«Выбары нібыта ёсьць, а выбару — няма...»

Валянцін Жданко

Эфір 19 верасьня 2012 году
У Беларусі завяршаецца выбарчая кампанія: празь некалькі дзён у Палаце прадстаўнікоў зьменяцца гаспадары дэпутацкіх кабінэтаў. Але вялікай інтрыгі ў гэтых выбарах няма: сьпіс пераможцаў даўно прайшоў узгадненьні на ўсіх узроўнях выканаўчай улады, і вельмі нямногія ў Беларусі маюць сумнеў наконт імёнаў тых, хто ў выніку атрымае дэпутацкія значкі і адпаведныя прывілеі ў выглядзе высокіх заробкаў і гарантаваных міністэрскіх пэнсіяў.

На гэтую тэму — значная частка нашай пошты апошніх дзён. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з такіх лістоў. Генадзь Ліцьвін зь Менску, разважаючы пра тое, якім чынам можна супрацьстаяць фальшаваньням на беларускіх выбарах, піша:

«Цікава даведацца, як мог бы паўплываць на вынікі гэтага галасаваньня той спосаб, які прапаноўваў выкарыстаць на выбарах 2010 году вядомы праваабаронца Гары Паганяйла. А гэта была надзвычай цікавая ідэя. Выбарцу прапаноўвалася ў кабіне для таемнага галасаваньня разарваць бюлетэнь на дзьве часткі. Адну ўкінуць у скрыню, а другую забраць сабе, каб потым перадаць у апазыцыйныя структуры. Гэтыя палавінкі бюлетэняў потым можна было палічыць і параўнаць з афіцыйнымі вынікамі галасаваньня. Такім чынам, фальшаваньні і падман былі б дакумэнтальна даказаныя. Гары Паганяйла тады казаў, што такое галасаваньне раўназначнае няўдзелу ў выбарах (гэта значыць — байкоту).

Ці варта так рабіць цяпер? Калі варта, дык чаму б не расказаць людзям, не патлумачыць, не распаўсюдзіць гэтую ідэю, каб просты выбаршчык ведаў, як найлепш паступіць у такой сытуацыі, а апазыцыйныя структуры мелі дастаткова доказаў дзеля таго, каб у судовым парадку аспрэчыць вынікі галасаваньня?»
.

Ідэя арыгінальная і цалкам лягічная, спадар Ліцьвін, але ў беларускіх умовах цяжкавыканальная. Гэта паказаў досьвед мінулай выбарчай кампаніі, калі яна была толькі агучана і некаторыя спрабавалі яе ажыцьцявіць. Пільныя выбарчыя камісіі спынялі спробы ўкінуць парваныя бюлетэні ў скрыню для галасаваньня, выклікалі міліцыянтаў, наладжвалі разборы... Далёка ня кожны шараговы выбаршчык гатовы да такіх скандалаў. А дзеля таго каб атрымаць больш-менш поўны малюнак вынікаў галасаваньня, такое ўкідваньне парваных бюлетэняў павінна быць масавым... Дый для апрацоўкі атрыманых такім чынам бюлетэняў спатрэбіліся б сотні і сотні актывістаў, што ў сёньняшніх рэаліях выглядае праблематычным.

Кароткі ліст зь перадвыбарчымі ўражаньнямі і назіраньнямі — ад нашага слухача Алега Макушынскага зь Ліды. Ён піша:

«Усё ж вы мусіце прызнаць арганізатарскі талент Лукашэнкі: гэта ж якую сыстэму трэба прыдумаць, каб выбары вонкава на выбары былі падобныя, але па сутнасьці звычайнаму грамадзяніну ніякага свабоднага выбару не давалі. Ні выбіраць, ні быць выбраным пры такой сыстэме апанэнту гэтай улады немагчыма. Галасуй ці не галасуй, вылучайся ці не вылучайся — а ўсе дэпутацкія месцы ўжо даўно падзеленыя».

Патэнт на такую псэўдавыбарчую сыстэму належыць зусім не Лукашэнку, спадар Алег. Яе прыдумалі і за 70 год дасканала адладзілі савецкія камуністы. Трэшчыну яна дала з пачаткам перабудовы — менавіта тады праз тую трэшчыну Лукашэнка і трапіў у беларускі парлямэнт. Але, прыйшоўшы да ўлады з дапамогай дэмакратычных інстытутаў і працэдур, тую трэшчыну тут жа зь веданьнем справы замураваў.

Пра цікавы выпадак паўвекавой даўніны расказвае ў сваім лісьце на «Свабоду» Мікалай Козіч зь Менску. У той час існавала ў працоўных калектывах такая практыка: наладжваць публічнае выхаваньне тых несьвядомых таварышаў, якія зь нейкіх прычынаў «аступіліся»: дапусьцілі амаральны ўчынак альбо — што яшчэ горш — палітычную недальнабачнасьць. Слухач піша:

«Было гэта напрыканцы 60-х гадоў. Я тады працаваў на заводзе аўтаматычных ліній. Аднаго разу начальства сабрала нас у актавай залі — дзеля таго каб мы паназіралі, як будуць прапясочваць ідэалягічных дывэрсантак. Аказалася, што КДБ вылавіў дзьвюх непаўналетніх дзяўчатак, якія раскідвалі па паштовых скрынях у дамах у раёне кінатэатру „Зьмена“ нейкія ўлёткі (здаецца, антысавецкія). У актавай залі сабралася шмат народу — усім цікава было паглядзець на гэтых, як тады казалі, „шпіёнак“. Выступалі маладыя інжынэры, партыйныя актывісты: казалі пра ідэалягічныя недапрацоўкі, пра тое, што школа аддае недастаткова ўвагі ідэйнаму выхаваньню. Быў там і дырэктар школы нумар 62, што разьмешчана ў раёне заводу. Яму дасталося на арэхі больш за іншых.

Былі два супрацоўнікі КДБ. Пра зьмест улётак асабліва не распавядалі, сказалі толькі, што гэтыя дзьве „шпіёнкі“ заклікалі ўступаць у шэрагі антысавецкага супраціву.

Гэтых дзьвюх непаўналетніх дзяўчатак увялі ў залю. Гадзіны дзьве іх бэсьцілі, прыніжалі, псыхалягічна апрацоўвалі ў нас на вачах...

...Мне ўжо 85 год. 13 зь іх я адпрацаваў на заводзе аўтаматычных ліній. Часам успамінаю даўні выпадак са „шпіёнкамі“. Цікава, як склаўся лёс тых дзяўчатак. Увогуле, што гэта быў за рух супраціву? Да чаго яны заклікалі? Як увогуле адважыліся ў той змрочны час на такі ўчынак?»
.

Хутчэй за ўсё, ніякага арганізаванага руху супраціву не было — размова ішла, напэўна, пра дзёрзкі адважны ўчынак некалькіх падлеткаў, якім абрыдла заскарузлая будзённасьць брэжнеўскай эпохі, і яны вырашылі ва ўлётках напісаць пра яе тое, што сапраўды думаюць. Калі б у рэальнасьці існавала падпольная антысавецкая арганізацыя, то, мяркую, гэтых дзяўчатак не прапясочвалі б на сходзе грамадзкасьці, а вельмі хутка кінулі ў «Амэрыканку» і аддалі пад суд. Зрэшты, ім пашанцавала, што гэта былі ўжо параўнальна лібэральныя 60-я гады. На пачатку 50-х за такія ўлёткі нават непаўналетніх пасылалі ў лягеры гадоў на дваццаць.

Нешта больш канкрэтнае, ня ведаючы прозьвішчаў, сказаць пра гэты выпадак цяжка, спадар Козіч. Можа, нехта са сьведак тых падзей адгукнецца на гэтую перадачу і раскажа больш падрабязна.

Наступны ліст — ад Ніны Гетманчук зь Берасьця. Слухачка ўважліва сачыла за нашым цыклем «Свабода ў турмах» і вырашыла распавесьці пра гісторыю сваёй сям’і. У савецкай турме ў 1946 годзе давялося сядзець яе бацьку. Ніна Гетманчук піша:

«Пасьля вайны ў Камянцы зьявілася процьма міліцыянтаў. Усе — з усходу, расейцы. Езьдзілі конна, на брычках, на санях: машын не было. Часта рабавалі мясцовых людзей: забіралі тое, што хацелі. Вельмі многа пілі. А вось да працы прывучаны не былі. І вельмі хутка ўся конная гаспадарка ў іх прыйшла ў заняпад. А мой бацька быў вельмі працавіты, усё ўмеў. Яны пра гэта ведалі. І вось аднаго разу прыехалі, пасадзілі яго ў фурманку. Сказалі: «Давядзеш у нас да ладу збрую, коней — і адпусьцім». Бацька так стараўся, што за месяц усё было ў парадку. Ён прасіўся дадому: шмат працы па гаспадарцы, дзяцей трэба гадаваць. Але яму сказалі: «Ніколі! Або тут — або Сыбір». Грошай яму не плацілі, жыў пры конях. Ежу сабе гатаваў у разбураным будынку. Раз на тыдзень прыходзіў дадому — браў хлеб, сала, бульбу. Усе мы былі ў адчаі.

І вось мінула зіма. Ён прасіўся: трэба араць, дзеці памруць з голаду. Не пусьцілі. Тады ён пайшоў сам. Дзень араў, а назаўтра прыехалі, зьвязалі, кінулі ў фурманку тварам уніз — і павезьлі. Толькі празь месяц мы даведаліся, што ён у турме ў Берасьці.

У вялікую камэру без усялякай мэблі іх набілі чалавек сто. Днём стаялі, а ноччу падалі на падлогу ў два ярусы. Ноччу ніжнія выпаўзалі наверх, потым зноў мяняліся месцамі, як парасяты. Цягнулася гэта доўга, месяцы паўтара-два. Ніякіх допытаў не было. Давалі баланду і выводзілі ў прыбіральню два разы на суткі — рана і ўвечары. Зьявіліся вошы, потым — хваробы. Людзі пачалі паміраць — напэўна, ад тыфу. Ніякай мэдычнай дапамогі не было — ні лекаў, ні дактароў. Нябожчыкаў станавілася ўсё болей. Неўзабаве камэра перастала быць цеснай.

І вось аб’явілі, што пачынаецца суд. Адчынілі дзьверы ў калідор. Там стаяў стол, накрыты чырвонай анучай, і сядзелі тры мажныя энкавэдысты. Выклікалі па адным, не пыталі ні слова — толькі зачытвалі прысуд. Віна вядомая: нехта пра Сталіна казаў кепска, нехта — пра бальшавіцкую ўладу. Большасьці быў прысуд — расстрэл, меншасьці — 25 год Сыбіры. На дзесяць год асудзілі толькі аднаго.

Бацьку выклікалі ў ліку апошніх. Пра свой лёс ён ужо здагадваўся, на ватных нагах падышоў да стала. І тут здарылася неверагоднае: няйначай, Бог пашкадаваў нявіннага чалавека. Аказалася, бацькавы паперы згубіліся. «Судзьдзі» захваляваліся, паслалі аднаго шукаць, але той нічога не прынёс. Бацька імгненна здагадаўся: гэта быў шанец для яго. Яго сталі распытваць: якое злачынства ўчыніў. Бацька прыдумаў на хаду: кажа, пасварыўся з суседам з-за таго, што сабака задраў курыцу. Ну, вось той і напісаў на яго ўчастковаму.

Усе зьдзівіліся. А самы галоўны закрычаў: «Вон адсюль!» Тады адзін з памагатых падышоў да бацькі, схапіў за каўнер, прывалок да дзьвярэй і з размаху з усяе сілы выцяў ботам па хрыбетніку. Бацька апынуўся за дзьвярыма, падняцца ня мог. Дапоўз да сьцяны і сядзеў. Міліцыянты, што бегалі сюды-туды, сьмяяліся зь яго: «Што, не наседзеўся?»

Мэтраў за 300 ад турмы ў Берасьці — царква. Папоўз туды. Калекі, жабракі яго пакармілі, далі на дарогу хлеба, яблык і кій. Так ён выправіўся дахаты — за 65 кілямэтраў. Часам добрыя людзі падвозілі на фурманках. Начаваў у вёсках. Ішоў тыдзень.

Калі ўвайшоў у хату — мы ўсе вельмі крычалі. Ні то ад радасьці, ні то ад страху. Бо прыйшоў жывы труп. Калі арыштоўвалі, важыў 85 кіляграмаў, калі вярнуўся — 45.

Пасьля гэтага бацьку паралізавала, ён некалькі гадоў не паднімаўся. Добра, што старэйшы сын пасьля вайны ўладкаваўся правадніком, езьдзіў у Польшчу і Нямеччыну, прывозіў адтуль бацьку лекі — і той урэшце стаў на ногі. Але працаваць ужо ня мог. Да канца жыцьця хадзіў з палачкай. Доўга маўчаў пра ўсё тое, што перажыў: баяўся. А расказаў толькі тады, калі я была ўжо дарослая, падчас хрушчоўскай адлігі. Тая драматычная гісторыя бацькі потым трагічна адбілася на ўсёй нашай сям’і«
.

Дзякуй вам, спадарыня Ніна, за гэты шчыры пранізьлівы аповед. Калі я гляджу цяперашнія афіцыйныя падручнікі па гісторыі савецкага пэрыяду, у якіх распавядаецца выключна пра «гераічныя зьдзяйсьненьні». «працоўны энтузіязм» і «вялікія будоўлі сацыялізму», мне заўсёды згадваюцца падобныя гісторыі — іх могуць расказаць ледзь ня ў кожнай сям’і, асабліва — у Заходняй Беларусі. Думаю, ня надта далёкі той час, калі нашы дзеці будуць вучыцца па праўдзівых падручніках. Ну, а пакуль што ж — мы самі раскажам ім тое, пра што баяцца казаць настаўнікі ў школах.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by