23 верасьня Плошчы ня будзе

Кастрычніцкая плошча

Беларускі Народны Фронт, Аб’яднаная грамадзянская партыя і іншыя апазыцыйныя арганізацыі не плянуюць акцыяў пратэсту на дзень галасаваньня 23 верасьня. На Кастрычніцкай плошчы адразу пасьля завяршэньня галасаваньня ўлады зьбіраюцца ладзіць свой канцэрт і дыскатэку для моладзі.


Агульнага сцэнару дзеяньняў апазыцыі ў дзень галасаваньня 23 верасьня няма. Частка актывістаў будзе задзейнічаная ў назіраньні за выбарамі. У прыватнасьці, менскія сябры БНФ разам з актывістамі іншых апазыцыйных арганізацый будуць удзельнічаць у назіраньні за яўкай у 101-й менскай акрузе, якая абраная ўзорнай пляцоўкай фіксацыі для байкоту. Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў:

Ігар Лялькоў

«Мы прагназуем, што дзякуючы кампаніі гэтага лякальнага байкоту выбары ў 101-й акрузе не павінны адбыцца. Агульнага назіраньня па ўсёй краіне мы не плянуем, таму нашыя рэгіянальныя арганізацыі форму, як правесьці 23 верасьня, будуць вызначаць, зыходзячы з канкрэтнай сытуацыі ў сваім рэгіёне».

Паводле спадара Лялькова, на сядзібе БНФ 23-га верасьня будзе функцыянаваць агульны інфармацыйны цэнтар, у працы якога будуць браць удзел сябры БНФ, партыі «Справядлівы сьвет», кампаніі «Гавары праўду». Яны будуць сачыць за ходам галасаваньня ў краіне і паведамляць вынікі назіраньня.

БНФ не заклікае людзей на Плошчу 23 верасьня, не арганізоўвае ніякіх вулічных акцыяў, заявіў «Свабодзе» лідэр партыі Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч

«Вельмі вялікае расчараваньне, скепсіс у грамадзтве адносна таго, што па выніках гэтых выбараў у краіне можа нешта зьмяніцца. У грамадзтва няма матывацыі выказваць нейкія актыўныя спадзяваньні на перамены і, адпаведна, патрабаваць гэтых пераменаў 23 ці 24 верасьня. Зь іншага боку, за паўтара года ўладам сапраўды ўдалося стварыць атмасфэру страху вакол таго, што зьвязана з удзелам у вулічных пратэстных акцыях. Таму мы не прагназуем, што такі заклік магла б падтрымаць значная колькасьць людзей».

Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі таксама будуць прымаць удзел у кропкавым назіраньні, інфармацыя будзе зьбірацца на партыйным офісе. На Плошчу АГП таксама не заклікае, заявіў лідэр партыі Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька

«Гэта гучала б дысанансам з нашым пасланьнем, якое мы ўжо сфармавалі. Мы заклікаем людзей не галасаваць і далучацца да кампаніі „За сумленныя выбары без Лукашэнкі“, якая працягнецца і пасьля 23 верасьня».

Сам Анатоль Лябедзька 23 верасьня плянуе пагуляць у футбол.

Адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі ў нядзелю будзе назіраць і каардынаваць назіраньне на выбарчых участках. Ніякіх акцыяў пратэсту ён не прагназуе:

Віталь Рымашэўскі

«Усім відавочна, што беларусы ня вераць у тое, што ў нас адбываюцца нейкія выбары. Гэта ня той момант, пры якім грамадзтва можа варушыцца. І ніякіх заклікаў да несанкцыянаваных акцыяў пратэсту з боку БХД і ўсёй без выключэньня апазыцыі няма. За ўсе правакацыі, якія б яны ні былі, у выпадку, калі яны адбудуцца, будуць несьці адказнасьць беларускія ўлады».

Тым часам на Кастрычніцкай плошчы адразу пасьля выбараў менскія ўлады плянуюць канцэрт і дыскатэку. Як паведаміў на старонцы «Свабоды» ў «Фэйсбуку» студэнт БДУ Філіп Косьцік, у ВНУ зьбіраюць з курсаў па 50 чалавек:

«Праход на гэтую «дыскатэку» — толькі па студэнцкіх, і тыя, хто пойдзе, могуць прапусьціць заняткі ў панядзелак і аўторак афіцыйна. Папрасілі на мерапрыемстве не кантактаваць з прэсай і казаць усім, што прыйшлі, таму што «люблю Менск, Беларусь і да т.п.».