Ганна Янкута — пра швэдзкую клясыку па-беларуску

Ганна Якута

Мінула амаль два месяцы, як беларускія ўлады пазбавілі швэдзкага амбасадара Стэфана Эрыксана мажлівасьці далейшае працы ў Менску, пасьля чаго дыпляматычнае прадстаўніцтва паўночнаскандынаўскае краіны тут увогуле зачынілася і яе культурніцкія інстытуцыі спынілі ў Беларусі ўсе свае праекты.
Але перакладзеныя ды выдадзеныя пры іх спрыяньні кнігі папулярных швэдзкіх аўтараў засталіся. Ганна Янкута — пра швэдзкую клясыку па-беларуску.


Мікаэль Ніемі. Папулярная музыка з Вітулы. Пераклад са швэдзкай Вольгі Цвіркі. Менск, выдавец І. Логвінаў, 2010

Калі перагледзець і палічыць кнігі, перакладзеныя на беларускую мову са швэдзкай, то выявіцца, што значная іх частка — дзіцячая літаратура. Значыць, у Швэцыі найбольш пішуць пра дзяцей, — так і напрошваецца выснова, але ня будзем з ёй сьпяшацца, бо інакш Швэцыя ў нашых вачах ператворыцца ў цудоўную кватэру Свантэ Свантэсана, якую рэгулярна наведвае Піпі Доўгаяпанчоха, Мама Му і іншыя абаяльныя кніжныя героі. Варта пачытаць раман Мікаэля Ніемі «Папулярная музыка з Вітулы», перакладзены на беларускую мову Вольгай Цвірка, — і ўяўленьне пра Швэцыю як пра краіну карлсанаў адразу ж падасца вельмі далёкім ад рэчаіснасьці. Бо дзе яшчэ суворыя паўночныя мужыкі парацца ў лазьні навыперадкі пакуль іх юныя спадчыньнікі ладзяць рок-гурты і мараць пра славу ўлюбёных заходніх зорак?

Ніемі нарадзіўся ў гарадку Паяла, які і апісаў у сваім рамане, што зрабіўся бэстсэлерам і быў перакладзены на многія мовы, у тым ліку і нашую. У сьвятле выхаду ў сьвет новага рамана Альгерда Бахарэвіча Паялу, дый увесь Турнэдален хочацца назваць такімі сабе швэдзкімі Шабанамі з адпаведнымі радасьцямі і трывогамі, блізкімі беларускаму чытачу, бо хто з іх не перажываў першага любоўнага захапленьня і ня марыў пра будучыя ўзьлёты, не чакаючы, што яны раптам могуць ператварыцца ў падзеньні? Паяла, гэтая Палеская глуш швэдзка-фінскага памежжа, патрабуе ад сваіх дзяцей вялікай вытрымкі і ўпартасьці, і калі яны, нягледзячы ні на што, выжываюць, то хтосьці з іх рызыкуе потым зрабіцца адным з самых чытаных у краіне і сьвеце паўночных пісьменьнікаў.


Сучаснае швэдзкае апавяданьне: проза. Менск, «Галіяфы», 2009

Зборнік сучаснага апавяданьня той ці іншай краіны — фармат досыць складаны і ў пэўным сэнсе нават спрэчны. З аднаго боку, цяжка ўявіць, на падставе чаго выбіраюцца апавяданьні для таго ці іншага зборніка — хутчэй за ўсё на падставе густу яго ўкладальніка, з якім спрачацца, канечне, можна, але ня мае сэнсу. У выніку атрымліваецца ўсяго і патрошку, і ня ўсім чытачам такое даспадобы. З другога боку, разнамасныя творы, стылі, падыходы часам лепш за які раман могуць даць уяўленьне пра сучасны стан літаратуры, да таго ж такому выданьню прасьцей дагадзіць чытачу: не спадабаецца адно апавяданьне, дык спадабаецца іншае. У такім выпадку разнастайнасьць ідзе кнізе толькі на карысьць, бо дае магчымасьць знайсьці свайго швэдзкага пісьменьніка і далей дзейнічаць па абставінах: ці то трэсьці перакладчыкаў, каб рабілі яшчэ, ці то самому вывучаць мову.

Зборнік сучаснага швэдзкага апавяданьня ўключае пераклады чатырнаццаці твораў дванаццаці пісьменьнікаў (апавяданьне «КанТраляваць уСё. сьЦерці» напісанае Ю. Хеміры і А. Руўс у суаўтарстве), зробленыя дзевяцьцю перакладчыкамі (В. Цвірка — яна ж укладальніца кнігі, — Л. Варашуха, Я. Гарунова, Д. Вашкевіч, Г. Марчанка, А. Патаня, Н. Савік, Н. Лабада і М. Фоніна), для многіх з якіх гэтая праца была дэбютнай. Што, зрэшты, на якасьць кнігі ніяк не паўплывала.

Нягледзячы на тое, што сучасная літаратура ў пэўнай ступені нівэлюе нацыянальны стыль і з’яўляецца вынікам узаемадзеяньня самых розных культурных традыцый, зборнік перакладаў дае ўяўленьне пра тое, чым ёсьць сёньняшняя швэдзкая проза. «Швэдзкасьць» выяўляецца ў калярыце і асобных дэталях, а таксама ў адлюстраваньні таго, што ня ёсьць насамрэч «швэдзкім» — жыцьцё імігрантаў у апавяданьні «Сізіф з Грамадзянскага пляцу» Т. Каліфатыдэса, успаміны пра бабулю, што прыехала з вострава Ява (апавяданьне «Бабуля, гарадзкі лад ды прыліў» А. Плэель), — аднак зрабілася часткай сёньняшняй Швэцыі. Гэтую самую «швэдзкасьць» зборнік і адкрывае беларускаму чытачу, хай ня так наўпрост, як «Папулярная музыка з Вітулы» (хаця там хутчэй вядзецца ня столькі пра швэдзкі дух, колькі пра швэдзка-фінскую памежную рэгіянальнасьць), але затое нашмат больш прыбліжана да нашага ці да іхняга сёньняшняга жыцьця, якое лёгка зразумець і параўнаць з навакольнай рэчаіснасьцю.


Юя Вісландэр, Томас Вісландэр. Малы і Білан. Менск, «Літаратура і мастацтва», 2011

Кніга «Малы і Білан» выдадзеная пры падтрымцы Пасольства Швэцыі ў Беларусі і ў прадмове маленькім чытачам прачытаць яе пасьля першай часткі — кнігі «Малы і Мядзьведзік» тых самых аўтараў — рэкамэндуе амбасадар Стэфан Эрыксан. Зрэшты, чытаць дзьве гэтыя кнігі можна ў любым парадку ці нават паасобку: сюжэтна яны паміж сабой не зьвязаныя, іх яднаюць толькі два галоўны героі, Малы і Білан, і, безумоўна, іх цацачны сябар, Мядзьведзік. Хіба што толькі ў другой кнізе ўсе трое трохі пасталелі і навучыліся чамусьці новаму. На беларускую мову кнігу пераклала Надзея Кандрусевіч.

Кніга «Малы і Білан» улучае шэраг гісторыяў пра штодзённыя прыгоды дзяцей. У гісторыях гэтых няма нічога незвычайнага, калі не лічыць незвычайнасьць Мядзьведзіка, якому Малы кожны вечар расказвае пра дзённыя прыгоды, бо толькі так яны абодва — і Малы, і Мядзьведзік — могуць заснуць задаволеныя. Ня ведаю, пра што гэтая кніга расказвае дзецям (пра гэта лепш спытаць у іх саміх), дарослым жа яна апавядае пра тое, што цуды магчымыя кожны дзень нават у самым рэальным жыцьці. Бо як сказала Білан у гісторыі пра схаваны падарунак, для дзіцяці самае важнае — гэта нават не падарунак, а вясёлая гульня (праўда, падарунак — гэта таксама някепска, зазначыў Малы).

З швэдзкімі дзецьмі ў кнізе «Малы і Білан» адбываюцца такія самыя рэчы, якія могуць адбыцца і з маленькімі беларусамі: яны хварэюць, губляюцца ў лесе, зьбіраюць чарніцы, гуляюць у канструктар, цягаюць дадому сабак. Адзінае, што падаецца незвычайным, хаця заўважаецца не адразу — гэта адсутнасьць гэндэрных стэрэатыпаў ці элемэнтаў гэндэрнага выхаваньня. Хлопчык Малы і дзяўчынка Білан гуляюць разам у адны і тыя ж гульні, і ніхто ім ня кажа, як мусяць паводзіцца хлопчыкі, а як — дзяўчынкі. Героі кнігі — проста дзеці, якім бацькі дазваляюць расьці так, як ім самім падабаецца.


Юя Вісландэр. Мама Му чытае. Менск, «Мастацкая літаратура», 2012

Юю Вісландэр можна, мабыць, назваць самай перакладанай на беларускую мову швэдзкай дзіцячай пісьменьніцай. Сьледам за гісторыяй пра Малога і яго сяброў у 2012 годзе пабачыў сьвет беларускі пераклад яе кнігі «Мама Му чытае», выдадзены як у папяровай, так і электроннай вэрсіях, апошнюю ў фармаце EPUB (спажывальнікі фармату MOBI кусаюць ад зайздрасьці локці) можна скачаць на сайце bybooks.by разам з іншым перакладам са швэдзкай — кнігай Ульфа Старка «Дыктатар». Пераклад падрыхтаваны Надзеяй Кандрусевіч.

Самая першая і значная перавага новага выданьня — гэта каляровыя ілюстрацыі Свэна Нурдквіста, настолькі вялікія і каляровыя, што тэкст у параўнаньні з імі можа лічыцца другасным. Другая перавага — высокая якасьць паперы, цьвёрдая вокладка і буйны памер шрыфту кнігі, які дазваляе чытаць яе нават самым маленькім дзецям. Трэцяя перавага — незвычайныя і нестандартныя героі, якія робяць незвычайныя рэчы і вядуць нестандартныя размовы. «Ушчыкніце мяне за пёркі», — крычыць крумкач, дазнаўшыся, што Мама Му чытае. — «А я падумаў, што ты звалілася з дрэва». Для герояў Юі Вісландэр няма немагчымага: карова сядае ў машыну і едзе ў бібліятэку, крумкач бярэцца напісаць даведнік пра малако, марачы па сьлядах свайго суайчыньніка Тумаса Транстромэра атрымаць Нобэлеўскую прэмію. Але самае галоўнае — гэта Мама Му, якая шмат чытае і напэўна натхніць сваіх прыхільнікаў далучыцца да яе ў гэтым прыемным занятку.


Катарына Фростэнсан. Чыстая краіна. Менск, «Мэдысонт», 2011

Ну і, безумоўна, паэзія. На жаль, швэдзкая паэзія па-беларуску на сёньняшні дзень прадстаўленая толькі адной кнігай, зборнікам вершаў Катарыны Фростэнсан «Чыстая краіна», перакладзеным Дзьмітрыем Плаксам, — гэта калі не лічыць тых паэтычных падборак, што выходзілі ў часопісах «Прайдзісьвет» і «Дзеяслоў» альбо гучалі на рознага кшталту вечарынах і імпрэзах і даўно маглі б скласьці асобны томік сучаснай і не зусім сучаснай швэдзкай паэзіі. Кніга Фростэнсан улучае ўсяго дзесяць вершаў, аднак ужо з першага погляду ўражвае сваім арыгінальным афармленьнем (не апошнюю ролю тут адыгрывае яе фармат і высокая якасьць паперы). Выданьне ілюстраванае зробленымі перакладчыкам фотаздымкамі.

У прадмове Дзьмітры Плакс расказвае, чаму ён выбраў вершы менавіта гэтай паэткі. Тлумачэньне гэтае вельмі простае — «Я люблю паэзію Катарыны Фростэнсан» — і самае, відаць, правільнае, бо адразу адказвае на ўсе пытаньні. Калі перакладчык любіць свайго паэта, ён ня можа дазволіць сабе зрабіць яго кепска, і чытач можа яму давяраць. Праца над кнігай рухалася вельмі павольна, адзначае Дзьмітры Плакс далей, і гэта яшчэ адна нагода паверыць перакладчыку, які прадстаўляе ўлюбёную паэтку.

У Беларусі кнігі перакладной паэзіі выходзяць, на жаль, досыць рэдка. А таму аматары сучаснага верша ня могуць абмінуць сваёй увагай кнігу «Чыстая краіна», тым больш што яе аўтарка ня толькі адна з самых прызнаных сёньняшніх швэдзкіх паэтак, ляўрэатка прэміі Бельмана (1994), прэміі Швэдзкага радыё за лірыку (1996), кавалер ордэна Ганаровага легіёна (2003), але і проста цікавы і тонкі лірык.