«Самае простае — увогуле забараніць кандыдатам любую агітацыю»

Сяргей Альфер

У Беларусі трэба ўвесьці норму, якая забараняе кандыдатам у дэпутаты праводзіць агітацыю за байкот выбараў. Такое меркаваньне выказала падчас online-канфэрэнцыі на сайце БЕЛТА старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына. Як гэтая прапанова спалучаецца з існуючымі заканадаўчымі нормамі? Ці можна прагназаваць, што ўлады ўнясуць адпаведныя зьмены ў заканадаўства пасьля гэтай выбарчай кампаніі? На гэтыя пытаньні адказвае экспэрт у выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер.

— Як выглядае ініцыятыва Ярмошынай з пункту гледжаньня існуючага заканадаўства? Ці дазволена цяпер заклікаць да байкоту — як кандыдатам у дэпутаты, гэтак і шэраговым грамадзянам?

— Адзінае ўзгадваньне пра байкот знаходзіцца ў апошняй частцы 45-га артыкулу Выбарчага кодэксу, у якім сказана, што ў дзень выбараў агітацыя, у тым ліку агітацыя за байкот, забароненая. Артыкул гэты называецца «Перадвыбарчая агітацыя». І паколькі ў ім узгадваецца слова «байкот», то гэта азначае, што байкот зьяўляецца элемэнтам перадвыбарчай агітацыі. Таму ўсе суб’екты выбарчага працэсу маюць права займацца любым відам выбарчай агітацыі, у тым ліку агітаваць за байкот, калі яны лічаць гэта неабходным.

— Выглядае, што паводзіны тых кандыдатаў у дэпутаты, якія агітуюць за байкот, сталі для ўладаў даволі непрыемнай нечаканасьцю. Ваш прагноз: ці будуць пасьля выбараў унесены зьмены, якія забароняць гэта? І як гэта стасуецца зь міжнароднай практыкай?

— Як паказвае беларуская практыка, не бывае заканадаўства настолькі дрэнным, каб яго не зрабілі яшчэ горшым. Цалкам верагодна, што пасьля гэтай выбарчай кампаніі ў Выбарчы кодэкс будуць уведзеныя тыя забароны, за якія зараз выступае ЦВК. І тое, што кандыдат у дэпутаты ня можа быць даверанай асобай, і тое, што кандыдат ня можа выступаць за байкот.

Самае простае было б — увогуле забараніць кандыдатам у дэпутаты любую агітацыю. Зарэгістравалі, празь месяцы выбралі каго патрэбна, і ніякіх праблемаў.

Што тычыцца іншых краінаў, то беларуская сытуацыя тут вельмі ўнікальная. Такой сытуацыі, калі кандыдаты рэгіструюцца толькі дзеля таго, каб заявіць пра байкот — у сусьветнай практыцы такога яшчэ не было.