Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чорны сьпіс» нядобранадзейных актораў


Анатоль Кот
Анатоль Кот

Паводле выканаўцы адной з галоўных роляў у мастацкім фільме «Жыве Беларусь!» Анатоля Ката, яму скасавалі кантракт на здымкі ў сэрыяле з працоўнай назвай «Сьляды апосталаў», які распачынае дзяржаўная кінастудыя «Беларусьфільм». Падстава — удзел у «нядобранадзейным» праекце.

Першы мастацкі фільм пра сучасны беларускі супраціў здымаўся цягам лістападу-сьнежня 2011 году ў Польшчы на дзяржаўнай кінастудыі «Wytwórnia Filmów Dokumentalnych i Fabularnych». Адзін са сцэнарыстаў — грамадзкі актывіст Франак Вячорка. Ён не хавае, што ў стужцы ўвасобленыя некаторыя дэталі ягонай біяграфіі. Фільм зьняты на аснове рэальных падзеяў і сабраў у сабе гісторыі і лёсы многіх людзей, якія праходзяць праз рэпрэсіі ў Беларусі. Бюджэт фільму — больш за 2 мільёны даляраў, замоўца і спонсар — Міністэрства культуры Польшчы. Рэжысэр стужкі — 35-гадовы паляк Кшыштаф Лукашэвіч, для якога гэта ягоная другая самастойная праца (у 2010-м як рэжысэр ён дэбютаваў фільмам «Лінч»).

Аснову карціны складаюць падзеі, якія адбываюцца ў цяперашняй Беларусі. Галоўны герой фільму — рок-музыка Мірон Захарка, якога іграе вядомы беларускі рэпэр Вінсэнт. Гэта зборны вобраз маладога змагара за свабоду сваёй Радзімы. Ролю ягонай сяброўкі выконвае польская акторка Караліна Грушка, вядомая беларускім гледачам па фільме Міхаіла Пташука «У жніўні 44-га» ў ролі Юліі.

Тым часам адна з рэдкіх кінастужак пра сучасную Беларусь і на беларускай мове стала раздражняльнікам для дзяржаўнага афіцыёзу. Як расказаў выканаўца адной з роляў актор Анатоль Кот, удзел у здымках каштаваў яму кантракту зь «Беларусьфільмам».

«Сапраўды, быў ужо расклад, графік, калі распачынаюцца здымкі. І ўвогуле былі дамоўленыя асноўныя моманты, уключна з тэрмінамі, засталося толькі падпісаць дамову. Але ж затэлефанавалі з кінастудыі, было толькі адно пытаньне: „Анатоль, ты здымаўся ў фільме „Жыве Беларусь!“?“ Я кажу: так, а што, нейкія праблемы? Там сказалі, што гэта насамрэч праблема, і вельмі відавочная. На самой справе сьмешна, дакладней — і сьмешна, і крыўдна, бо гэта проста невытлумачальна. Я сваім калегам тут, у Маскве, распавядаю гэтую гісторыю, дык яны спачатку гэта ўспрымаюць як жарт, а потым разумеюць, што вар’яцтва працягваецца. Магчыма, на „Беларусьфільме“ ўжо сапраўды існуе нейкі чорны сьпіс, ня ведаю, як гэта нават назваць, але гэта глупства такое, што проста няма слоў. Можна гаварыць пра маю грамадзянскую пазыцыю, пра маю годнасьць ці нягоднасьць, пра ляяльнасьць да кагосьці, але мне ўвогуле шкада, што мае калегі, якія жывуць у Беларусі, пакутуюць ад гэтага. На самой справе гэта жахліва, бо людзі займаюцца сваёй працай. А калі ты ня можаш нават нічога сказаць, то дзе мы жывём? Пра што казаць, калі людзі пляскаюць у далоні, а іх за гэта забірае міліцыя? Можна разважаць пра гэта, але ж бачыце, нават размаўляць пра гэта ўжо небясьпечна».


Анатоль Кот кажа, што сам яшчэ ня бачыў змантаванай вэрсіі фільму і вельмі зьдзіўлены, што на «Беларусьфільме» канчатковы варыянт ня толькі паглядзелі, але і ацанілі:

«На самой справе я яшчэ ня бачыў стужкі. У Варшаву мяне ніхто не запрашаў, у Каны я таксама ня езьдзіў. Таму самому вельмі цікава было б паглядзець. Але, ведаеце, калі існуе такая рэакцыя, якую мы маем на сёньняшні дзень, то хочацца верыць, і я маю такое спадзяваньне, што стужка на самой справе адбылася. Бо калі б не адбылася, то ўсё было б ціха. Памятаеце, у нас быў такі праект „Тутэйшыя“? Не хацелася б нікога пакрыўдзіць, але гэта быў, што называецца, першы блін. І, можа, таму, што ён не зусім атрымаўся, яго не заўважылі ні ўлады, ні ўвогуле гледачы. Ну, а калі ў гэтым выпадку так заўважылі, то толькі гонар стваральнікам. Значыць, пабачылі, бо нельга ж толькі па чутках забараняць людзей. Паводле трэйлеру таксама ўражаньня не складзеш, трэба глядзець цалкам. Таму ў мяне самога ёсьць моцнае жаданьне паглядзець. І хочацца толькі пажадаць, каб людзі і далей, наколькі гэта магчыма, працягвалі верыць і ў сябе, і ў лепшыя часы і для краіны, і для сябе. Найперш для сябе, бо калі будзе добра сабе і калі ты маеш годнасьць, то і краіне будзе добра».

На кінастудыі «Беларусьфільм» не камэнтуюць наяўнасьць так званага «чорнага сьпісу» забароненых актораў, называючы гэта «прыдумкай».

У сваю чаргу, аўтары фільму «Жыве Беларусь!» разьлічваюць перадусім на заходняга гледача, які зможа скласьці ўцямнае ўяўленьне пра апошнюю дыктатуру Эўропы.

Упершыню трэйлер стужкі быў паказаны на Бэрлінскім кінафэстывалі сёлетняй вясной, а прэм’ерны паказ адбыўся на знакамітым фэстывалі ў Канах. 23 ліпеня закрыты паказ фільму «Жыве Беларусь!» прайшоў у Варшаве. Афіцыйная прэм’ера прызначаная на верасень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG