Казус Солапа

Цэнтравыбаркам сёньня адмовіўся зарэгістраваць кандыдатам у дэпутаты грамадзяніна зь дзьвюма пагашанымі судзімасьцямі. Рашэньне не грунтавалася на законе і ніяк не было аргумэнтавана, нягледзячы на пратэсты сябраў ЦВК з дарадчым голасам.

Беспартыйны жыхар Слуцку, індывідуальны прадпрымальнік Аляксандар Солап падаў дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па 67-й выбарчай акрузе. Пасьля таго як камісія прыняла ягоныя дакумэнты, сярод падпісных лістоў знайшлі ксэракопію аднаго аркуша. Пры праверцы выбаркам Слуцкай акругі аднёс гэты аркуш да ліку недаставерных подпісаў і ў выніку адмовіў спадару Солапу ў рэгістрацыі. Апошні заявіў пра тое, што яму гэтую ксэракопію падкінулі ўжо ў камісіі:

Аляксандар Солап

«Сябры акруговай камісіі пры нас пералічвалі подпісы і аркушы. Ксэракопіі не было».

На думку спадара Солапа, мясцовыя ўлады падтрымліваюць пераабраньне дзейнай дэпутаткі Інэсы Кляшчук. Аднак загадчыца юрыдычнага аддзелу ЦВК Надзея Кісялёва, якая вывучала справу Солапа, заявіла, што фармальна акруговая камісія ня мела падставаў не рэгістраваць яго, бо адносіць выпадковую ксэракопію да подпісаў нельга, яе трэба проста выключыць з дакумэнтаў. Усё ішло да таго, што спадара Солапа ў ліку нямногіх шчасьліўчыкаў ЦВК зарэгіструе кандыдатам. Але раптам старшыня камісіі Лідзія Ярмошына дала слова сакратару Мікалаю Лазавіку:

«Са Слуцку на адрас ЦВК ідуць тэлефанаваньні з пытаньнем: каго вы вылучаеце? Прычым папрокі нам, хоць мы не вылучаем. І прычым даюць такую характарыстыку, што ў парлямэнт ідуць злачынцы».

Мікалай Лазавік на падставе даведкі са Слуцкага РАУС паведаміў, што Солап быў двойчы судзімы — першы раз у 2003 годзе быў асуджаны на 5 гадоў за ўгон аўтамабіляў, а пасьля датэрміновага вызваленьня ў 2005 годзе — да трох гадоў за скупку і перапродаж крадзенага і перабіўку нумароў. Мікалай Лазавік заклікаў ЦВК не зьвяртаць увагі на фармальныя юрыдычныя падставы і не рэгістраваць Солапа:

«Якой павагай можа карыстацца рэцыдывіст сярод сваіх выбарцаў?»

Спадар Солап на гэта адказаў, што ён чысты перад законам, што абедзьве ягоныя судзімасьці пагашаныя:

«Я за свае ўчынкі ўжо адказаў, прабачце мяне, калі ласка!»

Здарыўся рэдкі выпадак, калі ў ЦВК разгарэлася гарачая дыскусія. Сябры камісіі ад апазыцыйных партыяў з дарадчым голасам пачалі даводзіць, што паводле закону чалавек з пагашанай судзімасьцю мае права ўдзельнічаць у выбарах.

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін: «З пункту гледжаньня закону чалавек несудзімы на сёньня. Такі закон. Мяняйце яго, але пакуль ёсьць закон, дзейнічайце згодна зь ім».

Сяргей Калякін настойваў, што пытаньне аб судзімасьцях Солапа ўвогуле не стаяла ў парадку дня ЦВК, і сябры камісіі бяруць на сябе неўласьцівую ім функцыю. Сябар ЦВК Іван Шчурок яму запярэчыў:

«Я не юрыст, я настаўнік, і я не хацеў бы, каб такі чалавек вырашаў мой лёс, лёс маіх дзяцей і ўнукаў. Таму я катэгарычна супраць, каб такі чалавек быў дэпутатам».

Тут пануе нейкі сюррэалізм, заявіў сябра камісіі з дарадчым голасам ад АГП Віктар Карняенка, які назваў прапанову Лазавіка «раялем у кустах» і заклікаў спыніць судзілішча:

«Адкуль тут бяруцца нейкія доказы? А я ўвогуле не хачу, каб намі кіраваў той прэзыдэнт, які ёсьць, і змагаюся з гэтым законнымі сродкамі... Хто вам даў права галасаваць па кандыдатуры гэтага чалавека?»

Карняенку падтрымаў сябра камісіі ад БНФ Ігар Лялькоў:

«Па ўсіх фармальных прыкметах гэтае рашэньне акруговай камісіі павінна быць скасаванае. А ўсё астатняе —— лірыка».

Рысу падвяла Лідзія Ярмошына, якая заклікала прымаць не юрыдычнае, а палітычнае рашэньне і зазначыла, што яна сама такога кандыдата пабаялася б:
Магчыма, мы пабачым тэлешоў пра тое, што апазыцыя абараняе злачынцаў, прасоўвае іх на выбары

«Мы ўсё-такі зьяўляемся палітычным органам. Ня толькі з пункту гледжаньня юрыспрудэнцыі, але і вялікай палітыкі я прашу вас удзельнічаць у галасаваньні».

Такім чынам, ЦВК ухваліла палітычнае рашэньне і прапанавала спадару Солапу зьвяртацца ў Вярхоўны суд. Сябра камісіі з дарадчым голасам Сяргей Калякін мяркуе, што гэтая калізія была створаная адмыслова:

«Магчыма, мы пабачым тэлешоў пра тое, што апазыцыя абараняе злачынцаў, прасоўвае іх на выбары... Лічу, што было разыграна палітычнае шоў, таму што я не магу сказаць, што сябры камісіі настолькі непісьменныя, што не разумеюць, што ўхвалілі неправавое рашэньне... Тут псыхіятрыя павінна разьбірацца, што ж адбылося».


Свабода назірала за паседжаньнем ЦВК у рэальным часе


13:24 Уладзімер Малярчук з АГП абскардзіў рашэньне Вялейскай акруговай камісіі, якая яго не зарэгістравала, бо знайшла ў яго прададзенае ў 2006 годзе лецішча.

«Там было судзілішча. Ніводзін сябра камісіі не запытаўся, толькі галасавалі. Не далі мне магчымасьці нават паказаць дакумэнт», — паскардзіўся Малярчук.

ЦВК скасаваў рашэньне акруговай камісіі і зарэгістраваў Малярчука.

13:18 ЦВК пастанавіў не рэгістраваць Солапа.

12:44 Беспартыйны Аляксандар Солап заявіў пра фальшаваньне ягоных падпісных аркушаў Слуцкай акруговай камісіяй, а таксама пра незаконную агітацыю на прадпрыемствах за дзейнага дэпутата. Акруговая камісія знайшла ў Солапа шмат несапраўдных подпісаў, у тым ліку ксэракопію аднаго падпіснога аркуша замест арыгіналу. Аркуш падмянілі ў камісіі, заявіў Солап.

12:20 ЦВК разглядае скаргу актывіста АГП Міхаіла Барысава на Барысаўскую сельскую акругу. У ягонай дэклярацыі не знайшлі аўтапрычэпу. Прычэп не зьяўляецца транспартным сродкам, які трэба дэкляраваць, заявіў Барысаў.

Але ЦВК палічыла, што кандыдат мусіў падаць дэклярацыю на прычэп «Купава» як транспартны сродак. Васільеву адмовілі ў рэгістрацыі.

Калякін зазначыў з гэтай нагоды: «Якая лёгіка? Як залежыць удзел грамадзяніна ў выбарах ад прычэпу? Тут чалавеку проста ствараюцца бюракратычныя перашкоды».

12:18 ЦВК скасавала яшчэ адно рашэньне Лагойскай выбарчай камісіі пра нерэгістрацыю чальца Партыі левых «Справядлівы сьвет» Артура Эшбаева, які забыўся задэкляраваць 150 даляраў атрыманых з-за мяжы ад бацькі. ЦВК пацікавілася, зь якой прычыны яго арыштавалі нібыта за хуліганства. За арганізацыю народнага сходу, паведаміў Эшбаеў.

12:05 ЦВК высьветліла, што 33 подпісы за Каляку Лагойская выбарчая камісія прызнала несапраўднымі. На гэтай падставе камісія ня мела права адмаўляць у рэгістрацыі. Але ЦВК выявіла, што Каляка не падала заяву пра згоду балятавацца. На гэтай падставе ЦВК не зарэгістравала актывістку «Гавары праўду». Сяргей Калякін пры гэтым заявіў пра перадузятае стаўленьне акруговай камісіі. Каляка заявіла, што ў камісіі была нэрвовая абстаноўка і што да яе ставіліся перадузята.

11:53 Такія самыя прэтэнзіі мае да Лагойскай выбарчай камісіі актывістка кампаніі «Гавары праўду» Валянціна Каляка. Яна заявіла пра самаўпраўства камісіі і перадузятасьць у адносінах да яе.

11:.43 ЦВК скасавала рашэньне Лагойскай выбарчай камісіі і зарэгістравала беспартыйнага навукоўца Ягора Лебядка. Пераправерыўшы подпісы за яго вылучэньне, ЦВК знайшла шмат памылак у працы раённай камісіі.

11:11 ЦВК не задаволіў скаргу прадпрымальніка з Заслаўя Максіма Тамашэвіча. У дакумэнтах ён пазначыў, што мае дом, але не згадаў надзел зямлі, на якім стаіць будынак.

11:00 ЦВК не задаволіў скаргу былога міліцыянта з Жодзіна Анатоля Сімончыка, які цяпер працуе гендырэктарам з прадпрыемстваў. У яго знайшлі зашмат несапраўдных подпісаў. Грамадзкі актывіст з Жодзіна Аляксандар Ваўчанін назваў збор подпісаў за Сімончыка «падлогам».

10:20 Першай разглядаецца скарга вэтэрана вайны ў Аўганістане з Жодзіна Іосіфа Круглікава.

Круглікаў, выступаючы ў ЦВК заявіў: «Усё ўжо вырашана за выбаршчыкаў».

ЦВК ягоную скаргу не задаволіў

Калякін назваў анахранізмам тое, што ў законе прапісана, што выбаршчык павінен падпісваць падпісны ліст сваёй рукой. «Гэты артыкул трэба мяняць», — заявіў ён.


10:12 Паводле ініцыятывы сябраў ЦВК з дарадчым голасам, у парадак дня таксама ўнесены пункт пра перашкоды кандыдатам у агітацыі, цэнзураваньні выступаў на ТБ. Віктар Карняенка прывёў прыклад, калі замест выступу апазыцыйнага кандыдата трансьлявалі «Палянэз» Агінскага: «Пакуль не лебядзінае возера, але тым не меней гэта парушэнне права па агітацыю».

10:15 ЦВК пастанавіў, што скаргі Мірзаянавай, Лепіна і Казлоўскага будуць разгледжаныя заўтра.

10:00 ЦВК на пачатку паседжаньня вярнулася да ўчорашняга рашэньня адмовіцца разглядаць скаргі Людмілы Мірзаянавай, Гіеоргія Леніна і Паўла Казлоўскага, якія нібыта спазьніладся падаць дакумэнты. Сябра ЦВК з дарадчым голасам Сяргей Калякін кажа, што на пошце была тэхнічная затрымка.

29 жніўня ЦВК разгледзіць 11 скаргаў.

28 жніўня ЦВК разгледзіла 16 скаргаў ад незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты. Зь іх задаволілі толькі адну ад сябра партыі «Справядлівы сьвет» Людзьмілы Дзянісенка.