Стартуе датэрміновае галасаваньне

18 верасьня пачынаецца 5-дзённае датэрміновае галасаваньне на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Як паведамілі ў Цэнтравыбаркаме, грамадзяне, якія зь нейкай прычыны ня могуць прыйсьці на выбарчыя ўчасткі ў дзень выбараў 23 верасьня, могуць прагаласаваць загадзя. Афіцыйнага тлумачэньня, чаму грамадзянін мае намер галасаваць датэрмінова, не патрабуецца.
Сябры кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заклікалі выбарцаў паведамляць пра прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні. Дасылаць паведамленьні можна на адрас кампаніі ў інтэрнэце elections2012@spring96.org , паведаміў намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч:

«Можна ананімна. Мы разумеем, што людзі будуць баяцца скардзіцца ў пракуратуру ці нейкія іншыя дзяржаўныя органы. Хоць гэта парушэньне заканадаўства, і нават крымінальная адказнасьць устаноўленая за такога кшталту дзеяньні. Бо выбарца сам выбірае — галасаваць яму ці не. І ўсе гэтыя зьвесткі будзем зьмяшчаць у інтэрнэце, надаваць ім галоснасьць».

Каля 400 назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» будуць назіраць гэтыя пяць дзён за тым, што адбываецца амаль на 200 выбарчых участках. Іх задача — адсочваць яўку, якая будзе штодня паведамляцца і параўноўвацца з афіцыйнымі дадзенымі. Выбарцаў, якія галасуюць раней за дзень выбараў, вельмі шмат — да 30%. Стэфановіч лічыць, што ў такім выглядзе датэрміновае галасаваньне не павінна існаваць, бо яно дазваляе разнастайныя маніпуляцыі і выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу.

«У нас заўсёды датэрміновае галасаваньне спалучаецца з прымусам выбарцаў да ўдзелу ў такім галасаваньні. Гэта мы назіраем ня першы год. І таму мы і крытыкуем гэтае датэрміновае галасаваньне, бо ў тым выглядзе, у якім яно ёсьць, яно дазваляе ўладам масава ўжываць адміністратыўны рэсурс дзеля розных мэтаў. Можна толькі здагадвацца, дзеля якіх. Адна зь іх — забесьпячэньне яўкі. Самі працэдуры захаваньня скрыняў і ўсяго астатняга таксама выклікаюць вялікія сумневы. Да таго ж шмат хто заяўляў, напрыклад, міліцыянт Казлоў, што ён асабіста бачыў, як супрацоўнікі міліцыі ноччу мянялі бюлетэні. Таму даверу да такой сыстэмы ў нас няма».

Назіраць за галасаваньнем пачынаюць і сябры грамадзкай кампаніі «За справядлівыя выбары — 2012», якія зьбіраюцца «закрыць» каля тысячы выбарчых участкаў. Іх спадзяваньні весьці кругласуткавае назіраньне пакуль ня спраўдзіліся. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў карэспандэнту «Свабоды», што назіраньне ў начны час не прадугледжана законам. Раней старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што Беларусь ня мае намеру адмаўляцца ад датэрміновага галасаваньня на выбарах, бо гэта зручна і трэба пашыраць магчымасьці людзей удзельнічаць у выбарах.

Рух «За свабоду» вылучыў больш за 200 назіральнікаў па ўсёй Беларусі. Найперш ён сканцэнтруе сваю ўвагу на байкотнай 101-й Фрунзенскай акрузе Менску. Паводле намесьніка старшыні руху Юрася Губарэвіча, кожная камісія мае за гонар выдаць большую лічбу тых, хто прагаласаваў датэрмінова. Таму паміж імі ідзе спаборніцтва за большую яўку.

«Мы лічым, што асноўная частка фальсыфікацыяў адбываецца на папярэднім этапе, калі цяжка пракантраляваць сам працэс, тое што робіцца са скрынямі падчас іх знаходжаньня ў камісіях па-за працоўным часам. Вядома, мы не рэкамэндавалі б людзям хадзіць на датэрміновае галасаваньне. І нашы назіральнікі будуць адсочваць яўку і, па магчымасьці, ці ня будзе ўкідваньняў з боку сяброў камісій. Мы будзем інфармаваць грамадзтва, калі будзем бачыць факты парушэньняў».