Кандыдат Яраслаў Берніковіч наведаў пракуратуру

У Глыбоцкай пракуратуры памочнік пракурора Валеры Дайлідзёнак узяў у актывіста пісьмовыя тлумачэньні наконт запісу ў фэйсбуку.

«Пытаўся, ці быў такі запіс з заклікам да байкоту. Я адказаў, што запіс быў, але на маёй асабістай старонцы. Хто хоча — чытае яе, а ня хоча, дык не чытае. Што там пісаць — мая асабістая справа. Але ніякага закліку да байкоту там не было. Сам я ўдзельнічаю ў выбарах і мала веру ў магчымасьць арганізацыі байкатаваньня. Але па-ранейшаму гатовы дапамагчы, калі нехта будзе гатовы адгукнуцца на гэтую прапанову», — сказаў Яраслаў Берніковіч.

Выклікаць Яраслава Берніковіча ў Глыбоцкую раённую пракуратуру ўжо спрабавалі і раней, аднак ён быў у ад’езьдзе, а потым пракуроры нібыта страцілі цікавасьць да яго.

Позва, якую атрымаў актывіст праз пошту, выпісаная на 9 раніцы 27 жніўня. Ідучы ў пракуратуру, Яраслаў Берніковіч сказаў Радыё Свабода:

«Гэта, напэўна, будзе працяг гісторыі з тлумачэньнямі наконт байкоту выбараў у Глыбоцкай выбарчай акрузе. Напрыканцы ліпеня я напісаў у фэйсбуку, што прыхільнікі ідэі байкатаваць выбары маюць магчымасьць увасобіць свае ідэі ў практыку менавіта ў гэтай акрузе, бо тут няма дэмакратычных кандыдатаў. Са свайго боку я паабяцаў падтрымку, калі ахвотныя зладзіць байкот знойдуцца. Я гатовы дазволіць на час агітацыйнай кампаніі карыстацца офісам маёй фірмы, а таксама ўсімі наяўнымі сродкамі сувязі — тэлефонам і інтэрнэтам. Дагэтуль канкрэтных прапановаў не паступала. Але некалькі дзён таму маю прапанову па арганізацыі сумеснай кампаніі актыўнага байкоту ў адной або некалькіх выбарчых акругах падтрымалі грамадзянская кампанія «Гавары праўду» і рух «За свабоду».

13 жніўня ў пракуратуру выклікалі незалежнага журналіста Кастуся Шыталя, які напісаў пра прапанову Берніковіча на незалежным сайце westki.info. Тады ж шукалі і Берніковіча, але ўручыць яму позву не ўдалося. Прайшло некалькі дзён, але пракуратура ня страціла імпэту, каб узяць тлумачэньні ў актывіста. На гэты момант ён зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты па Наваполацкай выбарчай акрузе № 25.