Фільм «Жыве Беларусь!» трапіў у сусьветную дыстрыбуцыю

Кадр з фільму "Жыве Беларусь!"

Прэм’ера фільму, верагодна, адбудзецца ў лістападзе, а паказы ў кінатэатрах — увесну.

Intramovies — італьянская кампанія, якая будзе займацца сусьветнай дыстрыбуцыяй фільму «Жыве Беларусь!». Пра гэта паведамілі ў Польскай дзяржаўнай кінастудыі (WFDiF).

Intramovies — незалежная кампанія, створаная больш за 40 гадоў таму, зьяўляецца міжнародным дыстрыбутарам фільмаў з усяго сьвету. Кампанія бярэ ў распаўсюд ня больш за 8–10 стужак на год. Многія зь іх атрымліваюць прызнаньне на міжнародных фэстывалях. Intramovies зьяўляецца афіцыйным дыстрыбутарам сотняў карцінаў, у тым ліку такіх рэжысэраў як Фэліні, Антаніёні, Пазаліні, Дэ Сіка, Бэрталючы, і іншыя.

Кампанія будзе прадстаўляць інтарэсы фільму, займацца яго прамоцыяй, прасоўваньнем на міжнародныя фэстывалі, паказамі ў кінатэатрах. Паводле прадстаўніка Польскай дзяржаўнай кінастудыі, мэта — каб фільм трапіў у кінатэатры Нямеччыны, Італіі, іншых краінаў.

Прэм’ера фільму, верагодна, адбудзецца ў лістападзе на адным з эўрапейскіх фэстываляў. А пракат у кінатэатрах, паводле папярэдняй дамоўленасьці, — увесну 2013 г.




ДАВЕДКА


Фільм «Жыве Беларусь!».

Прадукцыя: Польская дзяржаўная кінастудыя мастацкіх і дакумэнтальных фільмаў (WFDIF) і францускі Canal +.

Рэжысэр — Кшыштаф Лукашэвіч (рэжысэр «Лінч», 2 рэжысэр «Бітва Варшаўская 1920», асыстэнт рэжысэра «Агнём і мячом», Quo Vadis, аўтар сцэнару «Генэрал Ніл» і інш.).

Мастацкі кіраўнік, сцэнаграфія — Анджэй Галіньскі (жыве ў Канадзе) («Out of Reach» са Стывенам Сыгалам, «Агнём і мячом», «Mala Matura 1947» і інш).

Апэратар — Вітальд Сток (Вялікабрытанія) (сэрыял «Закон Мэрфі», «As if», «The Match»).

Сцэнар — Франак Вячорка і Кшыштаф Лукашэвіч.

У ролях: Караліна Грушка («Кісларод», «Капітанская дачка», «У жніўні

44-га»), Анатоль Кот («Акупацыя. Містэрыі», «Анастасія Слуцкая», «Маргоша», сэрыял «Салдаты» і г.д.), Зьміцер «Vinsent» Папко («Вышэй за неба»), Аляксандар Малчанаў (Купалаўскі тэатар, а таксама «Каменская», «Акупацыя. Містэрыі», «Цёмная ноч» і інш.), Раман Падаляка (Купалаўскі тэатар, а таксама «Сьляпое шчасьце», «На безыменнай вышыні», «Эрык 14»), Дзяніс Тарасенка (Свабодны тэатар, а таксама «Франц і Паліна», «Марго. Вогненны крыж», «Капітан Гардзееў» і інш.), Аляксандар Памідораў (шоўмэн), Павел Крыксуноў («Тутэйшыя»), Павел Гарадніцкі і інш.

http://www.youtube.com/embed/QseBzQiSXcY