У Горках больш няма дома Гарэцкага

Your browser doesn’t support HTML5

У райцэнтры Горкі, што на Магілёўшчыне, разбурылі дом, у якім у дваццатых гадах мінулага стагодзьдзя жыў літаратар і грамадзкі дзяяч Максім Гарэцкі. На працягу васьмі месяцаў мясцовыя рупліўцы беларускай культуры спрабавалі бараніць гэты будынак. Райвыканкам заявіў, што дом аварыйны, а рамантаваць яго немэтазгодна.
Бурыць дом Гарэцкага на вуліцы Агранамічнай пачалі яшчэ на мінулым тыдні. У нядзелю ад яго застаўся толькі будаўнічы друз і адна драўляная сьцяна. Будынак ламалі экскаватарамі й маніпулятарам лесавоза, які адвозіў драўлянае ламачча на сьметнік. Будаўнікі кажуць, што на вызваленым месцы пракладуць дарогу да амфітэатру, дзе адбудзецца адкрыцьцё «Дажынак». Куды падзелася са сьцяны шыльда з апісаньнем, хто ў доме жыў, будаўнікі ня ведаюць.

Праца кіпіць на будоўлі амфітэатру. Дарога да яго вядзе празь зьнесеныя й адселеныя старыя дамы


За тым, як бураць дом, час ад часу прыходзілі паназіраць жыхары райцэнтру. Адна зь іх — спадарыня Лідзія:

«Гляджу й плакаць хачу. Як можна так бяздумна ўсё руйнаваць? Жыў жа тут Гарэцкі. Мне вельмі шкада, што ў нас не застаецца помнікаў. Так вось адным махам зруйнаваць! Я чытала, што будзе пакой, прысьвечаны Гарэцкаму. Ці вось дастаткова гэтага?»

Да гутаркі далучыўся й малады чалавек:

«Шчыра кажучы, я ня ведаю, чаму менавіта яго вырашылі зьнесьці. Ці так каму ён муляў. Ці, можа, тут новае што хочуць пабудаваць».

Аднаго з абаронцаў дома Гарэцкага, кандыдата гістарычных навук Аляксандра Каданчыка навіна пра разбурэньне будынка не зьдзівіла:

«У мяне тлела іскрынка надзеі, што ўлада апамятаюцца й знойдуць іншы варыянт. Цяпер роспач такая надышла… Я думаю, што на гэтым месцы зьявіцца таблічка, што на гэтым месцы стаяў дом, у якім жылі выдатныя, славутыя людзі. І добра, каб было напісана, што вялікая заслуга ў тым, што гэты дом зруйнаваны, належыць беларускай уладзе».

За час падрыхтоўкі Горак да «Дажынак» зруйнавалі ня толькі дом, у якім жыў Гарэцкі, а й яшчэ некалькі старых будынкаў непадалёк ад яго — на вуліцы Ціміразева. Некаторыя дамы абязьлюдзелі — жыхароў адсялілі. Амаль усім адсяленцам далі кватэры ў двух панэльных пяціпавярховіках на ўскрайку сельгасакадэміі.

Ці шкадуюць людзі пра зруйнаваныя дамы?

Спадар сталага веку: «Вядома, шкада. Там жа мы нарадзіліся, вырасьлі. Вядома, новыя кватэры — гэта добра, але ж гэтыя дамы страх як недабудаваныя. Нас перасялялі на працягу нейкіх двух тыдняў».

Спадар: «У тых дамах мая бабуля яшчэ жыла. Калі памерла, то ў спадчыну засталося. Праяжджаеш там — нешта такое ў душы ёкае. Там будзе зялёная зона».

Спадарыня: «Дужа шкада тых дамоў. Там ёсьць чым дыхаць. Там возера, там прырода. Навошта іх руйнаваць? Дамы ж крэпкія яшчэ. Іх не параўнаць з гэтымі дамамі».

Дамы, якім выпала ацалець, зьбіраюцца рамантаваць. У іх разьмесьцяць установы культуры.

Ацалелыя старыя дамы адсялілі й да «Дажынак» падфарбавалі.


Адзін зь іх — на вуліцы Мічурына. Былая жыхарка заяўляе:

«Сказалі, што будзе там музэй ці карцінная галерэя. Але ж мы думаем, што ў гэтым доме будзе элітнае жытло для высокапастаўленых чыноў. Як толькі гэты дом увядуць у жылы фонд, мы будзем падаваць у суд. Мы ня супраць вярнуцца назад і жыць у тым найпрыгажэйшым месцы».

Да адкрыцьця «Дажынак» засталося дзесяць дзён. На месцы зруйнаваных дамоў — рудыя зямельныя пляміны з кавалкамі нявывезенага будаўнічага друзу.

На гэтым месцы быў дом, які, як сьцьвярджаюць гісторыкі, спраектаваў італьянскі дойлід Кампіёні. Цяпер замест яго — рудая зямельная пляміна.