Вянок памяці: Уладзімер Пузыня

18 верасьня ранкам пайшоў з жыцьця славуты беларускі музыка, майстар старажытных народных інструмэнтаў Уладзімер Пузыня. Яму было 72 гады.

Уладзімер Пузыня


Пра свайго настаўніка гаворыць лідэр гурту «Стары Ольса» Зьміцер Сасноўскі:

«Уладзімер Пузыня быў сымбалем, які зьвязваў аж тры пакаленьні музыкаў. Гэта тое пакаленьне — Цітовіч, Лычкоўскі, Жукоўскі, — якія выраблялі народныя інструмэнты, адраджалі і вярталі зь нябыту, у які тыя трапілі ў першай палове ХХ стагодзьдзя. Другое пакаленьне музыкаў — 80–90-х гадоў. І, нарэшце, гэта настаўнік для тых, хто граў на народных інструмэнтах. Уладзімер Пузыня да гэтага моманту быў старэйшым жывым майстрам, які вырабляў такі сымбалічны для Беларусі інструмэнт, як дуда. Мы рэгулярна запрашалі яго на дударскі фэст, на канфэрэнцыі. Толькі аднойчы за апошнія шэсьць год ён выйшаў і граў на сцэне, бо ў яго было кепскае здароўе. Але ён заставаўся сымбалем. Сымбалем, які зьвязваў настолькі розныя часы і настолькі розных людзей».

Нарадзіўся Ўладзімер Пузыня 26 лютага 1940 году ў вёсцы Суцін на Любаншчыне. Паходзіў са шляхецкага роду. У Магілёве скончыў школу мастацтваў, дзе вучыўся рэстаўрацыі. А ўжо ў 70-я стаў сам рабіць старажытныя інструмэнты — дуды, ліры.

Ужо ў 80-я гады пашанцавала шмат якім маладым музыкам, якія траплялі да яго ў «Беларускую хатку». Гэтую лябараторыю адраджэньня і вырабу беларускіх народных інструмэнтаў Уладзімер Пузыня стварыў пры менскім Інстытуце культуры, дзе ў той час выкладаў.

У сакавіку 2012 году карэспандэнт Радыё Свабода Віталь Сямашка наведаў Уладзімера Пузыню ў ягоным доме ў вёсцы Ганалес. Праз фрагмэнт ягонай перадачы «Падарожжы Свабоды» можна яшчэ раз пачуць Уладзімера Пузыню:

Карэспандэнт: «Дзядзька Валодзя, што вы аднавілі?»

Пузыня: «Усё — і сурма, і жалейка, і ліра — чарцяжы, мэханіка, парады прафэсіянала, як трымаць інструмэнт. Вось хорум…»

Карэспандэнт: «Гэта ж ваша ноў-хаў!»

Пузыня: «Ён зьявіўся ў Радзівілаўскім летапісе 13 стагодзьдзя. Хорум высушвалі з гарбуза — унізе ўдуваеш, там галасавік і бурдон, унізе рагавень. Магу табе найграць — гэта самае апошняе, што я адрадзіў, знайшоўшы гук, строй.

Your browser doesn’t support HTML5

Уладізмер Пузыня



Мастак, музыка, дудар Тодар Кашкурэвіч кажа, што ўся дудовая плынь удзячная Ўладзімеру Пузыню:

«Чалавек рабіў шэраг памылак у аднаўленьні музычных інструмэнтаў. Але ён рабіў гэта шчыра. Але галоўнае, што ён зрабіў, — ён аднавіў беларускую душу.

Я мушу сказаць, што надзвычай сымбалічны інструмэнт, які ён зрабіў, — гэта чаротка. Што гэта такое? Гэта проста саломінка, сьмецьце. Але ён быў такі дыхтоўны чалавек, што ён нават зрабіў для яе футарал. Простая саломіна ў футарале. Гэта самы шэдэўральны ягоны інструмэнт».

Сучасную беларускую музыку ўжо немагчыма ўявіць сабе без старажытных народных інструмэнтаў. Гучаньне шмат якіх гуртоў стала ўнікальным і пазнавальным дзякуючы інструмэнтам Уладзімера Пузыні. Вядомы беларускі музыка Юры Выдронак кажа, што замаўляў у яго інструмэнты для двух сваіх праектаў — «Крыві» і «Палац».

Пра Ўладзімера Пузыню згадвае лідэр гурту «Палац» Алег Хаменка:

«Вельмі нечакана. Вельмі шкада. Глыбокія спачуваньні родным. Мы сябравалі з пачатку 90-х. Шчыра сябравалі, доўга. Мы да таго часу граем на музычных інструмэнтах, якія Ўладзімер Якаўлевіч рабіў менавіта для нас. Гэта жалейка, ліра. І ліра вельмі актыўна выкарыстоўваецца намі ў розных праграмах. Вельмі важна, што ён быў ня проста майстра, а вельмі шчыры і апантаны чалавек. Ён любіў Беларусь не па загадзе, ад шчырага сэрца. Быў глыбокім патрыётам. Гэта вялікая страта».

Разьвітацца з Уладзімірам Пузыням можна 20 верасьня а 12 гадзіне ў хаўтурнай залі мэдычнага цэнтру Міністэрства абароны (вул.Чырвонаармейская, 10).