другое месца па акрузе. Першае — у Ігара Станкевіча, старшыні прафсаюзнага камітэту акцыянэрнага таварыства «Магілёўхімвалакно». Як зазначае актывістка, падлікі давераных асобаў, якія назіралі за галасаваньнем у асноўны дзень выбараў, не супадаюць з абвешчанымі на 400 галасоў.

22:20 Крычаў. Паводле Пятра Балейкі, прадстаўніка Валера Каранкевіча, якога ў Крычаўскай акрузе падтрымлівала кампанія «Гавары праўду», Каранкевіч атрымаў 10% галасоў падтрымкі, а ягоны апанэнт, намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў, — 70%. 20% — «супраць усіх».

22:10 Магілеўшчына. Андрэй Юркоў, незалежны кандыдат па Горацкай выбарчай акрузе, заяўляе, што ў асноўны дзень галасаваньня атрымаў да 50 працэнтаў падтрымкі выбарцаў на ўчастках у сваім родным райцэнтры Дрыбіне.

Андрэй Юркоў адзначае, што ягоны апанэнт, дэкан сельскагаспадарчай акадэміі Міхаіл Воўкаў, паводле вынікаў датэрміновага галасаваньня перамог яго ў суадносінах 1 да 4.

Юркоў заяўляе, што да 20 працэнтаў выбарцаў прагаласавалі супраць усіх.

У Горках,паводле назіральніка Віктара Каралькова, да 90% выбарцаў падтрымаі Воўкава. Гэта ён тлумачыць тым, што шмат студэнтаў прагаласавала датэрмінова.

22:05 Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька праз Фэйсбук: заблякаваны сайт ucpb.org.

21:46 Смаргонь. Паводле назіральніка Алеся Дзергачова, на ўчастку № 9 па 59-й выбарчай акрузе прагаласавала крыху болей за 45% выбарцаў — выбары не адбыліся.

21:45 Юрась Губарэвіч: У 101-й акрузе байкот адбыўся

Каардынатар назіраньня ў 101-й менскай акрузе Юрась Губарэвіч заявіў «Свабодзе», што байкот тут адбыўся:

«У нас ёсьць гэтыя дадзеныя без уліку галасаваньня на даму, таму што гэтыя зьвесткі ўтрымліваюцца ў пратаколах, і яшчэ мы ня ўсё з гэтых пратаколаў атрымалі. У сярэднім яўка па гэтай акрузе складае 35-40 працэнтаў па розных участках, нам яшчэ павінны падвезьці дакладныя лічбы, але мяркую, што яна не перавысіць 25 працэнтаў. Байкот адбыўся».

Афіцыйныя вынікі, паводле якіх выбары ў 101-й акрузе адбыліся, спадар Губарэвіч расцэньвае як прыпіскі:

«Мы бачылі, як гэтыя вынікі здабываюцца, мы маніторылі ледзь не пахвілінна працэс галасаваньня, бачылі мэханізмы накруткі яўкі і наўпростыя фальсыфікацыі, калі камісіі падпісвалі пратаколы за дзень датэрміновага галасаваньня, дзе лічба ў разы перавышала тое, што бачылі назіральнікі».

Асноўныя фальсыфікацыі, паводле Губарэвіча, адбываліся на этапе датэрміновага галасаваньня, падчас так званых карусэляў, і ў асноўны дзень галасаваньня, калі старшыні камісіяў бралі вынікі «са столі».

21:40 У Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 34 незалежныя назіральнікі кампаніі «За справядлівыя выбары» татальна кантралявалі 20 выбарчых участкаў з 33 наяўных. Паводле іх зьвестках, на 19 участках выбары не адбыліся — галасаваць на іх прыйшлі ад 24,7% (участак № 4) да 49% выбарцаў (участак № 22). І толькі на ўчастку № 28 яўка склала 51,3%.

Афіцыйных зьвестак камісіі яшчэ не падалі. Незалежныя назіральнікі ўдакладняюць інфармацыю й па астатніх выбарчых участках Савецкай акругі № 34.

21:30 Прэсавая служба БХД: «Назіральніцу ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Іну Лойку перад пачаткам падліку галасоў выгналі з 122-га участку 94-й акругі. Да яе прычапіўся праўладны назіральнік, правакаваўшы на грубасць. У выніку старшыня камісіі сказала, што разборкі ім тут не патрэбныя, і выдалліла назіральніцу ад БХД».

21:27 Пра факты фальсыфікацыяў на Ляхаўшчыне паведаміў Алесь Чахольскі, адказны сакратар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ: «Нашы назіральнікі зафіксавалі, што ў Ляхавічах на 45-м участку акругі № 7, дзе 22.09 было зарэгістравана 1990 выбарцаў, сёньня ў сьпісах засталіся толькі 1874 чалавекі. На пытаньне, куды падзеліся за некалькі дзён 116 чалавек, нам адказалі, што яны паўміралі».

На гэтым жа ўчастку, паводле Чахольскага, на 21 верасьня прагаласаваўшых датэрмінова было 231 чалавек, а 22-га стала 348. Агулам, паводле незалежнага назіраньня, на 12:00 23 верасьня яўка складала 24%.

У вёсках людзі вельмі неахвотна галасавалі. «Мы бачылі, як людзі выганялі з сваіх двароў сябраў камісіяў, якія хадзілі на хатах, упрошваючы прагаласаваць, — апавёў Чахольскі. — Галасавалі толькі людзі сталага веку, пэнсіянэры. Маладыя і людзі сярэдняга веку байкатавалі выбары».

21:12 «Выбарцаў сустракалі саўндтрэкам з эратычнага фільму „Эмануэль“»

21:11 Прэсавая служба Партыі БХД паведамляе: «На 594-м участку 107-й акругі адразу пасьля таго, як старшыня камісіі вывесіў выніковы пратакол, выбег невядомы чалавек, які сарваў яго і ўцёк. Пры гэтым ні старшыня ўчастку, ні дзяжурныя міліцыянты на гэта ніяк не рэагуюць. Толькі назіральніцы ад БХД Валерыя Чарнаморцава і Вольга Кавалькова спрабуюць выклікаць міліцыю, каб разабрацца ў сітуацыі».

21:10 Назіральнікаў Арыну Лісецкую і Сяргея Марцалева, якія працавалі на 373 і 374 участках Фрунзенскай акругі № 101, выпусьцілі зь міліцыі. Пра гэта паведаміў у сваім фэйсбуку журналіст Сяргей Пульша.

20:34 «У самай закрытай эўрапейскай краіне…»

20:45 Паводле дадзеных назіральнікаў ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, акрэдытаваных на некалькіх сотнях выбарчых участкаў па ўсёй краіне, яўка на «выбары» склала 38,7% выбарцаў. Дадзеныя сабраныя за 15 хвілінаў да закрыцьця выбарчых участкаў.

Сакратар аргамітэту стваранай партыі БХД Дзяніс Садоўскі: «Лічба яўкі па Беларусі склала 38,7%, што відавочна сьведчыць, што выбары ў Беларусі не адбыліся. Безумоўна, што гэта лічба папярэдняя, але яна ня зьменіцца на тое, каб больш за 50% атрымалася. Безумоўна, такога ўжо ня будзе і можна казаць, што выбараў у Беларусі не было. 18% зь іх, таксама па падліках нашых назіральнікаў, гэта лічба датэрміновага галасаваньня. То бок людзей, якіх прымусова загналі на ўчасткі. І гэтую лічбу ў вялікай ступені можна адымаць. Ну і калі раней за апошнія 17 гадоў выбары не прызнавала міжнародная супольнасьць і беларуская апазыцыя, то цяпер выбары не прызнаў сам беларускі народ, які сваімі нагамі прабайкатаваў выбары і не прыйшоў на выбарчыя ўчасткі гэтых так званых парлямэнцкіх выбараў».

20:40 Дзядуля былога палітвязьня Мікіты Ліхавіда Ўладзімер Капацкі зьвярнуўся як інвалід па зроку на 655-ты ўчастак з заявай, каб яму прынесьлі скрыню для галасаваньня дахаты. Скрыню яму так і не прынесьлі. На ўчастку заявілі, што заявы ад Капацкага ў іх не было.

20:36 Назіральнік праекту «Назіраньне за выбарамі: тэорыя і практыка» (EOTP) : 2 нашы назіральніцы, што зафіксавалі ў аўторак перавышэнне яўкі ў 11 разоў, выдаленыя з участку пасьля інтэрвію журналісту AP.

20:36 Гомель. З 24-га ўчастку 35-й акругі паведамляе Алесь Чахольскі, адказны сакратар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ: «Было зарэгістравана на ўчастку 2750 выбарцаў, прагаласавала 1005 чалавек. Нас нават не цікавяць афіцыйныя зьвесткі, таму што відавочна, што выбары не адбыліся, прагаласавала менш за 40%».

Такая ж сытуацыя, паводле Чахольскага, і ў Салігорску на 18-м участку 68-й акругі: зарэгістравана 2905 выбарцаў, прагаласавала 1167 чалавек, таксама менш за 40%.

20:35 Заблякаваны сайт electby.org.

20:10 Назіральніцу ад руху «За свабоду» Арыну Лісецкую і назіральніка ад Партыі БНФ Сяргея Марцалева, якія працавалі на 373 і 374 участках ня могуць знайсьці калегі і сябры. Яны сышлі з участку шэсьць гадзінаў таму.

Пра гэта паведаміла ў сваім фэйсбуку праваабаронца Тацяна Равяка: «Менавіта на гэтых участках былі зафіксаваны выпадкі выбарчых „карусэляў“. Існуе верагоднасьць, што яны былі затрыманыя. РУУС інфармацыі пра гэтых асобаў не дае».

20:10 Карэспандэнт Галіна Абакунчык паведамляе з участкаў №№ 367, 368 і 369 Фрунзенскай выбарчай акругі № 101: «На 19:00 маем такія лічбы: 368-ы ўчастак — афіцыйна прагаласаваў 731 чалавек, а паводле незалежнага назіраньня 335; на 369-м участку зьвесткі не разыходзяцца, прагаласавала прыкладна 58%; старшыня 367-га ўчастку Людміла Абрамава адмовілася даваць зьвесткі, аднак, паводе афіцыйнай дошкі выбарца, з атрыманых 2100 бюлетэняў было скарыстана 418, а паводле незалежнага назіраньня — прагаласавала толькі 280 чалавек».

На ўсіх участках галасаваньне адбывалася вяла, выбарцы ў асноўным сталага веку. На ўчастку № 367 пэнсіянэр, атрымаўшы бюлетэнь, адмовіўся галасаваць. Старшыня камісіі Абрамава пачала патрабаваць, каб чалавек усё ж апусьціў бюлетэнь у скрыню для галасаваньня, на што атрымала адказ: «Я ня веру ў празрыстасьць выбараў, ведаю, што, нягледзячы на тое, як бы я прагаласаваў, дэпутатам будзе кандыдат ад Камуністычнай партыі Беларусі. Тое, што я не галасую, — гэта мой пратэст».


20:05 Канчатковыя вынікі па яўцы будуць апоўначы. Ярмошына паведаміла, што выбары адбыліся ва ўсіх акругах. Першая сэсія павінна адбыцца да 23 кастрычніка.

Ярмошына: Галоўнае, каб падлік галасоў прайшоў чыста, каб ніхто не сумняваўся ў легітымнасьці парлямэнту. Ярмошна сказала, што колькасьць скаргаў была «нязначнай». Кажа, што некаторыя назіральнікі падаюць скаргі, бо іх пазбаўляюць паўнамоцтваў. Яна сказала, што было як мінімум 5 такіх скаргаў.

Ярмошына: Нацыянальных назіральнікаў болей за 30 тысяч. Таму, маўляў, няма чаго скардзіцца на тое, што не было назіраньня на выбарах.

Ярмошына: «Адзіная крыніца яўкі — гэта дадзеныя камісіяў. Усе іншыя дадзеныя — гэта домыслы».

«Я задаволеная вынікамі выбараў», — прызналася Ярмошына.


20:02 У інфармацыйным цэнтры праходзіць прэсавая канфэрэнцыя старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

20:00 Закрыліся выбарчыя ўчасткі.


Дзень выбараў і байкоту. Жывы рэпартаж

Фота: Галасаваньне і байкот

Выбары-2012: што піша інтэрнэт

Выбары праходзяць у 110 акругах.

За дэпутацтва змагаюцца 293 чалавека.

На гэтых выбарах 16 акругаў засталіся безальтарнатыўнымі.

Напярэдадні выбараў Аб’яднаная грамадзянская партыя і Партыя БНФ зьніялі сваіх кандыдатаў.

А шэсьць дэмакратычных партыяў і рухаў заклікалі жыхароў Беларусі байкатаваць выбары. Такой пазыцыі прытрымліваюцца:

  • АГП
  • Ствараная Партыя БХД
  • Рада беларускай інтэлігенцыі
  • «Беларускі рух»
  • «Малады фронт»
  • Беларускі незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці.

Ад пачатку да байкоту выбараў заклікала Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ.

У выбарах працягваюць удзельнічаць кандыдаты ад Партыі левых «Справядлівы сьвет», ад Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі (Грамада), а таксам асобы, якіх падтрымлівае кампанія «Гавары праўду».


Стань карэспандэнтам «Свабоды!

Зрабі фота
Здымі відэа
Дашлі інфармацыю
Дай сваю ацэнку, выкажы свае спадзяваньні ў эфіры і на сайце «Свабоды»!



Адрас электроннай пошты: rferl.minsk@gmail.com
Пазвані на тэлефон у Менску (+375-17) 266-39-52